Сярэдняя школа ў аграрагадку Цяцерына Круглянскага раёна месціцца ў будынку, пабудаваным у стылі свайго часу — у 70-х гадах мінулага стагоддзя. Тым не менш школьны будынак выглядае сучасна і надзіва гарманічна ўпісваецца ў архітэктурную лінію населенага пункта. Па-новаму нязвыклае афармленне фасада і бакавых сцен установы і прылеглай да яе тэрыторыі прываблівае погляд кожнага, асабліва выпадковага наведвальніка. Таму хочацца разглядаць і чытаць выразы на транспарантах і бігбордах, учытвацца ў словы і формулы-падказкі (са школьных вакон яны добра відаць), намаляваныя на агароджах, назіраць за незвычайнымі птушынымі хаткамі-кааператывамі, прыстасаванымі на дрэвах насупраць школы. А яшчэ бачыць, як з густам пафарбаваны гаспадарчыя пабудовы, тратуар і веснічкі, скульптурныя кампазіцыі на перадшкольнай лужайцы, як адмыслова скампанаваны і размаляваны «падручнікі» каля ўвахода! Паволі пачынаеш усведамляць, што кожная частка школьнай прасторы ашчадна запоўнена важнай інфармацыяй, якую карысна ведаць і дзецям, і дарослым.
— Школа — храм ведаў, і гэтыя веды трэба атрымліваць не толькі на занятках, але таксама і па дарозе ў школу, і на перапынках, і ў абедзены час, — кажа кіраўнік Цяцерынскай альма-матэр Уладзімір Аляхновіч. — Парадак і культура нашай школы служаць прыкладам і выхоўваюць маладую асобу.
Дзякуючы Уладзіміру Адамавічу, я здзейсніў пазнавальную экскурсію па школе, і быў уражаны эстэтыкай афармлення карыдораў і вестыбюляў, прадметных кабінетаў, лесвічных пралётаў. Хоць летнія канікулы ў самым разгары, у школе было нямала настаўнікаў і тэхнічнага персаналу. Уразіў крэатыўны падыход да дызайну і змест афармлення кабінетаў патрыятычнага выхавання, хіміі і біялогіі, роднай мовы і літаратуры, фізікі, які толькі афармляецца — ва ўсім адчуваўся нераўнадушны погляд творцы.
— Усё робім сваімі сіламі, — кажа Уладзімір Адамавіч. — Два рабочыя, настаўнік працы з вучнямі старэйшых класаў — вось і ўся творчая брыгада.
Побач са школьнай тэрыторыяй пачынаецца ахоўная прыкрынічная зона, а сама крыніца --- помніка мясцовага значэння (другі па значнасці выток на Кругляншчыне). На школу ўскладзена адказнасць за парадак вакол сажалкі. «Сюды прыходзяць адпачываць нашыя аднавяскоўцы, асабліва маладыя матулі з дзецьмі!» — з гонарам зазначае дырэктар Цяцерынскай адзінаццацігодкі.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/fotarepartazh
[4] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[5] https://zviazda.by/be/tags/cyaceryn