Многія прыхільнікі творчасці Івана Буніна знаёмы з апавяданнем (некаторыя крытыкі называюць аповесцю) «Дело корнета Елагина». Сюжэтам для для яго стала забойства 19 чэрвеня 1890 года ў Варшаве актрысы Марыі Вісноўскай закаханым у яе карнетам Аляксандрам Барценевым. Аднак Іван Аляксеевіч не быў першапраходцам у мастацкім асэнсаванні згаданага выпадку. Па гарачых слядах яго з’явіўся раман «Болезнь века», напісаны саслужыўцам Барценева Юліем Яльцом.
Нарадзіўся Юлій Ялец (другі варыянт — Юліян) 6 ліпеня 1862 года. Дзе — невядома. Яго бацька, генерал-маёр Лук’ян Ялец, служыў у кавалерыі, паходзіў з дваран Гродзенскай губерні. Юлій пайшоў яго шляхам. Скончыўшы Акадэмію Генеральнага штаба, у 1888 годзе атрымаў накіраванне ў элітны, лейб-гвардыі Гродзенскі полк, які тады дыслацыраваўся ў Варшаве.
Сярод іншых вайскоўцаў вылучаўся любоўю да гісторыі, літаратуры. Бліжэй пазнаёміўшыся з палком, узяўся пісаць яго гісторыю. На гэта паўплывала, відаць, і тое, што захапляўся паэзіяй Міхаіла Лермантава, які некалі тут служыў. Аднак кумірам Юлія Яльца, як і ўсіх гусараў, з’яўляўся знакаміты генерал-кавалерыст Якаў Кульнеў, які на пачатак Айчыннай вайны 1812 года быў шэфам Гродзенскага гусарскага палка.
Увогуле, з гэтым палком звязаны лёс многіх вядомых людзей. Пра адных Юлій Ялец ведаў сам, пра іншых яму расказалі. І ў канцылярыі часці захоўваліся сякія-такія матэрыялы пра шлях, пройдзены імі. Але давялося шмат папрацаваць у архівах, музеях. Не толькі ў варшаўскіх. Выязджаў у Пецярбург, звязваўся з іншымі гарадамі. Балазе вышэйшае начальства, начуўшыся пра яго захапленне, стварала яму як мага больш прыдатныя ўмовы для даследчыцкай работы. Ведала яго і па газеце «Варшавский дневник», у якой ужо выступіў з шэрагам публіцыстычных матэрыялаў.
Супрацоўнікі яе, калі прызнаўся, што піша гісторыю свайго палка, пайшлі насустрач, прапанаваўшы сёе-тое апублікаваць. Неўзабаве на старонках газеты з’явіўся першы фрагмент з «Истории лейб-гвардии Гродненского гусарского полка». Следам былі наступныя публікацыі. Юлій Лук’янавіч змясціў у «Варшавском дневнике» і некалькі апавяданняў. Але асноўныя літаратурныя клопаты па-ранейшаму тычыліся напісання гісторыі палка.
Першы том выйшаў ужо ў 1890 годзе. Выданне атрымалася раскошным, са шматлікімі малюнкамі, партрэтамі. У «Истории...» прыводзілася шмат малавядомых фактаў. Гэта таксама выклікала зацікаўленасць ёю. Ды большы інтарэс уяўлялі тыя, што ў шырокі ўжытак былі ўведзены ўпершыню. Яны ж у томе пераважалі. Тыя, хто паспеў пазнаёміцца з ім, з нецярпеннем чакалі працягу аповеду. Але выхад другога тома запазняўся.
На тое некалькі прычын. Каб спраўдзіць спадзяванні чытачоў, Юлій Ялец па-ранейшаму вышукваў арыгінальныя факты, а гэта давалася не так лёгка. Што адразу кінулася ў вочы, было ўжо выкарыстана. Адцягвалі ўвагу і іншыя клопаты. Ды адступаць не збіраўся. Пабачыў свет другі том толькі ў 1897 годзе. Яго сустрэлі гэтаксама прыхільна, як і першы. Аднак з ім былі знаёмы не ўсе, бо той стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму праз год абодва перавыдалі пад адной вокладкай. Яны сталі настольнай кнігай і для даследчыкаў творчасці Міхаіла Лермантава. Ніхто так падрабязна не расказаў аб гэтым перыядзе ў армейскай службе Міхаіла Юр’евіча.
Усцешаны поспехам, Юлій Ялец стаў актыўней займацца творчай дзейнасцю. У немалой ступені на гэта паўплывала знаёмства, а пасля і сяброўства з пісьменнікам, гісторыкам і журналістам Усеваладам Крастоўскім. Даволі істотная розніца ва ўзросце (Усевалад Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1840 годзе) не перашкодзіла ім знайсці паразуменне. Гэтаму спрыяла агульнасць як эстэтычных, так і палітычных поглядаў. Дзякуючы Усеваладу Крастоўскаму, Юлій Ялец яшчэ больш захапіўся журналістыкай, а ў 1892–1895 гадах замест свайго старэйшага сябра выконваў абавязкі памочніка рэдактара «Варшавского дневника».
Калі Усевалад Уладзіміравіч памёр (1895), Юлій Ялец заняўся ўпарадкаваннем яго багатага творчага архіва. У тым жа годзе годзе выдаў у Варшаве ўласную «Памятку Гродненскому гусару». Дзеля хутчэйшай падрыхтоўкі Збору твораў Крастоўскага звольніўся са службы. Актыўна займаўся і ўласнай творчасцю: пісаў вершы, быў неабыякавым да драматургіі (кніга паэзіі «Отзвуки жизни» выйшла ў 1912 годзе, у тым жа годзе пабачыла свет і п’еса «Хмель жизни»). Стала прапісаўся на старонках ваенных і літаратурных часопісаў «Варшавский военный журнал», «Вестник русской конницы», «Воскресенье», «Европейская жизнь», «Нива», «Север» і іншых.
Аднак яго імя аказалася на слыху многіх усё ж пасля выдання ў 1892 годзе рамана «Болезнь века», які хутка разышоўся. З’явіўся ён яшчэ тады, калі ў памяці многіх было трагічнае здарэнне, пакладзенае ў яго аснову. Наколькі глыбока лёс Барценева ўсхваляваў Юлія Лук’янавіча, відаць са сведчанняў, прыведзеных ім у другім томе «Истории...». Ён быў перакананы, што выпадак патрабуе тлумачэнняў «не в защиту бывшего нашего товарища, а скорее в защиту полка». Хацеў «доказать, что корнет Бартенев поставил сам себя вне полковой корпорации и ее благородного влияния, покатившись по наклонной плоскости неврастении и алкоголизма, не мог поэтому удержаться за полковые нравственные устои». Быў упэўнены, што Барценеў не столькі злачынца, колькі ахвяра лёсу. У многім вінавата тая, у якую так безаглядна закахаўся.
Аднак папулярнасці «Болезни века» добрую паслугу аказала, сама таго не жадаючы, і крытыка. Яна паставілася да твора негатыўна, аб чым, у прыватнасці, засведчыў водгук у трэцім нумары часопіса «Русская мысль» за 1892 год. Рэзананс атрымаўся рэзка процілеглым таму, на які разлічваў рэцэнзент. Ён даводзіў, наколькі невысокія мастацкія якасці твора, а гэта па-свойму заінтрыгоўвала
Вісноўскую Юлій Ялец вывеў пад прозвішчам Львінскай, што падкрэслівае зададзенасць яе паводзін. Ігранёў жа (прозвішча таксама невыпадковае) прадоўжыў гульню, распачатую ёю, не здагадваючыся, што яму наканаваны пройгрыш. Прычына не толькі ў тым, што пакахалі адно аднаго двое маладых людзей з розных сацыяльных саслоўяў. Львінская ведала, што не можа быць вернай Ігранёву, бо ці то знаходзілася на ўтрыманні багатага амерыканца Броўна, ці то нават з’яўлялася яго жонкай.
Невядома, ці быў у Броўна прататып. Хутчэй за ўсё пісьменнік ішоў толькі ад уласнай творчай фантазіі. Аднак гэта не значыць, што тым самым хацеў захаваць чысціню мундзіра, каб з-за ўчынку Барценева не лягла пляма на ўвесь полк. Ён асуджаў сучасную яму моладзь: «...живут только сегодняшним днем и торопятся забрать от него всё, что можно. Это какая-то сплошная погоня за наслаждениями и деньгами для них».
Аднак стаўленне Юлія Яльца да Барценева (а не да літаратурнага персанажа) было адназначнае. У «Истории лейб-гвардии Гродненского гусарского полка» ён канстатуе, што Барценеў «в глазах полка не был, каким он являлся на суде, предумышленным убийцей». Хоць ён «заслуживал ни малейшего сострадания, раз мог остаться жить после всего происшедшего».
Пішучы раман, Юлій Лук’янавіч спрабаваў разабрацца ў тым, што прыводзіць да страты чалавекам пачуцця волі, а калі шырэй — да абясцэньвання чалавечага жыцця ўвогуле. Але, у адрозненне ад Івана Буніна, вялікае значэнне надаваў белетрызацыі, жадаючы любой цаной зацікавіць чытача. Сітуацыя, пакладзеная ў аснову твора, давала права на напісанне «бульварнага рамана». Маючы на ўвазе апошняе, часам даваў сабе паслабленне ў мастацкіх адносінах, гэта і выклікала ў яго адрас нападкі крытыка «Русской мысли», што месцамі нагадвалі тую ж бульварную лаянку: «всЁ, написанное автором, есть невозможная и непозволительная смесь бывшего в действительности с им самим измышленным, а может быть и почерпнутым из городских сплетен».
У 1896 годзе Юлій Лук’янавіч выдаў кнігу апавяданняў, што ўжо назвай гаворыць аб дакументальнай скіраванасці твораў, — «Из жизни». Багаты матэрыял назапасіў пасля таго, як, вярнуўшыся на службу, прыняў удзел у баявых дзеяннях Расіі ў Кітаі, уваходзячы ў склад міжнароднага экспедыцыйнага корпуса пад кіраўніцтвам генерала М. Ліпневіча. Вярнуўся цяжка параненым і ў 1903 годзе пайшоў у запас. З’явіліся кнігі нарысаў «Наша сила» (1901), «Жёлтое нашествие» (1903), «Надо знать своего врага» (1904).
Першы зборнік тэматычна звязаны з падаўленнем еўрапейскімі дзяржавамі Іхэтуаньскага паўстання. Як чалавек ваенны, ён быў на баку тых, хто, на яго думку, рабіў справядлівую справу, змагаючыся з агрэсіўным азіяцкім варварствам. У дзвюх наступных кнігах, з’яўляючыся прыхільнікам асаблівай місіі Расіі ў абароне цывілізацыі супраць наступу з Усходу, прадоўжыў гэтую тэму, хоць не абышлося і без нацыяналістычных закідаў.
У запасе знаходзіўся нядоўга. У руска-японскую вайну папрасіўся на фронт. Апынуўшыся ў дзеючай арміі, быў і карэспандэнтам газеты «Новое время». Пасля заканчэння вайны пасяліўся ў Пецярбургу, дзе ў 1908 годзе ў званні палкоўніка пайшоў у адстаўку. Ды не ўтрымаўся і чарговы раз вярнуўся на службу. З пачаткам Першай сусветнай вайны стаў ваенным цэнзарам, затым загадваў Бюро па апытанні інвалідаў, а таксама тых, хто ўцёк з палону. Не застаўся ў баку і ад рэвалюцыйных падзей 1917-га, аднак па-ранейшаму з’яўляўся прыхільнікам цвёрдай улады, таму і ўскладаў вялікія спадзяванні на Часовы ўрад. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі эмігрыраваў у Францыю.
Жыццё зводзіла Яльца з многімі цікавымі людзьмі. У ліку іх быў і вядомы філосаф Уладзімір Салаўёў, знаёмства з якім адбылося ў 1898 годзе ў Каіры. Пра сваю сустрэчу з Уладзімірам Сяргеевічам, а таксама пра іншыя значныя факты з асабістага жыцця расказаў у кнізе «Из моих скитаний» (1905). Уласна перажытаму знайшлося месца і ў кнізе «О, женщины!» (1912). У тым годзе, калі ўрачыста адзначалася 100-годдзе Айчыннай вайны 1812 года, выдаў кнігу, у якой падрабязна прасачыў жыццёвы і ваенны шлях Якава Кульнева.
Пісаў і ў эміграцыі. У апавяданнях, апублікаваных у «Русской газете», што выходзіла ў Парыжы, вяртаўся да свайго гусарскага жыцця і жыцця аднапалчан. А вось раман «На крестном пути» (1924) закранае падзеі 1917 года і Грамадзянскай вайны. У ім прысутнічаюць пэўныя аўтабіяграфічныя моманты.
Памёр Юлій Ялец 20 мая 1932 года ў невялікім гарадку Дылбек непадалёку ад сталіцы Бельгіі — Бруселя. Калі што і ўсцешвала яго, дык тое, што, напісаўшы раман «Болезнь века», стаў папярэднікам Буніна ў адлюстраванні гэтай тэмы. Хоць, бадай, і разумеў, што меў куды больш сціплы талент.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-marcinovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/yuliy-yalec
[4] https://zviazda.by/be/tags/ivan-bunin
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura