Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ТАА «ММПЗ-груп» у Міёрах. Прыбыўшы на прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка адразу перайшоў да справы. Прэзідэнт азнаёміўся з выстаўкай прадукцыі завода, пацікавіўся аб’ёмамі вытворчасці і наяўнасцю сыравіннай базы. Кіраўніку дзяржавы было даложана, што магутнасці прадпрыемства разлічаны на вытворчасць да 150 тысяч тон белай бляхі ў год. Гэтая прадукцыя запатрабаваная як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. Віцэ-прэм’ер Юрый Назараў растлумачыў, што перавага завода ў тым, што тут вырабляюць самую тонкую белую бляху на постсавецкай прасторы. Яна выкарыстоўваецца ў харчовай, парфумернай, нафтахімічнай прадукцыі. У Беларусі аб’ём рынку — каля 30-35 тысяч тон.
«Мы пераканаліся, што ўсё гэта трэба. І тое, што мы пачалі рабіць, — гэта вельмі патрэбнае. Гэта імпартазамяшчэнне, і як мінімум 35 тысяч тое мы можам спажываць унутры Беларусі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Аднак Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемства павінна абслугоўваць 100 працэнтаў беларускага рынку. «Цяпер шанс. Сёння мы свабодныя. Хлопцы (маецца на ўвазе Захад. — Зв.), вы супраць нас драконаўскія меры? Да пабачэння! Мы павінны выбудаваць, заняць свой рынак», — сказаў ён.
Таксама кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу тыдня прызначыць дырэктара на Міёрскі металапракатнага завода. «Ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута. У нас прадпрыемстваў такіх няма. Гэта суперпрадпрыемства. Тут проста трэба закасаць рукавы і вырабляць прадукцыю, збываць», — падкрэсліў ён. Як адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Юрый Назараў, па першапачатковых планах прадпрыемства ўжо даўно павінна было выйсці на праектную магутнасць. Але гэтыя планы былі правалены. Цяпер Урад разлічвае, што на поўную завод пачне працаваць у 2024 годзе.
«Каб на працягу тыдня тут быў завод з дырэктарам. Ніякага банкруцтва, ніякага антыкрызіснага кіраўніка. Будзе дырэктар — ён будзе займацца крызісам. Трэба спыніць усю гэту балбатню», — запатрабаваў Прэзідэнт.
У графіку рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы была і размова з работнікамі прадпрыемства. «Самы галоўны вынік майго наведвання: мы ўжо дамовіліся аб двух Героях Беларусі, якія выканаюць даручанае ім і атрымаюць зоркі героя. Гэты завод павінен нараджаць новых герояў для Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але хто менавіта атрымае такое высокае званне, кіраўнік дзяржавы не ўдакладніў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі прымалася рашэнне аб будаўніцтве ў Міёрах новага завода з прыцягненнем прыватнага інвестара, дзяржава падтрымала гэты праект. Бо такое прадпрыемства паспрыяла б развіццю раёна. Але ўласнікі свае абяцанні не выканалі, сарваўшы тэрміны ўвядзення вытворчасці ў эксплуатацыю і пачаўшы звальняць людзей. Больш за тое, яны аказаліся нячыстымі на руку. У ситуацыю ўмяшалася дзяржава, завод выйшаў з прастою і пачаў працаваць. «Ваш кіраўнік з сённяшняга дня — паўнапраўны дырэктар. Ніякіх банкруцтваў, ніякіх вытворчасцей — там чорт ведае што панавыдумвалі. З сёння вы працуеце як прадпрыемства беларускае, дзяржаўнае», — заявіў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што ўсе даўгі прадпрыемства дзяржава бярэ сябе. Па словах кіраўніка дзяржавы, ніякай цяганіны, ніякага банкруцтва больш быць не павінна.
Прэзідэнт заўважыў, што ранейшыя ўладальнікі завода яшчэ на стадыі будаўніцтва скралі ў прадпрыемства шмат грошай. Раней паведамлялася, што інвестар уклаў у прадпрыемства каля 400 млн еўра. Для гэтага банкамі былі выдадзены беспрэцэдэнтныя крэдыты. «Завод гэты столькі каштаваць не можа. Гэта мы бачым у першым набліжэнні. Значыць, тыя, хто абяцаў пабудаваць гэты завод, узялі крэдыты ў банках, замовілі, прывезлі абсталяванне, пабудавалі завод. Дорага. Дзе грошы? Гэта галоўнае пытанне да тых, хто сёння знаходзіцца ў следчым ізалятары» — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, ўсе хто праходзіць па крымінальнай справе, павінны кампенсаваць нанесеную дзяржаве і людзям шкоду.
«У крыўду мы нікога з вас не дадзім. Таму вы можаце спакойна працаваць. Завод будзе працаваць менавіта так, як мы некалі думалі. Вось мэта майго прыезду. Я хачу, каб вы працавалі, таму што вы — гэта ўвесь Міёрскі край. Калі ваш завод будзе працаваць, гэта пацягне ўвесь край уверх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Падчас размовы з калектывам Прэзідэнт адказаў на пытанне аб шляхах пераадолення эканамічных санкцый. Па яго словах, ва ўмовах санкцыйнага націску важна ведаць станспраў на прадпрыемствах, удзяляць увагу кожнаму, своечасова вырашаць праблемы. «Мы павінны прайсці кожнае прадпрыемства і паглядзець, што яму не хапае. Вось я і прыехаў паглядзець, чаго вам не хапае. Добрая пуга — вось што трэба. Можа, не столькі для вас, колькі для асобных, хто тут знаходзіцца. Я ведаю, што вы з задавальненнем будзеце працаваць. Вы асвоілі гэту складаную тэхніку, гатовы рабіць тонкі ліст, які робяць адзінкі прадпрыемстваў у свеце.Заказы ёсць.Вы гатовыя працаваць, але цяганіна... Узнікла праблема — яе трэба вырашаць, вырашаць імгненна», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што попыт на айчынную прадукцыю цяпер вялікі, прычым гэта датычыцца ўсёй лінейкі сельскагаспадарчай тэхнікі і камплектуючых да яе. «З Расіі немцы, амерыканцы пайшлі, якія купілі там заводы, — у нас адкрыўся рынак. Міністр прамысловасці дакладвае: мы не паспяваем для Растсельмаша ў Расіі камплектуючыя, якія яны просяць нас, зрабіць на Гомсельмашы. Попыт на нашу прадукцыю вялікі. Гэты час магчымасцей, і толькі тыя выйдуць з крызісу больш моцнымі, хто будзе бегчы. Пойдзем пешшу — нас дагоняць і раздушаць, затопчуць». — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб паводзінах палітыкаў, якія знаходзяцца ў кіраўніцтве Польшчы. «Паглядзіце ў Польшчы. Самая агрэсіўная ў адносінах да нас дзяржава. Не разумею — навошта? У нас жывуць этнічныя палякі, нармальныя людзі. Нядрэнна працуюць. Адзінкі ёсць ачмурэлыя, дык у нас і беларусаў такіх хапае. Нармальна можна жыць і працаваць. Чаго ім не хапае? Рэйтынг іх лідараў ужо ніжэйшы за 30%. Яны селі на амерыканскую кабылу і скачуць па Еўропе. Немцы іх ненавідзяць ужо вакол, але церпяць. Чаму? Таму што амерыканцы іх падтрымліваюць. Яны ўжо гатовы частку Украіны адцяпаць, Беларусь яны цалкам гатовы праглынуць. Не атрымаецца», — заявіў Прэзідэнт.
Паводле слоў беларускага лідара, нягледзячы на рыторыку і паводзіны некаторых палітыкаў, якія ўводзяць санкцыі, бізнес шукае шляхі ўзаемадзеяння. «Калі ім трэба вось гэтае „золата“, якое вы робіце (маецца на ўвазе прадукцыя ММПЗ), акольнымі шляхамі, як заўгодна, праз Афрыку, Азію, але мы яго прададзім, гэты тавар. І прадаем», — сказаў ён. На думку кіраўніка дзяржавы, цяжкасці з пастаўкай сыравіны таксама вырашальныя.
Прэзідэнт перакананы, што ў цяперашніх умовах у Міёрскага завода ёсць усё неабходнае для эфектыўнай работы. Адзначаецца невялікі дэфіцыт кваліфікаваных спецыялістаў, чалавек 60-80. Аднак Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вырашыць гэтае пытанне праз прыцягненне студэнтаў апошніх курсаў ВНУ і іх фінальнае навучанне на месцы. «Жыллё ёсць. Трэба — падтрымаем. Але гэта завод самы сучасны, яго нельга загубіць. Гэта малады завод для моладзі. Беражыце гэта прадпрыемства, для вас няма і не будзе ніякіх праблем, таму што прадукцыя , якую вы робіце, патрэбна ва ўсім свеце», — адзначыў беларускі лідар.
Адказваючы на пытанні працоўнага калектыву, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ісці па шляху стварэння буйных вытворчасцей у невялікіх гарадах, як гэта было, напрыклад, у Міёрах, немэтазгодна. Бо туды сыходзіць шмат кадраў і ў выніку ў сельскай гаспадарцы не хапае работнікаў. «Вы, як пыласос, з вёскі выцягнулі вялізную колькасць працоўных рук. А нам трэба і людзей карміць, Віцебшчына павінна сябе забяспечваць. Нам трэба, каб людзі на палях працавалі. А ў палях не хапае людзей. Таму гэта не той шлях, па якім мы пойдзем і будзем у маленькіх гарадах або паблізу гэтых гарадоў будаваць такія вытворчасці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Самы аптымальны варыянт, па словах Прэзідэнта, арганізацыя ў кожным раёне невялікай вытворчасці максімум на 60 працоўных месцаў. Адпаведныя даручэнні па стварэнні такіх аб’ектаў былі даведзены кіраўнікам райвыканкамаў. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава будзе займацца будаўніцтвам сацыяльных аб’ектаў. Па яго словах, дзяржава будзе старацца дапамагаць пры будаўніцтве жылля, але ў гэтым грамадзяне павінны ў асноўным разлічваць на ўласныя сілы і садзейнічанне работадаўцы. «Вы павінны самі зарабляць і будаваць разам з прадпрыемствам. Мы будзем падтрымліваць вашае прадпрыемства, каб вы будавалі арэнднае жыллё, каб гэтае жыллё належала вашаму заводу. Прыйшоў на завод — атрымлівай кватэру, сышоў — да спаткання. А куды дзявацца?» — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама звярнуў увагу на асабістую ініцыятыву мясцовага насельніцтва і іх адказнасць за развіццё рэгіёна, у якім яны жывуць: «Памятайце, што галоўная рухаючая сіла — гэта вы. Вы павінны працаваць, зарабляць, будаваць сабе жыллё з дапамогай дзяржавы і берагчы свой край. Не спадзявайцеся, што да вас хтосьці прыйдзе і нешта зробіць. Ведайце, што гэта ваша месца, для вас і вашых дзяцей, дзе вы будзеце жыць і працаваць».
Падчас размовым з калектывам Міёрскага металапракатнага завода кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанне наконт падатку на збор ягад і грыбоў. «Адкуль у вас гэта? Пакуль я Прэзідэнт — які падатак на грыбы і ягады?! Як мы возьмем з чалавека падатак, як палічым ягады і грыбы? Гэта дзікасць, дурнота поўная. Ніколі гэтага не было і быць не можа», — заяіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што людзі могуць спакойна, не турбуючыся аб якіх-небудзь падатках, збіраць грыбы, ягады і прадаваць іх, нарыхтоўваць. Гэта датычыцца і жыхароў прыгранічных рэгіёнаў, грамадзян іншых дзяржаў, якім таксама дазволена збіраць дзікарослыя расліны ў беларускіх лясах. «Чаму я сваім людзям павінен забараніць збіраць ягады і грыбы і прадаваць? Гэта глупства поўнае! Ды больш вы збірайце грыбоў, ягад і гандлюйце. Я, наадварот, прыхільнік таго, каб людзі на месцы зараблялі больш». — сказаў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час па ініцыятыве санітарна-эпідэміялагічных службаў была спроба забараніць людзям прадаваць уздоўж дарог прадукцыю з уласнага падвор’я, у тым ліку і сабраныя ў лесе грыбы і ягады. Матывавана гэта было клопатам аб бяспецы грамадзян. Аднак Кіраўнік дзяржавы запярэчыў, што людзі самі адказныя за сваё здароўе і могуць разабрацца, дзе і што ім купляць, таму лічыць патрэбным дазваляць такі гандаль.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/lukashenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/myorski-metalaprakatny-zavod