Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне пашырыць узроставы кантынгент: з гэтага тыдня пачнецца вакцынацыя ад каранавіруса дзяцей з 5 гадоў. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка, перадае [3] БелТА.
«З новаўвядзенняў гэтай прышчэпачнай кампаніі: спецыялісты дазволілі пашырыць узроставы кантынгент. Калі раней прышчэплівалі дзяцей ад 12 гадоў, то з гэтага тыдня можна прышчэпліваць ад 5 гадоў. Вакцына для іх — кітайская Vero Cell. Яна ж у асноўным прызначана для цяжарных. У Кітаі гэтай вакцынай прышчэпліваюць з 3 гадоў, мы пакуль што дазволілі з 5 гадоў», — сказаў Аляксандр Тарасенка.
Для астатняга насельніцтва рэкамендаваны вакцыны «Спадарожнік V» або «Спадарожнік Лайт» у залежнасці ад іх наяўнасці ў рэгіёнах. «Міністэрства аховы здароўя робіць акцэнт на рэвакцынацыі. Ахоп першаснай вакцынацыяй складае 70 працэнтаў насельніцтва. Калі гаварыць аб бустарызацыі, то людзі актыўна яе праходзяць, 27 працэнтаў ад колькасці поўнасцю прышчэпленых у нас ужо бустарызавана. Мы рэкамендуем рабіць бустар у жніўні-верасні, пакуль няма ўздыму захваральнасці», — адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач.
Рост захваральнасці на кавід у Беларусі чакаецца ў верасні. Паводле слоў спецыялістаў, пакуль чаканні пацвярджаюцца. «Чакаем, з улікам імуннай праслойкі насельніцтва, што новая хваля будзе не такой інтэнсіўнай, як папярэднія. Спадзяёмся, што захваральнасць будзе праходзіць пераважна ў лёгкай форме і лячэнне спатрэбіцца толькі амбулаторнае. На сённяшні момант у нас, як і ў суседзяў, цыркулюе ў асноўным (90 працэнтаў) амікрон-штам — падвіды ВА.4 і ВА.5. Яшчэ каля 10 працэнтаў прыпадае на стэлс-амікрон», — канстатаваў Аляксандр Тарасенка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] https://www.belta.by/society/view/minzdrav-razreshil-privivat-ot-koronavirusa-detej-s-pjati-let-517571-2022/
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/medycyna