Сёння аграрыі Брэсцкай вобласці пераадолелі рубеж у мільён тон намалоту збожжа. З гэтай падзеяй працаўнікоў вёскі павіншаваў старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка.
Губернатар прыехаў у поле да земляробаў «АграНіва» Камянецкага раёна. Да слова, камянецкія камбайнеры намалацілі 1000 тон зерня. Амаль даганяюць іх па намалоце хлебаробы Столінскага і Пружанскага раёнаў.
Усяго на Брэстчыне ўбрана ўжо каля 70 працэнтаў збожжавых і зернебабовых культур. Кіраўнік вобласці адзначыў, што два дзясяткі гаспадарак ужо справіліся з уборкай і пачынаюць дапамагаць суседзям.
Юрый Шулейка адзначыў, што сёлета ўраджайнасць практычна ўсіх культур вышэйшая за леташнюю. Чакаецца, што ў рэгіёне будзе атрымана 1 мільён 350 тысяч тон збожжа без уліку кукурузы. Зараз сабрана 99 працэнтаў рапсу, сабраны лён, і глеба рыхтуецца да пасеву азімага рапсу.
Яшчэ губернатар паведаміў журналістам, што абласныя дажынкі пройдуць сёлета 3 верасня ў Целяханах Івацэвіцкага раёна. Пасёлак рыхтуецца да свята.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-shuleyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo-2022