Па выніках сацыялагічнага апытання, самым папулярным друкаваным выданнем з'яўляюцца грошы. Але ж і газеты...
Іх (прычым з самай раніцы, свежыя) некалі вывешвалі на адмысловых стэндах, за шклом. Маеш час, — падыдзі, пачытай.
...Знаёмы журналіст расказваў, як аднойчы ледзь не дзяжурыў там: пазіраў, ці чытае хто яго першую нататку? І потым, згледзеўшы, што так (!), ледзь не скакаў ад радасці, ледзь не біў кулаком сябе ў грудзі: «Гэта я-я-я напісаў!..»
Цяпер тым, хто піша, куды прасцей: на сайт выдання зайшоў і тут жа ўбачыў колькасць праглядаў.
У «Простай мовы» (шматгадовай рубрыкі «Звязды») іх, на жаль, не дзясяткі тысяч, але ж... Дзве кніжкі абразкоў («Праз каханне», «Каб сказаць... І пачулі») выйшлі і нават распрадаліся. Магчыма, калі-небудзь выйдуць новыя...
А пакуль — так званы эксклюзіў: чытачам «Звязды»... З любоўю.
На добры толк фірменную краму «Камунаркі» добра было б назваць цукерняй, бо ёсць жа побач кнігарня, кавярня, пякарня (як былі і засталіся на гэтай зямлі цагельня, смалярня, лякарня), але...
На дзвярах магазіна — іншая назва, як і мова ўнутры, дзе ўжо зранку, хай невялічкая, але ж чарга. Займаем. Стаім. Прыкідваем, што купіць... А заадно — любуемся прадавачкай. Яна далёка не маладая, але вельмі сімпатычная: хораша прыбраная, спрытная, да кожнага новага пакупніка —
з усмешкай і з паважлівым: «Что для вас? Пожалуйста».
Мы, вядома ж, не папраўляем (хоць часам і падмывае...), проста кажам, што нам, калі ласка, трыста грамаў...
Рэдка, але ж цуды здараюцца: жанчына тут жа пераходзіць на першую дзяржаўную, усё, што трэба, узважвае, прадае, дзякуе за куплю і нават да наступнага пакупніка звяртаецца па-беларуску.
Драбяза, а прыемна!
І, як выглядае, не толькі нам, але і самой жанчынцы, усёй чарзе з прыезджых і тутэйшых, якім бы таксама... Эстафетай...
Марыць не шкодна. Шкодна, кажуць, не марыць.
У Машы новая лялька — вялікая, прыгожая, з доўгімі белымі валасамі, у блакітнай сукенцы...
Але ж гэта — сёння. Мама з Машай (ёй шэсць з палоўкай) назбіралі ў шафах розных большых і меншых латак, каб у вольны час шыць гэтай бландзінцы новыя штонікі і спаднічкі, блузачкі, шорцікі, шалікі, каб па-новаму яе прычэсваць і кожны строй нечым дапаўняць: калі бантам, калі паскам, стужкай, заколкай...
У суботу вось пазнавата сядзелі, але ж ляльку прыбралі — проста з ног да галавы!
Перад сном Маша яе дзеду прынесла. Сказала:
— На, паспі з ёй ночку. Раніцай бабуля адлупцуе.
У Лявоніхі — як у тога пана Быкоўскага, з паўвалочкі зямлі — толькі пад агуркамі...
Столькі ж — пад капустай, перцамі, баклажанамі, пад цяпліцамі — не кажучы ўжо пра бульбу. Вялікая сям'я: дарослыя дзеці, жанатыя ўнукі... Нехта будуецца, нехта вучыцца — грошы лапатай ніхто не грабе. І, дзякаваць богу, не адмаўляецца ні ад каша цыбулі, ні ад работы, найчасцей — па суботах-нядзелях...
«Ну, ці ўсё ж прапалолі?» — спыталі неяк у панядзелак. — «Якое там усё... — уздыхнула жанчына. — У мяне ж градку пакуль скончылі, у пачатку зноў зарасце. Ведама, дажджы... Палоць не паспяваем! Муж нядаўна падкалоў: маўляў, трэба святло на ўчастак «выкінуць», каб дня прытачыць... «Лепей, — кажу, — ты свой тэлевізар выкінь. А то сядзіш перад ім, як пень»... Праўду ж сказала! А ён пакрыўдзіўся. Кажа: «Давай і ложак тады... На сон жа болей часу марнуецца?»
...Нямецкая прымаўка: той, хто шмат працуе і ніколі не адпачывае, можа стаць самым багатым чалавекам. На могілках.
Пра вайну — адзінай унучцы — дзед расказваў шмат: што трэба, а што мо і не трэба — дзіцяці... Таму любую горку малая «брала» выключна з крыкам «За родину! За Сталина!», а ў садку часцяком прасіла: «Цёця, пачухай мне спінку, а то, мусіць, вошы заелі».
Не адступіла вайна і пазней, калі ўнучка хадзіла ў школу. Дзед ёй пра бой расказаў, у якім яго цяжка паранілі, разам з іншымі нежывымі пагрузілі на падводу, перавезлі ў нейкае гумно і пакінулі, каб пасля дажджу пахаваць у агульнай брацкай магіле.
Але да вечара дождж не сціх, а ноччу ён апрытомнеў — выпаўз на двор.
— Дык цябе маглі пахаваць? — спужалася дзіця.
— Маглі.
— А хто б тады маму радзіў?
— Тваю — ніхто.
— Дык што — выходзіць — і мяне б не было?!
— Выходзіць, што не.
...А так — дзяўчынка была, расла, у інстытуце вучылася — дзед пры кожнай сустрэчы «даставаў» — пытаў, ну калі ўжо замуж і дзеці? На што ўнучка неяк сказала:
— Вось добра, ты выжыў на вайне, маму нарадзіў. А нейкага салдаціка забілі — дзяцей не было. І ўнука няма таксама. За каго мне замуж ісці?
Рэха вайны — вечнае, бо не выйшла... Не нарадзіла.
Анекдот ці падстава на роздум. Адны крычалі: «Гэта наша зямля!», другія ў адказ: «Наша!..» Зямля, слухаючы іх, мудра ўсміхалася: «Гэта вы ўсе мае».
І хочацца, і колецца — гэта пра нас, жанчын. Адна вось дачку праведаць хацела — у суседняй вёсцы, за лесам, і ваўкоў баялася. Пяць дзён варажыла, ісці ці не ісці, — толькі потым сабралася. І да лесу яшчэ крочыла спакойна. А ўжо там... Ног пад сабой не чула, бо да ўсяго, каля сцежкі слупок убачыла — з надпісам: «Асцярожна, воўк у лесе!»
Ад страху, што зараз выскачыць, не помніла, як да вёскі дабегла — дачку спужала: маўляў, ваўкі... Толькі што «аб'яву» бачыла!
...Назад, дадому, яе ўжо з «аховай» праводзілі. І міма «аб'яўкі». Дачка ўслых яе прачытала: «Осторожно, валка леса!»
Апошнім часам папярэджанняў такіх неяк не відаць, затое зваленых дрэў...
Анекдот: калі пасадзіць адзін саджанец, то стане больш на адно дрэва, калі пасадзіць аднаго лесаруба, які займаецца незаконнай высечкай, то будзе больш на сотні дрэў, а калі пасадзіць аднаго чыноўніка, які дазваляе незаконныя высечкі, то будзе болей на тысячы... Мараль: саджайце правільна!
Максімка жыве ў Смаленску, размаўляе па-руску, а вось пісаць — хацеў бы па-нашаму, бо ведае (бабуля сказала), што многія словы як чуюцца, так і пішуцца: горад, веласіпед, малако, марожанае, бульба...
Хлопчык, дарэчы, вельмі любіць яе (і есці, і глядзець, як цвіце), злосных ворагаў ведае.
Не так даўно яны з бабуляй жукоў «скавародскіх» збіралі, дакладней — страсалі — у шырокае белае вядро, сачылі, каб не распаўзаліся, а ляжалі на дне, і здаецца, разам убачылі сярод тых паласацікаў ды лічынак... божую кароўку.
Хлопчык тады вельмі ўразіўся: як? Багоўка? Разам з жукамі? Яна ж магла загінуць?!
Бабуля глядзела ў вядро спакайней, бо ведала, дзе п'юць, там і льюць, дзе дровы сякуць, там трэскі лятуць. Дзе вайной ідуць на вінаватых, церпяць і бязвінныя.
Сярод так званых новых — рускіх, беларусаў — блізкіх знаёмых, на жаль, няшмат. Тут і цяпер — толькі пра яго і яе: бізнесмена (то-бок мужчыну) і бізнесвумен... Нават не лэдзі, бо яна, аднойчы займеўшы мужа, а за ім — фірму, кватэру, машыну, дом за кальцавой і г. д., тых, хто з нейкіх прычын не займеў, за людзей не лічыць: іх можна зневажаць, звальняць, не вітаць, а яшчэ і наадварот — ідучы насустрач, здалёк задзіраць галаву і з форсам праходзіць міма.
Ён — поўная супрацьлегласць: разумны, добры, вясёлы, любіць паганяць у футбол і пагуляць у дурня, хораша спявае, іграе на гітары, многім дапамагае: па-людску жыве з людзьмі. Вось і яны...
Нейкі год з юбілеем яго віншавалі, зладзілі канцэрт — да любімай песні (пра сінюю птушку) новы тэкст прыдумалі, пад апладысменты дружна праспявалі, а на апошніх акордах, з каша, дасталі... тую самую птушку (?) — жывую... курыцу, пафарбаваную ў блакіт.
Фурор быў проста неверагодны! Там, на рабоце...
Ды і дома дзеці пляскалі ў далоні, крычалі: «У-р-ра! У нас цяпер птушка шчасця!»
...Ноч і сапраўды яна пераночыла — назаўтра завезлі ў вёску, аддалі цешчы.
Тая, гаспадыня са стажам, не адразу пусціла яе да іншых — прыглядалася, шкадавала, думала, што з ёй рабіць, бо свойскія куры і праўда яе не прынялі: адна хадзіла — і дзень, і другі... На трэці «ўмяшаўся» певень: падышоў і зрабіў з ёй тое ж, што з белымі ды шэрымі.
Гэтага было дастаткова, каб іншыя ўбачылі, што на новенькай — нічога такога: птушка як птушка, хоць і блакітная.
...А ў гісторыі з бізнесвумен «пеўнем» выступіў дождж. Яна неяк з дому без парасона выйшла. І машына па дарозе зламалася — непадалёк ад работы. Прыйшлося бегчы.
Прычоску і макіяж трохі ўратавала сумачка, якую несла над галавой, а ўсё астатняе...
Цешча праўду казала: «Птушка як птушка...»
Дача, паводле слоўніка — загарадны дом (што часам гучыць загучна, бо не цягнуць на яго невялічкія зборна-шчытавыя пабудоўкі на «пядзях» зямлі... Як часам і засціпла, бо на абшарах — катэджы, палацы, асабнякі...
На гэтым розніца часам канчаецца, — з'яўляецца агульнае: дача, паводле гумарыстаў, — гэта месца, дзе саджанец становіцца дрэвам, семечка — агурком-бураком, а чалавек — ракам. Каб потым, разагнуўшыся, выдаць:
Чорт падбіў завесці дачу
На дурную галаву.
Я за ёй жыцця не бачу
І ўжо кінуць не магу!
Што, між іншым, чыстая праўда: той, хто дачу (хату ў вёсцы ці «соткі» ў горадзе) мае, часам марыць ад іх пазбавіцца, хто не мае —
завесці.
Васілеўна якраз з такіх, з апошніх — даўно купіла б, каб грошы былі, але іх няма і ў яе не будзе. А таму пакуль...
З горада выязджае ну вельмі рэдка: гады ў рады, як той казаў — разам з сябрамі кіруе ў вёску і ўжо там «адрываецца»: бачыць, што падрыхліць, што падвязаць, што прарваць-перасадзіць, паліць... Амаль без перастанку тупае, каб потым позна ўвечары пазваніць сваім сямейнікам (ад якіх залежыць, будзе ў іх дача ці не) і расказаць, якая ж асалода цэлы дзень хадзіць па жывой зямлі, нешта рабіць, вырошчваць — есці не крамнае, а сваё: з градак...
Надоечы, праўда, яна перастаралася, зашмат на сябе ўзяла — спіна забалела: назаўтра — нічога рабіць не змагла.
Але ж вечарам дачцэ ўсё роўна званіла: расказвала, якая ж асалода тут, у вёсцы, не... тупаць, а тупа (ці з кніжкай) пасядзець у альтанцы, паслухаць птушак, паглядзець на кветкі і траву, падыхаць свежым паветрам, адчуць, якое ж гэта шчасце — жыць... На зямлі... Чалавекам.
Валянціна ДОЎНАР
Ад яе ж.
Горад. Спешка. Таксі. Кіроўца, на шчасце, разумее з паўслова: рэзка зрываецца з месца, цісне на газ — хутка вязе і... «Ты, казёл! — крычыць некаму, абганяючы машыну, — заснуў там, ці што?..», «О-о... Вадзіла! — гэта ўжо іншаму. — Тры дні паварочваць будзеш?..», «Так... Баба за рулём... Гэта абзац! Гэта поўны абзац! Не, вы паглядзіце: налева з сярэдняга раду, — ты яшчэ ў трэці залезь!»
«Паслухайце, — як літасці прашу ў мужчыны, — а навошта вам так крычаць? Яны ж вас усё роўна не чуюць!» — «Ну і што, што не чуюць? — не мяняе тону кіроўца. —
А мне ж дык лягчэй!»
...Брат па няшчасці: ён — крычыць, я — пішу. З надзеяй, што нехта чуе
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/prostaya-mova-0
[4] https://zviazda.by/be/prostaya-mova