Купюры з «Банка розыгрышаў» фігурыруюць адразу ў дзвюх гісторыях на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Падрабязнасці паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС аблвыканкама.
Першы факт быў зафіксаваны ў Барані. У адной з мясцовых крам пры пераліку выручкі была знойдзена банкнота вартасцю 100 беларускіх рублёў. На ёй меўся надпіс, што дадзеная купюра не з’яўляецца плацежным сродкам. Аднак прадавец не заўважыла гэтага, калі з ёй разлічыўся пакупнік. Міліцыянеры ўстанавілі, што банкноту прынесла ў гандлёвы аб’ект мясцовая настаўніца. Жанчына расказала, што грошы знайшоў на вуліцы яе ўнук. Не пераканаўшыся ў сапраўднасці грошай, педагог адправілася ў краму і там купіла за яе ўпадабаны тавар.
А вось пажылая жыхарка абласнога цэнтра прыйшла з яшчэ адной сувенірнай банкнотай у банк. Пенсіянерка паспрабавала памяняць 1000 расійскіх рублёў. Касір адразу зразумела, што перад ёй несапраўдныя грошы і выклікала міліцыю. Падчас разбору жанчына расказала, што раніцай у панядзелак знайшла купюру ў сваёй паштовай скрыні. Узрадавалася поспеху і адразу пайшла ў абменнік.
УУС Віцебскага аблвыканкама нагадвае: будзьце ўважлівымі, калі да вас у рукі трапляюць грошы, сапраўднасць якіх выклікае сумненне. Не разлічвайцеся такімі купюрамі і не спрабуйце абмяняць іх. Адразу паведаміце аб падобнай знаходцы ў міліцыю.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc
[2] https://zviazda.by/be/tags/groshy