«Па даручэнні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі тут у Валяр'янаве адкрыты рынак, дзе ёсць магчымасць гандляваць людзям, якія займаюцца ўласнай вытворчасцю: вырошчваннем сельгаспрадукцыі, вырабам малочнай і мясной прадукцыі. Тут створаны добрыя ўмовы для гэтага. Мы бачым, што гандлююць тут не толькі фізічныя асобы, але і прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасцю і перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут можна набыць практычна ўсё...» Натхніўшыся гэтымі словамі Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, якая на мінулым тыдні наведвала рынак, вывучала цэны і асартымент, размаўляла з прадаўцамі і пакупнікамі, мы таксама вырашылі завітаць у Валяр'янава, якое ўжо стала брэндам фермерскага гандлю.
Валяр'янава — гэта не проста рынак або супермаркет, а гандлёвы чатырохпавярховы комплекс. Асаблівасць яго ў тым, што ў першую чаргу кіраўніцтва дае месцы фермерам і індывідуальным прадпрымальнікам, якія вырабляюць прадукцыю самастойна, хоць і не ў прамысловых маштабах.
Фермерская прадукцыя ўнікальная тым, што фермеры не выкарыстоўваюць хімічныя ўгнаенні і падкормкі для хуткага росту. Гадуючы, скажам, жывёлу, прымяняюць натуральны корм без антыбіётыкаў і дабавак. Таму іх прадукцыя на 100 % натуральная. Напрыклад, калі гэта каўбаса ці паляндвіца, то нічога, акрамя мяса, солі і спецый, у складзе няма. Калі гэта сыр, то ніякіх фарбавальнікаў, узмацняльнікаў смаку і кансервантаў там няма, толькі неразведзенае малако, ферменты, малочнакіслыя бактэрыі і соль.
Другая група арандатараў — фірменныя крамы беларускіх вытворцаў: агракамбінат «Дзяржынскі», «Вялес-Міт» (Маладзечанскі мясакамбінат), агракамбінат «Ждановічы», «Камунарка», «Чырвоны Бор», «Камплімілк» і шмат іншых.
Для зручнасці наведвальнікаў тут ёсць аптэка, заакрама, банкі, банкаматы, пара дыскаўнтараў, кветкавая крама, кавярні і кандытарская, супермаркет.
Гэты рынак — важнае месца для гурманаў і аматараў новых смакаў. Тут яны знойдуць рэдкія віды мяса: аленіна, мяса лані, кураня-карнішон... А яшчэ шакалад ручной работы, натуральны ёгурт. А колькі відаў фермерскіх сыроў!..
Беларускай гародніны на рынку хапае: агуркі, радыска, цыбуля, дробныя чырвоныя буракі, морква, гарбузы. Таксама ёсць беларуская спаржа і некалькі відаў салаты.
Асаблівая тэма — торты і пірожныя, пра гэта вам скажа любое дзіця. Тут можна набыць ласунак у кандытарскай, якая спецыялізуецца на савецкіх яшчэ рэцэптах. А нас жа прывучылі яшчэ з дзяцінства: савецкае — значыць натуральнае і самае смачнае! Склад сапраўды натуральны: ніякага маргарыну, раслінных вяршкоў, пальмавага алею. Праўда, і цана адпавядае зместу.
— З-за ўпакоўкі многія думаюць, што ў нас завадскія торты, але не, мы іх робім у сямейнай кандытарскай у Стоўбцах, — распавядае прадавец Пятро. Ён, вядома, не наняты чалавек з боку, а частка той самай сям'і, якая займаецца тортамі.
Канкрэтна тут, у Валяр'янаве, торты і пірожныя са Стоўбцаў з'явіліся нядаўна. Як ідзе продаж? Ды нармальна, а вось старажылы рынку распавялі, што адчулі адток кліентаў у апошні час.
Валяр'янава — рынак выхаднога дня, у будні пакупнікоў амаль няма, затое з абеду пятніцы і да нядзелі тут чэргі. Як сказалі тыя, хто працуе тут даўно, на гэтым рынку закупляецца «беларуская Рублёўка». Цэны высокія, але сюды ходзяць тыя, хто можа сабе гэта дазволіць. «Да нас сюды наўрад ці хтосьці паедзе з Мінска за тортам. Нашы пакупнікі — у асноўным тыя, хто жыве тут побач: Валяр'янава, Бараўляны».
«На жаль, пенсіянеры сюды асабліва не ездзяць. Калі бабулька захоча прыехаць у Валяр'янава, ёй давядзецца спусціцца з моста. Калі яна сяк-так спусціцца, то назад з пакетамі ёй забрацца і ехаць на грамадскім транспарце. Хоць тут добра: чыста, прадукцыя найлепшая, лабараторыя нас правярае», — кажа Вадзім з саміх Бараўлян, які працуе тут з адкрыцця.
Ён расказвае, што ў яго асабістая падсобная гаспадарка, дзе ўся немалая сям'я (яны з жонкай, цешча і яго бацькі) займаецца арганічнымі малочнымі прадуктамі, якія потым і прадаюць у Валяр'янаве.
Тварог з казінага малака ў Вадзіма каштуе 23 рублі за кілаграм, сыры — каля 50 рублёў за кілаграм.
У Яўгена, які прадае аленіну і каніну, наконт пенсіянераў у аляр'янаве крыху іншае меркаванне:
— Ці бываюць у нас пенсіянеры? Так, якія жывуць не на адну пенсію. Раней людзі казалі: «Ой, алені, іх так шкада», а потым зразумелі, што гэта смачна. У нас свежая аленіна, лань, ласіна часам бывае. Мяса лася падобнае на цяляціну, мы прадаём далікатную, маладую. Раней было як: падстрэліў бацька лася, мяса вымочваюць два дні, забіваюць халадзільнік на некалькі тыдняў. У нас па-іншаму. У нас ёсць тушаная кансерваваная лань, яе падрыхтаваў харчовы камбінат у Маладзечне для нас з нашай сыравіны.
Ахалоджаная аленіна каштуе ад 21 да 65 рублёў. Самае таннае — галёнка, дарагое — выразка.
— Каўбаса па 70 рублёў — неяк дарагавата.
— Кошт выйдзе ад 10 да 20 рублёў, не так дорага. Некаторыя бяруць палову палкі. У нас ёсць тыя, хто купляе на 200 рублёў, хтосьці бярэ і на 10. У мяне часта рабрыны аленя на зніжцы, якраз па 10 рублёў за кілаграм.
Калі хочаце чагосьці прасцейшага — вось ялавічына, якую бывае складана знайсці ў крамах. Каштуе каля 20-30 рублёў за кілаграм. За прылаўкамі стаяць нанятыя прадаўцы. Адкуль мяса? Ды адусюль: «іпэшнік» скупляе ў насельніцтва і вязе сюды. Тое, што насельніцтва як фізасобы само не прадае мяса на рынку — гэта, вядома, не вельмі добра. Чаму? Ну, для многіх гэта клопат, трэба розныя даведкі мець, у тым ліку і санітарныя, шмат часу траціць на прастойванне за прылаўкам... А калі ж гаспадаркай займацца? Так што тут ёсць тлумачэнне.
Хтосьці лічыць, што курыца — даступнае таннае мяса. Так, калі яно не з Валяр'янава. Бройлерныя куры — па 16 рублёў, супавыя — па 22, дробныя кураняты — па 28 і кураняты — карнішон — па 30. Хто ён — гэты «карнішон»?
Нам тлумачаць: карнішон — гэта кураня ўзростам да трох тыдняў, ідэальае для грылю, добра прапякацца — не так, як звычайная дарослая курыца.
Куды б ні падыходзіў, чуў прыкладна аднолькавае: так, можа, у нас і дорага, але не абавязкова браць кілаграм. Напрыклад, мяса трусоў часта бяруць невялікімі кавалачкамі — маладыя бацькі купляюць для маленькіх дзяцей. Трусяціна — мяса далікатэснае, смачнае, дыетычнае — на любы кашалёк. Пытанне — ці паедзеце вы за МКАД, каб «узяць няшмат».
Беларускі сыр па 50 рублёў яшчэ не самы дарагі. Ёсць і за 150 з Докшыцкага раёна, на цэнніках паказваецца кошт за 100 грамаў. Вось так: адны кажуць, што ў вёсцы няма чым заняцца, няма ні работы, ні заробку. Іншыя ў вёсцы робяць крафтавыя сыры па цане ў палову пражытковага мінімуму за кілаграм. Хіт продажаў — запечаны адыгейскі сыр па 40 рублёў за кілаграм, падобны на сырнікі. Людзям падабаецца.
Беларускія смаўжы пад соусам? Ды каго сёння імі здзівіш! Упакоўка 12 штук па 25-27 рублёў, 18 штук — па 35 рублёў. Алена распавядае, як гатаваць: 7-8 хвілін у духоўцы або на патэльні пад крышкай да закіпання падліўкі.
Падыходзім да Міколы, які прадае хлеб па 5-6 рублёў за бохан і пірагі па 26-28. Мужчына хваліцца: пра іх пякарню ў Заслаўі пісала нават прэса. На жаль, цяпер пякарні няма: бізнес аказаўся нерэнтабельным і складаным.
— Мы адмовіліся ад пякарні, таму што арэнда, «камуналка» ўсё з'ядалі, энтузіязм вычарпаўся. Цяпер з дачкой пячом дома, у печы, балазе ў мяне вялікая кухня, 22 метры, і на ёй вельмі душэўна. Тут, у адрозненне ад пякарні, мы нешта зарабляем — працуем не ў мінус і не ў нуль...
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
За невялікі перыяд работы гандлёвага аб'екта ўжо можна смела казаць аб паспяховасці прадпрыемства. Кіраўнікі рынку робяць акцэнт на якасныя і чыстыя прадукты, якія фермеры вырошчваюць уласнымі рукамі. Свежая садавіна і гародніна, рыбныя і мясныя вырабы пакідаюць здаволенымі амаль усіх наведвальнікаў.
Старшыня Бараўлянскага сельскага Савета Сяргей Кандрашын адзначыў каштоўнасць Валяр'янава для мясцовых жыхароў:
— У першую чаргу, вядома, хочацца адзначыць саміх людзей, якія знаходзяцца ў добрым настроі пасля наведвання рынку. Раней тут увогуле нічога не было, а цяпер жыхары Бараўлян і госці з Мінска могуць размясціцца на зручнай паркоўцы або дабрацца да Валяр'янава хуткім транспартам. Здаецца, прадпрыемству ўдалося стварыць менавіта тыя ўмовы, якія радуюць як прадаўцоў, так і пакупнікоў. Гандлёы пункт робіць упор на сезонную прадукцыю, але адрознівае Валяр'янава ад іншых, вядома, кантроль за якасцю.
— Звычайны спажывец можа набыць нешта больш танна на іншых рынках або ў гандлёвх пунктах, — працягвае Сяргей Анатолевіч. — Аднак ён не ведае, што гэта за прадукт — дзе яго збіралі, што з ім рабілі і гэтак далей. Тут жа кантроль якасці Валяр'янава дае сваім наведвальнікам упэўненасць. Нараканняў у жыхароў Бараўлянскага сельсавета няма. Выбар для пакупнікоў сапраўды вялікі, таму прыязджайце і ацаніце самі рынак!
Аляксей КАРПУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/daniil-hmyalnicki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyaryanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/gandl