Участковы інспектар міліцыі атрымаў інфармацыю аб тым, што наёмны па дагаворы 31-гадовы кіроўца КСУП «Ельск» крадзе збожжа новага ўраджаю. Разам з рэйдавай групай Гомельскага АМАПа звесткі праверылі. Яны поўнасцю пацвердзілася.
Як паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама, скрадзены авёс знайшлі на падворку ў вёсцы Двіжкі. Высветлілася, што збожжа яму прывёз перавозчык, які аказваў дапамогу сельгаспрадпрыемству. У гэты дзень мужчына на зернесушылцы засыпаў кузаў асабістага МАЗа збожжам і з’ехаў на выгрузку на склад. Але на месцы выгрузіў толькі частку змесціва. Астатняе вырашыў рэалізаваць.
6,2 тоны аўса на агульную суму больш за дзве тысячы рублёў вернута гаспадарцы. Следчымі ў дачыненні да мужчыны заведзена крымінальная справа па факце крадзяжу.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/avyos
[2] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[3] https://zviazda.by/be/tags/kryminal