Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам. Паколькі яны толькі ўваходзілі ў шырокі гандаль, іх кошт, адпаведна, быў даволі высокі. Куплялі ў асноўным невялікімі партыямі. Сёння прапаноў хапае. А справа ў тым, што ягады сталі выгаднай культурай як для прыватных гаспадарак, так і сельскагаспадарчых кааператываў. На адной з самых вялікіх плантацый Гродзенскай вобласці, СВК «Прагрэс-Верцялішкі», пабывала і карэспандэнт «Звязды».
З начальнікам вытворчага ўчастка СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Сяргеем Сакутам мы дамовіліся сустрэцца ў другой палове дня. Шукаць плантацыю не прыйшлося — яна раскінулася ўздоўж даволі ажыўленай трасы. А вось дабірацца да суразмоўніка прыйшлося амаль праз усё поле. Добра, што выпадкова наткнулася на юнака, які аказаўся яго сынам і прывёў мяне да бацькі на пагрузачны пункт. Дарэчы, хлопец і сам дапамагае на пагрузцы ягад.
Трэба сказаць, надвор'е ў той дзень выдалася надзвычай гарачае. Але для буякоў гэта — спрыяльны фактар. Вось толькі сёлета такіх дзён недастаткова для добрага ўраджаю, заўважае Сяргей Сакута. Ды і замаразкі начныя трымаліся амаль да 10 мая. У параўнанні з мінулым сезонам, збор ягад пачалі на два тыдні пазней. Сапраўды, на плантацыі яшчэ значная частка зялёных. Збор вядзецца ў некалькі этапаў. Напрыклад, цяпер ідзе другая хваля, праз тыдзень-другі пачнецца канчатковы збор.
— Сёлета ўраджай не такі, як іншыя гады, у тым ліку і леташні, — адзначае начальнік участка. — Гэта звязана як з надвор'ем, так і з амалоджваннем плантацыі. Восенню мы абрэзалі старыя галіны, адпаведна, і ягад на кусце менш. Але гэта працуе на перспектыву, бо кустам трэба даць адпачыць. У наступным сезоне «запрацуюць» і маладыя галіны.
«Прагрэсаўскай» плантацыі — 15 гадоў. І гэта яшчэ даволі малады ўзрост, бо кусты могуць пладаносіць і да 100 гадоў. Ураджайнасць — кілаграм з куста. Пры добрым раскладзе можна атрымаць тры кілаграмы. Сёлета сітуацыя іншая — разлічваюць на больш сціплы ўраджай — 1,5-2 кілаграмы. Тым не менш, культура для гаспадаркі выгадная. Частка ягад ідзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю. Забяспечваюцца і ўсе 10 фірменных крамаў прадпрыемства, у тым ліку павільёны на рынках.
— Ягады прадаём свежыя, не марозім. Яны добра захоўваюцца пры тэмпературы чатыры градусы ад 7 да 14 дзён. А некаторыя сарты і да месяца ляжаць. Рэалізацыя ідзе нядрэнна, сярэдняя цана — 12-13 рублёў за кілаграм. Яна на ўзроўні мінулага сезона. Увогуле такая цана трымаецца некалькі гадоў, — заўважае суразмоўнік.
Магчыма, гэта звязана з тым, што колькасць прапаноў з кожным годам павялічваецца. Буякамі цяпер займаюцца як фермеры, так і сельгаскааператывы. Многія культывуюць кустарнікі на сваіх прысядзібных і дачных участках. Наватарам у дадзенай справе стала Брэсцкая вобласць, дзе больш за ўсё такіх плантацый. Менавіта адтуль, з Івацэвіцкага раёна, прывезла гродзенская гаспадарка і свае першыя саджанцы. Пачыналі з трох гектараў. Паступова давялі плошчы да 12. Налета мяркуюць павялічыць яшчэ на 5 гектараў. Гэта будуць ужо ўласныя саджанцы, якія, дарэчы можна набыць і на самой плантацыі за пяць-сем рублёў. Сорт — блюкроп.
— Попыт на саджанцы расце, і вельмі істотна, — кажа начальнік участка. — Цяпер амаль на кожным падворку хоць пара кусцікаў, але ёсць. У многіх і да тысячы даходзіць, па 100, 500 саджанцаў бяруць. Тут паўсюдна лёгкія землі, галоўнае — правільна стварыць яму для пасадкі, унесці кіслы торф, патрэбныя пілавінне, кара. Паколькі тут пяскі, у нас наладжаны кропельны паліў.
На зборы ягад працуе штодзень 50—70 чалавек. У асноўным — свае, тутэйшыя. Але на работу ахвотна бяруць і гараджан. У брыгадзе нямала студэнтаў. У сацыяльнай сетцы створана група, дзе можна даведацца аб прапанове і заявіць аб сваім жаданні папрацаваць. Для падвозу на палеткі гаспадарка выдзяляе аўтобус.
Пры добрым ураджаі можна зарабіць да 100 рублёў у дзень. Для гэтага трэба сабраць 120 кілаграмаў ягад. У асноўным збіраюць 60—80.
Работа ручная, хоць ёсць і спецыяльныя камбайны. Праўда, іх кошт дасягае паўмільёна долараў і разлічана такая тэхніка на вялікія плошчы — 200-300 гектараў. Таму гаспадарцы набываць такі камбайн асаблівай нагоды няма.
Сваім вопытам падзялілася маладая зборшчыца Вікторыя. Заўважаю, што яна моцна загарэла. Прытым, што працуе толькі другі дзень. Гэта і зразумела — амаль сем гадзін на адкрытым сонцы. Аказалася, што Вікторыя прывычная да такой работы. Другі сезон яна бярэ водпуск, каб мець дадатковы заробак.
— Тут можна зарабіць, — кажа яна. — Усё ў тваіх руках — колькі збярэш, так і атрымаеш. За сезон можна і тысячу рублёў зарабіць. Я пакуль сабрала 80 кілаграмаў, летась і па 116-120 кілаграмаў збірала ў дзень. Есці ягады ніхто не забараняе, але падчас работы больш думаеш аб тым, каб больш сабраць.
На плантацыі працуе нямала студэнтаў. У іх ліку будучы медык Рыхард. Прыехаў на канікулы да бабулі і вырашыў крыху падзарабіць да стыпендыі. Кажа, што двухлітровае вядзерца набіраецца даволі хутка, падчас гутаркі студэнт якраз напоўніў 10-літровае вядро. Ён звяртае ўвагу на спрыяльны фон для работы — гоман птушак, лес і спакойную атмасферу. Кажа, што ніхто не крычыць, наадварот, многія жартуюць, а кіраўнікі вытворчага працэсу добра ставяцца да зборшчыкаў. Рыхард мяркуе і далей працаваць на зборы ягад.
Знаёмлюся з іншымі прадстаўнікамі студэнцкага дэсанта. Арцемій вучыцца ў БНТУ, а родам з суседняга аграгарадка Абухава. Аб магчымасці падзарабіць расказалі знаёмыя. Тэмпы работы ў хлопца высокія. Кажа, што за дзень мяркуе набраць да ста кілаграмаў. Мэта — набыць новы ноўтбук. Тут яму дапамагаюць сястра Марыя — студэнтка Гродзенскага медуніверсітэта, бабуля, Марыя Афанасеўна. На плантацыю сямейная брыгада прыехала сваім транспартам.
— Я дзеля ўнукаў прыехала, яны малайцы, не лянуюцца, добра працуюць, многа збіраюць. Баюся толькі, каб унучка не абгарэла на сонцы, — непакоіцца бабуля.
І сапраўды, сонца даволі пякучае. «Такое надвор'е не кожны дзень, — зноў уступае ў гутарку Вікторыя. — З іншага боку, для буякоў патрэбнае менавіта сонца, інакш яны не будуць спець».
У мінулым сезоне з плантацыі сабралі каля 70 тон, але сёлета будзе крыху менш з-за амалоджвання кустоў, адзначае начальнік участка. Тым не менш, у гаспадарцы набылі пэўны вопыт у вырошчванні і ўпэўніліся, што гэтыя ягады — перспектыўная культура, таму і вырашылі значна павялічыць плошчы. У гаспадарцы таксама разглядаюць магчымасць культывацыі ягад гаджы. Іх развядзеннем займаецца суседняе сельгаспрадпрыемства. Праўда, перавага застаецца за праверанымі часам буякамі, якія прыйшліся даспадобы беларускім спажыўцам.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodzenskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/buyaki
[6] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadrka