На ўзвядзенне збудавання культавага прызначэння пайшло каля года. Цікава, што гэта цалкам адноўлены праект Аляксандраўскай капліцы 1880-х гадоў. Яна знаходзілася насупраць Гомельскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора, каля тэрыторыі цяперашняй плошчы імя Леніна. Месцам для ўзвядзення сучаснай капліцы ў імя святога князя Аляксандра Неўскага абрана тэрыторыя на перакрыжаванні цэнтральных вуліц Савецкай і Кірава. Як вядома, побач цяпер працягваецца будаўніцтва новага Свята-Троіцкага храма. Разам з капліцай яны створаць адзіны архітэктурны комплекс.
— Унутры ўстаноўлены тры кіёты. У цэнтры — з іконай святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Лявей — з іконай свяціцеля Іаана Златавуста, у дзень памяці якога быў вызвалены Гомель. Правы кіёт — з вобразам святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца як сімвал заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і перамогі нашага народа, — звярнуў увагу архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.
Як было адзначана, у капліцы будуць захоўвацца 990 капсул з зямлёй з брацкіх магіл і воінскіх пахаванняў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама дзве капсулы з зямлёй з мемарыяльнага комплексу «Азарыцкі лагер смерці» Калінкавіцкага раёна і мемарыяла «Помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў Чырвоным Беразе на Жлобіншчыне.
— У Беларусі свята шануюць герояў, якія аддалі свае жыцці за мірнае неба, незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы. Толькі ў нашым рэгіёне 1200 воінскіх пахаванняў. Імёны і подзвігі салдат, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы, назаўжды захаваюцца ў нашых сэрцах, — падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, які прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця капліцы ў памяць аб воінах-вызваліцелях. — Праваслаўная царква ва ўсе часы моліцца аб спачыне загінулых за веру і Айчыну воінаў. Дзякуючы ініцыятыве Гомельскай епархіі, зараз кожны жыхар ці госць горада можа гэта зрабіць і ў капліцы ў памяць усіх воінаў-вызваліцеляў, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёну.
Капліцу ў імя святога князя Аляксандра Неўскага асвяціў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Патрыяршы экзарх усяе Беларусі падзякаваў кіраўніцтву Гомельскай епархіі, Гомельскай вобласці і абласнога цэнтра, а таксама ўсім, хто дапамагаў у аднаўленні капліцы:
— Гэта яшчэ адзін добры знак у Год гістарычнай памяці: успомніць мінулае, няпростую гісторыю, зрабіць высновы, каб выбудоўваць сучаснае жыццё, планаваць будучыню, выхоўваць дзяцей і ўнукаў у міры і спакоі. У капліцы будуць маліцца не толькі аб спачылых воінах, але і за тое, каб Гасподзь захоўваў мірнае неба над нашай краінай.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[5] https://zviazda.by/be/tags/kaplica
[6] https://zviazda.by/be/tags/mitrapalit-minski-i-zaslauski-veniamin