Якімі матэрыяламі парадуе чытачоў жнівеньскі нумар «Алесі»?
У мадэльны бізнес часцей за ўсё трапляюць дзецьмі. І далёка не ўсе фізічна і псіхалагічна вытрымліваюць канкурэнцыю, дысцыпліну і іншыя падводныя камяні. Глорыя Даудава прыйшла ў мадэлінг пасля 30, калі мела ўжо траіх дзяцей. Сёння Глорыя ўпэўнена прадстаўляе нашу краіну на розных пляцоўках. Пра тое, як пасля разводу маладая жанчына пачала новае жыццё і што дапамагло ёй дабіцца поспеху, чытайце ў жнівеньскім нумары «Алесі».
— Падштурхнуць узяцца за пэндзаль можа што заўгодна — кубак на стале, яблык. Быў год, калі ў мамы ў садзе саспела шмат яблыкаў, я часта іх пісала, бо яны прыгожыя, ладныя. Так атрымалася серыя «Яблычны год». Мастак увесь час настроены на ўспрыманне навакольнага свету, заўважае нюансы колераў, кантрасты, нечаканае асвятленне, — прызнаецца член Саюза мастакоў Беларусі, педагог Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Алена Карповіч.
Пра тое, як нараджаюцца яе карціны, аб чым заўсёды памятае, калі ілюструе дзіцячыя кнігі, і што наогул патрэбна, каб мастак адбыўся, вы даведаецеся, прачытаўшы гутарку з мастачкай.
— Мне хацелася ствараць прадукт, заснаваны на народным мастацтве, з выкарыстаннем традыцыйных узораў, але пры гэтым адаптаваны да сучасных рэалій, — расказвае народны майстар Рэспублікі Беларусь Вольга Хачкова. — Набойка, ці набіванка, — старажытная тэхналогія аздаблення тканіны — дае для гэтага выдатныя магчымасці.
Вольга Хачкова ўжо некалькі гадоў рэалізоўвае праект «Творчая майстэрня жаночых рамёстваў «Альва», у рамках якога вырабляе рэчы з тэкстылю паводле беларускіх этнабрэндаў у тэхніцы ручной набойкі па тканіне. А яшчэ навучае дзяцей і ўсіх ахвотных традыцыйным відам народнага мастацтва.
На гэтых «трох кітах» будуе сваё жыццё мастак і скульптар Аляксандр Шаппо, герой рубрыкі «Мужчынскі погляд». Чытачам «Алесі» ён расказаў пра тое, за што ўдзячны бацькам, чаму і як імкнуўся і імкнецца навучыць сваіх сыноў, падзяліўся думкамі пра мужчын і жанчын і адчуваннем таго, чаго яму сёння востра не хапае.
Колькі трэба спаць, каб быць энергічнымі і добра сябе адчуваць? Ці дадалося зваротаў з нагоды бяссонніцы ад тых, хто перанёс COVІD-19? Ці ёсць агульны, універсальны падыход да праблемы бяссонніцы і ці кожнаму пацыенту патрэбен індывідуальны план лячэння? Аб прычынах праблемы, пра тое, як яе адолець, залатыя правілы сну, што неабходна выконваць, каб спаць «мёртвым сном», — вам распавядзе ўрач-псіхатэрапеўт Лідзія Асмыковіч.
У 2015 годзе Ганна і Віталь прывезлі на поле і пачалі саджаць лаванду.
— У нас не было бізнес-плана, інвестыцый, стартавага капіталу. Толькі адвага і вар'яцтва! — адзначае Ганна.
Вось ужо сем гадоў Ганна і Віталь вырошчваюць лаванду на Брэстчыне. За гэты час яны сталі вопытнымі спецыялістамі па вырошчванні нязвыклай культуры-меданоса. А яшчэ яны сталі бацькамі — іх дачка Саша таксама праяўляе цікавасць да лаванды.
Жнівень і верасень па праве лічацца найлепшым сезонам, каб паласавацца дыняй. Залаціста-жоўтая паўднёвая прыгажуня мае не толькі далікатны салодкі смак і чароўны водар, але і цэлы шэраг карысных уласцівасцяў. Расказваем, як правільна выбіраць гэты плод сямейства гарбузовых, у чым яго карысць і каму ён можа нашкодзіць.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-paklonskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/alesya-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/lavanda
[5] https://zviazda.by/be/tags/gloryya-daudava
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shappo