Санкт-Пецярбург зацікаўлены ў нарошчванні паставак беларускай пасажырскай, камунальнай, спецыяльнай тэхнікі і ліфтаў, паведамілі [1] БелТА ў Міністэрстве прамысловасці Беларусі.
11 жніўня міністр прамысловасці Пётр Пархомчык на чале беларускай дэлегацыі прамыслоўцаў прыняў удзел у сустрэчах і перагаворах з кіраўніцтвам горада на Няве: губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым, намеснікам губернатара Алегам Эргашавым, Кірылам Паляковым і Анатолем Павяліем.
Бакі пацвердзілі дадатную дынаміку ўзаемнага тавараабароту і зацікаўленасць у пашырэнні сфер і форм супрацоўніцтва.
Дасягнуты дамоўленасці прадоўжыць удзел у праекце па конкурсных пастаўках пасажырскай тэхнікі МАЗ, камунальнай і спецыяльнай тэхнікі ў колькасці больш як 1 тыс. адзінак, а таксама пастаўках ліфтавага абсталявання для замены ліфтаў у старых дамах.
Мінпрам паабяцаў да канца года падрыхтаваць і перадаць гораду ў доследную эксплуатацыю аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода ва ўзгодненай камплектацыі.
Асаблівая ўвага была ўдзелена абмеркаванню новых імпартазамяшчальных праектаў па арганізацыі ў Санкт-Пецярбургу сумесных вытворчасцей, цэнтраў продажаў і сэрвіснага абслугоўвання тэхнікі і абсталявання са стварэннем у горадзе новых рабочых месцаў, адукацыйных праектаў і па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Акрамя таго, Пётр Пархомчык наведаў сумеснае прадпрыемства па вытворчасці ліфтавага абсталявання ТАА «МЛМ Неўскі Ліфт», азнаёміўся з вытворчай базай і абмеркаваў з кіраўніцтвам кампаніі і «Магілёўліфтмаша» планы і крокі па рэалізацыі інвестпраекта па пашырэнні вытворчых і сэрвісных магутнасцей «МЛМ Неўскі Ліфт» для асваення новых ніш на рынку ўсёй паўночна-заходняй федэральнай акругі.
На 12 жніўня запланаваны сустрэчы і перагаворы з кіраўніцтвам Ленінградскай вобласці, лізінгавых і банкаўскіх структур, а таксама ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах адкрытага чэмпіянату Расіі па ворыве.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/economics/view/sankt-petsjarburg-zatsikauleny-u-naroshchvanni-pastavak-belaruskaj-tehniki-i-liftau-118456-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/sankt-pecyarbur
[3] https://zviazda.by/be/tags/tehnika
[4] https://zviazda.by/be/tags/lifty
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus