У аператыўна-дзяжурную службу Маладзечанскага РАУС паступілі паведамленні ад гараджан аб пашкоджанні легкавых аўтамабіляў. У машынах, прыпаркаваных у двары аднаго з жылых дамоў па вуліцы Крынічнай, былі разбіты вокны, былі відаць сляды ад удараў. Сума ўрону склала крыху больш як дзве тысячы рублёў. Што і як адбылося — паведамляе [1] група інфармацыі і грамадскіх сувязяў Маладзечанскага РАУС.
Інцыдэнт адбыўся пасля 19 гадзін вечара, відавочцамі падзей сталі дзеці, якія гулялі ў двары. Кемлівыя хлопцы прасачылі за дэбашырам, які на іх вачах размалаціў чужыя аўто, і паведамілі яго месцазнаходжанне міліцыянерам, якія прыбылі на месца здарэння. Да таго ж, падазраваны пакінуў у аўто цыдулку з нумарам тэлефона і просьбай не тэлефанаваць у міліцыю. Гэтая інфармацыя дапамагла праваахоўнікам хутка ўстанавіць асобу мужчыны і затрымаць яго.
Пазней падазраваны — ім аказаўся 25-гадовы мясцовы жыхар — растлумачыў аператыўнікам, што быў п’яны і назваць матывы свайго ўчынку не можа. Верагодна, пасварыўшыся напярэдадні з жонкай, разгневаны, ён спагнаў злосць на чужой маёмасці. У аўтамабілі Opel былі пабітыя два шкла і падрапаны капот, уладальніку Volkswagen павезла менш: у машыне пашкоджаныя дзверы і крышка багажніка, пабітыя шкло і люстэрка задняга віду.
Следчымі яго дзеянням дадзена прававая ацэнка. Распачата крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства».
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота: УУС Мінскі аблвыканкам
Спасылкі
[1] https://minobl.mvd.gov.by/ru/news/6355
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[3] https://zviazda.by/be/tags/zlachynstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/autamabil