Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з верасня пачне прымаць заяўкі на другі сезон рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў, паведамляе [1] БелТА.
«Конкурс маладзёжных ініцыятыў будзе працягнуты, абноўлена яго палажэнне. З верасня плануем даць старт другому сезону. Важна, каб прэтэндэнты на гранты адказна паставіліся да падрыхтоўкі заявак», — сказаў сакратар ЦК БРСМ Павел Алекса.
Праект запусцілі ў мінулым годзе. У красавіку былі вызначаны пераможцы. На конкурс паступіла 493 заяўкі. У выніку было адабрана 18 лепшых праектаў, якія атрымалі фінансаванне на рэалізацыю. На сённяшні дзень ёсць рэалізаваныя праекты. Так, Ліга камуністычнай моладзі правяла рэспубліканскі форум «Народная Беларусь».
Лепельскі агратэхнічны каледж закупіў неабходны набор музычных інструментаў для інклюзіўнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Ударнае жыццё» і зараз удзельнікі калектыву рыхтуюцца да справаздачнага канцэрта. Рэчыцкі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі запусціў праект «Валанцёры кібербяспекі».
З тых праектаў, якія цяпер знаходзяцца ў развіцці, адзін з яркіх — будаўніцтва скаладрома ў Брэсце, ён на 50% гатовы. Ужо выстройваюцца яго контуры, хутка жыхары і госці Брэста атрымаюць магчымасць асвоіць папулярны від спорту.
У дзень з’яўлення Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, 13 верасня, у кожнай вобласці пачнуць працу інфармацыйна-адукацыйныя модулі БРПА як новай мадэлі патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў.
«Хацелася б, каб колькасць удзельнікаў у гэтым годзе ўзрасла, каб у кожнага была магчымасць рэалізаваць сваю ініцыятыву», — дадаў Павел Алекса.
Арганізатарам праекта выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Банка развіцця. Яго мэта — ацэнка і адбор маладзёжных ініцыятыў, накіраваных на ўцягванне моладзі ў творчую дзейнасць і сацыяльную практыку, павышэнне грамадзянскай актыўнасці, раскрыццё патэнцыялу.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/zajavki-na-konkurs-molodezhnyh-initsiativ-nachnut-prinimat-s-sentjabrja-518441-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[3] https://zviazda.by/be/tags/konkurs-maladzyozhnyh-inicyyatyu
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi