Супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і інавацый адыгрывае важную ролю ў інтэграцыі і будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Такое меркаванне БелТА выказаў [1] міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.
«Шэраг пытанняў і задач, якія паставіў кіраўнік дзяржавы ў час нарады з урадам, датычыўся супрацоўніцтва з Расіяй. У сувязі з гэтым, вядома, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і інавацый адыгрывае вельмі важную ролю ў інтэграцыі і будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Міністэрства адукацыі Беларусі ўжо вядзе актыўную работу на ўсіх узроўнях адукацыі па ўзаемадзеянні з расійскімі калегамі. Хацелася б адзначыць работу ў галіне падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Наша краіна мае ўнікальны вопыт работы педкласаў, які паказаў ужо сваю рэзультатыўнасць, таму што фактычна кожны трэці выпускнік педкласа выбірае ў далейшым вучобу ва ўстанове вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю. Сумесна з расійскімі калегамі на нядаўна праведзенай сумеснай калегіі таксама прынята рашэнне аб стварэнні Асацыяцыі педагагічных класаў Расіі і Беларусі. Гэта дасць магчымасць у многім інтэграваць і ўзмацніць нашы сумесныя дзеянні па падрыхтоўцы будучых педагогаў і настаўнікаў», — расказаў Андрэй Іванец.
Яшчэ адзін важны напрамак супрацоўніцтва — развіццё ў галіне рэалізацыі буйных імпартазамяшчальных праектаў. «Развіццё інжынерных школ у Саюзнай дзяржаве выходзіць на першы план, таму што пытанні тэхналагічнай бяспекі ў многім звязаны з падрыхтоўкай інжынерна-тэхнічных кадраў і рэалізацыяй буйных праектаў. У сувязі з гэтым знакавым з’яўляецца ўзаемадзеянне Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта з расійскімі калегамі, у рамках якога беларускія калегі ўвайшлі ў кансорцыум вядучых інжынерных школ і ў ходзе пяцігадовай праграмы будуць рэалізоўваць сістэмныя праекты, накіраваныя не толькі на падрыхтоўку адпаведных кадраў, але і рэалізацыю навукова-тэхнічных праектаў Саюзнай дзяржавы, якія маюць важнае прыкладное значэнне для рэальнага сектара эканомікі», — адзначыў міністр.
Паводле яго слоў, супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі кадраў для навукі і прамысловасці таксама знаходзіцца ў прыярытэце для абедзвюх краін. «Узаемадзеянне з Курчатаўскім інстытутам таксама адзін з прыярытэтаў у галіне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва нашых універсітэтаў з Расіяй. Цяпер мы рыхтуем шэраг сумесных адукацыйных праграм на ўзроўні другой ступені вышэйшай адукацыі, каб ажыццяўляць сумесную падрыхтоўку магістрантаў па шэрагу спецыяльнасцей, запатрабаваных у эканоміцы. Гэта дасць магчымасць выкарыстоўваць патэнцыял вядучых навуковых школ, а таксама выконваць даследаванні на ўнікальным абсталяванні сусветнага ўзроўню ў галіне ядзернай энергетыкі, фізікі элементарных часціц, біятэхналогіі, фармацэўтыкі і шэрага іншых напрамкаў», — рэзюмаваў Андрэй Іванец.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/ivanets-sotrudnichestvo-v-obrazovanii-nauke-i-innovatsijah-igraet-vazhnuju-rol-v-stroitelstve-sg-518399-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/andrey-ivanec
[3] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva