12 жніўня ташкенцкая пісьменніцкая газета «Узбекістон адабіят ва саньят» («Узбекская літаратура і мастацтва») вялікім артыкулам Рысалат Хайдаравай адзначыла 105-гадовы юбілей народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі.
Для сённяшняга часу, калі многія літаратурныя сувязі разарваныя і ўвага да мастацкага слова сыходзіць на нішто, — добры знак, добрая падзея ў развіццё беларуска-узбекскіх літаратурных стасункаў на сучасным этапе. У тэксце — і цытаты з вершаў П. Панчанкі, падрабязны разгляд яго твора «Родная мова». І — згадка пра аднаго з узбекскіх перакладчыкаў беларускага мастака слова: Азіза Саіда.
У звязку з узбекскай публікацыяй нагадалася, што ў П. Панчанкі ёсць добры верш, адрасаваны ўзбекскаму паэту Турабу Тула (1918 — 1990).
Вось яшчэ малое намаганне,
І дакладна ўсё ўспомню я…
Недзе ў Бухары ці Намангане
Ты ішла, харошая мая.
У такой вясёлкавай спаднічцы,
А на кофце трыццаць тры касы.
Пэўна, я на сто гадоў спазніўся,
Не сустрэў раней такой красы…
І далей:
Як фазан, прашастала імкліва,
Пазаві — я следам паспяшу…
А мой друг Тураб глядзеў раўніва
На маю славянскую душу.
Твор гэты ўвайшоў некалі ў сімпатычны зборнік Пімена Панчанкі «Крык сойкі», перадрукаваны верш і ў трэцім томе Збору твораў П. Панчанкі ў чатырох тамах.
Нагадаем, што вершы Пімена Панчанкі раней па-узбекску друкаваліся ў Ташкенце ў калектыўных зборніках у перакладах Хаміда Гуляма і Ю. Шамансурава — у 1951 і 1962 гадах.
Сяргей ШЫЧКО
Фота: profil.adu.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/pimen-panchanka-tashkent-rysalat-haydarava
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryk-soyki-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/rodnaya-mova