У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем апошнія спартыўныя навіны
Гераіня тыдня. У Санкт-Пецярбургу завяршыўся другі этап адкрытага Кубка Садружнасці па парусным спорце. Удзел у спаборніцтвах узяло каля 200 яхтсменаў з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама 10 прадстаўнікоў Беларусі. Па выніках гонкі ў класе «лазер-радыял» сярод жанчын перамагла беларуская спартсменка Таццяна Драздоўская. Раней яна стала найлепшай на першым этапе Кубка, якія прайшоў на акваторыі Заслаўскага вадасховішча.
Міжнародныя спаборніцтвы «Адкрыты Кубак Садружнасці па парусным спорце — 2022» складаюцца з чатырох стартаў, два з іх запланаваны ў Беларусі, два — у Расіі. Трэці этап турніру пройдзе ў рамках чэмпіянату Беларусі ў Мінску з 3 да 9 верасня; заключны чацвёрты этап адбудзецца ў Сочы ў канцы верасня.
Герой тыдня. Беларускі шахматыст, 16-гадовы міжнародны майстар Дзяніс Лазавік стаў пераможцам міжнароднага турніру «Мінск-2022», які праходзіў на базе РЦАП па шахматах і шашках. У дзевяці праведзеных партыях ён перамог шэсць разоў, тройчы згуляў унічыю, набраўшы 7,5 бала. Дзяніс Лазавік — самы юны беларускі шахматыст, які выканаў усе неабходныя нормы для прысваення звання міжнароднага гросмайстра. На другой пазіцыі ў турніры фінішаваў яшчэ адзін малады беларускі міжнародны гросмайстар Міхаіл Нікіценка, трэцяе месца заняў міжнародны майстар з Беларусі Вячаслаў Зарубіцкі.
Усяго ў турніры ўзялі ўдзел 156 шахматыстаў з сямі краін — Беларусі, Літвы, Грузіі, Украіны, Сербіі, Туркменістана і Расіі. Самаму юнаму ўдзельніку спаборніцтваў — 8 гадоў, самаму старэйшаму — 84 гады.
Турнір тыдня. У Брэсце быў разыграны Кубак Белагазпрамбанка па гандболе. Упершыню ў гісторыі турніру ўладальнікам Кубка сталі гандбалісты мужчынскай нацыянальнай зборнай. У вырашальным паядынку за першае месца падапечныя Юрыя Шаўцова перайгралі чэмпіёнаў Беларусі гандбалістаў клуба «Мяшкоў Брэст» з вынікам 36:32. У гульні за «бронзу» гандбалісты «Гомеля» адолелі «Данскіх казакоў» — 30:28.
Каманда тыдня. «Пінскія ястрабы» сталі ўладальнікамі хакейнага Кубка Уладзіміра Цыплакова. Розыгрыш Кубка праходзіў з удзелам камандаў Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па хакеі. У вырашальным паядынку «ястрабы» аказаліся мацнейшымі за другую каманду жлобінскага «Металурга» — ХК «Белсталь». Вынік фінальнай гульні — 5:3.
Узнагароды тыдня. Беларускія майстры кулявой стральбы бяруць удзел у розыгрышы адкрытага Кубка Расіі. У змяшаным турніры ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў сярэбраны медаль заваяваў беларускі тандэм Уладзіславы Пранько і Ільі Чаргейкі. У практыкаванні «пнеўматычны пісталет, 10 метраў» сярод мужчын пераможцамі стала каманда ў складзе Мікіты Кавалёнка, Івана Казака, Уладзіслава Дземеша. У гэтым жа практыкаванні сярод жанчын Надзея Леанавец, Любоў Яскевіч, Кацярына Кручанок сталі сярэбранымі прызёрамі, а Зоя Дасько, Аляксандра Пятрова і Ганна Моладава — бронзавымі. Па выніках першынства ў медальным заліку Беларусь займае лідарскую пазіцыю.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport