Сёлета ў краіне плануюць пабудаваць 4,2 млн м2 жылля. Гэта арэнднае, «электрыфікаванае», ствараемае з дзяржпадтрымкай і іншыя віды жылля. Як беларусаў забяспечваюць годнымі ўмовамі пражывання і як будаўнікі спраўляюцца з арганізацыяй сацыяльнай інфраструктуры, расказалі эксперты галіны.
Такія задачы ставіць перад сабой айчыннае будаўніцтва. Гэтая галіна ў краіне эфектыўна працуе. Айчынныя будаўнікі актыўна выходзяць на знешнія рынкі і ўзводзяць будынкі ў Беларусі. Вялікія змяненні звязаныя з нарматыўна-прававой базай, падкрэсліў Аляксей АНАНІЧ, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва:
— У маі ў першым чытанні быў прыняты Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, згодна з якім па-новаму будуць рэгулявацца пытанні, звязаныя з нармаваннем у будаўніцтве. Вядзецца работа і па абыходжанні з адходамі ў будаўніцтве.
Лідары па будаўніцтве жылля, дзе выкананне плана перавышае 50 %, — Брэсцкая, Гомельская і Гродзенская вобласці. За першае паўгоддзе ў тым ліку створана 883,7 тысячы м2 індывідуальнай забудовы, а гэта 46 % пры ўстаноўленым паказчыку не менш за 40 %, агучыла лічбы Таццяна ВАСІЛЮЧАК, начальнік упраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры:
— Збудавана таксама 5204 кватэры агульнай плошчай 403 тысячы м2, 4941 шматдзетная сям'я сёлета ўжо атрымала жыллё.
Асноўная мэта праграм па будаўніцтве жылля — дасягнуць узроўню забяспечанасці насельніцтва жылплошчай у Беларусі ў памеры 28,5 м2 на чалавека.
— За 2016—2020 гг. у Віцебскай вобласці збудавана 1,5 млн м2 жылля, мэта перавыканана — на жыхара Віцебшчыны прыходзіцца па 29,5 м2. Пры гэтым у раёнах і сельскай мясцовасці дадзены паказчык — каля 40 м2, а ў буйных гарадах — 27 м2, — расказаў Андрэй ПШОНКА, начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі і інвестыцый камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама.
Летась у вобласці збудавалі 331,7 тысячы м2 замест запланаваных 330 тысяч м2. Жыллё атрымала больш за 1200 шмтадзетных сем'яў, збудавалі жыллё для больш за 2,5 тысячы асоб, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
— Сёлета заданне па вобласці павялічана да 355 тысяч. За паўгоддзе будаўнікі ўвялі 119,2 тысячы м2 жылля і забяспечылі ім 333 шматдзетныя сям'і. Збудавана таксама 5,5 тысячы м2 арэнднага жылля і каля 16 тысяч м2 — у будынках, дзе для ацяплення і гатавання ежы выкарыстоўваецца электрычнасць, — падзяліўся лічбамі спецыяліст.
Праз вялікую колькасць будуемага жылля ў краіне паўстае іншая праблема — недахоп аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры: дзіцячых садкоў, школ, паліклінік, падкрэслілі спецыялісты.
— У мікрараёне Білева ў Віцебску, напрыклад, пражывае каля 40 тысяч грамадзян, з якіх звыш 12,6 тысячы — непаўналетнія. А 3,5 тысячы пры гэтым — дзеці дашкольнага ўзросту. І толькі тры навучальныя ўстановы. Так што патрэба ў забеспячанні месцамі ў пяць разоў перавышае тыя, што існуюць, — заўважыў Андрэй Пшонка.
Хоць ў Беларусі чарга асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, не знікае, у краіне ёсць нерухомасць, набыць якую людзі не могуць нават з дзяржпадтрымкай. Попыт на жыллё ў Віцебскай вобласці апошнім часам, напрыклад, істотна знізіўся. За першае паўгоддзе сёлета з 11 тысяч сем'яў, якія стаяць на чарзе асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пагаджаюцца на будаўніцтва нямногія, абазначыў праблему Андрэй Пшонка:
— Больш за 700 тысяч кватэр у дамах, якія будуюцца, не маюць ахвотных на набыццё, так што сродкаў дзяржаўнай падтрымкі дастаткова. Летась і сёлета тыя, хто меў права на паляпшэнне жыллёвых умоў, гэта зрабілі.
Існуе праблема пустых кватэр і на Магілёўшчыне. Нават тыя, хто мае права на будаўніцтва жылля са сродкамі сацпадтрымкі, не заўжды могуць сабе тое дазволіць, таму ў рэгіёне ідзе пераарыентацыя на будаўніцтва арэнднага жылля.
— У шэрагу рэгіёнаў сапраўды ёсць незапатрабаваныя пустыя кватры, бо гранічны нарматыў дзяржпадтрымкі не дае магчымасць пакрыць кошт квадратнага метра, і людзям патрэбнае дакрэдытаванне. Аднак высокія стаўкі (напрыклад, 17,5 % у Беларусбанку) не дазваляюць многім беларусам, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай, даплаціць гэтую розніцу за жыллё, — растлумачыла праблему пустых кватэр у новабудоўлях Таццяна Васілючак.
У Магілёўскай вобласці сёлета павінны збудаваць 330 тысяч м2 жылля: каля 70 шматкватэрных дамоў і 130 тысяч — індывідуальных. Пакуль узведзена 11 шматкватэрных і 70 тысяч індывідуальных, расказаў Аляксандр МАРФОНАЎ, начальнік аддзела жыллёвай палітыкі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама:
— Нягледзячы на не надта высокія тэмпы будаўніцтва, вобласць можа пахваліцца наяўнасцю двух заводаў буйнапанэльнага домабудаўніцтва, якія мадэрнізаваны і выйшлі на добрыя тэмпы загрузкі. Прадпрыемствы будуюць фактычна ўсё жыллё на Магілёўшчыне, за выключэннем вёскі, дзе працуюць перасовачныя механізаваныя калоны, якія выкарыстоўваюць дробна-штучныя матэрыялы. Дык вось, з 11 дамоў сем «шматкватэрнікаў» былі збудаваны заводамі.
Акрамя таго, за паўгоддзе палепшылі ўмовы пражывання больш як 300 шматдзетных сем'яў Магілёўшчыны, а да канца года ўласнае жыллё атрымае тысяча такіх сем'яў. У вобласці пераходзяць на больш актыўнае будаўніцтва арэнднага жылля. 39 такіх кватэр сёлета ўжо ўзвялі, яшчэ 300 збудуюць да канца года.
Нягледзячы на тое, што Гродзеншчына — найменшы рэгіён па колькасці насельніцтва, яна займае адну з перадавых пазіцый па жыллёвым будаўніцтве. Тут найвышэйшая забяспечанасць жыллём па краіне — 32 м2 на чалавека, заўважыў Юрый ХАЛІМОНЕНКА, першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама.
— Сёлета мы па ўласнай ініцыятыве ўзялі дадатковыя аб'ёмы (на 25 тысяч больш, чым запланавана дзяржпраграмай) па будаўніцтве жылля і мусім узвесці да канца года 475 тысяч «квадратаў».
Сёлета ў рэгіёне крыху знізіліся аб'ёмы будаўніцтва індывідуальнага жылля, бо людзі пераарыентавалі свае жаданні на нерухомасць у шматкватэрных дамах — на куплю жылля ў новых дамах на камерцыйнай аснове.
Спецыялісты на ўзроўні райцэнтраў правялі апытанне беларусаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: ці не хочуць яны будаваць індывідуальнае жыллё замест нерухомасці ў шматкватэрным будынку? У адказ пачулі, што, па-першае, сродкаў на гэта спатрэбіцца значна больш, а па-другое, дзеці не хочуць жыць разам з бацькамі.
— Ты не менш, сектар індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва развіваецца. З'яўляюцца новыя мікрараёны, ствараецца інфраструктура. Актыўна гэта адбываецца, дарэчы, у Гродне і Лідзе.
Актыўна будуюць у рэгіёне і дамы з выкарыстаннем электраэнергіі — узвялі ўжо 14 тысяч м2 (амаль палову ад запланаванага). Людзі ахвотна ідуць у такія дамы і ў цэлым задаволеныя і ўмовамі пражывання, і наступнымі плацяжамі, заўважыў спецыяліст. У Слоніме, напрыклад, сёлета пачынаюць ужо трэці «электрычны» дом на 170 кватэр, а ў абласным цэнтры ў мікрараёне Грандзічы мяркуюць стварыць 40 тысяч м2 электрыфікаванага жылля.
Павялічваецца ў вобласці і колькасць будуемых арэндных метраў, за якімі, на думку спецыялістаў, будучыня, бо чалавек павінен атрымліваць жыллё там, дзе ён працуе. Пакуль гэта робіцца за кошт бюджэту, але з часам мяркуюць прыцягнуць сродкі на такое будаўніцтва і ад прадпрыемстваў, якія могуць такім чынам заахвоціць спецыялістаў на работу ў сябе.
Акрамя дзяржаўных гульцоў, на будаўнічым рынку прысутнічаюць і прыватныя кампаніі. Аднак камерцыйным арганізацыям, перш чым пачынаць будаўніцтва, трэба набыць зямлю з аукцыёну. А за апошнія гады ў Беларусі ўжо збудавана столькі, што засталося мала свабоных пляцовак, таму ўся зямля раздаецца дзяржаўным заказчыкам. Тым не менш, яны таксама могуць узводзіць камерцыйнае жыллё.
— У Магілёўскай вобласці два буйныя заводы будуюць як для грамадзян, якія маюць патрэбу ў жыллі, так і камерцыйнае жыллё, карыстаючыся сваімі прэферэнцыямі па атрыманні зямельных участкаў без аўкцыёнаў, — заўважыў Аляксандр Марфонаў. — Гэта жыллё павышанай камфортнасці ў добрых месцах, і цана там вышэйшая, чым у дамах для тых, хто мае патрэбу.
У Віцебскай вобласці працуюць два прыватныя забудоўшчыкі: арганізацыя «Жылбуд», якія працуюць непасрэдна з упраўленнямі капітальнага будаўніцтва (дзяржаўнымі), і арганізацыя «Будгандальсэрвіс», якая цяпер дамы не будуе, падзяліўся Андрэй Пшонка:
— З прыватнымі заказчыкамі цяжка працаваць, бо ў іх ёсць аб'екты са звышнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва. Ёсць у іх грошы — яны будуюць, няма — не.
90 % жылля на Гродзеншчыне стварае домабудаўнічы камбінат «Гроднажылбуд», які будуе ў тым ліку і камерцыйнае жыллё. Аднак ёсць і прыватныя забудоўшчыкі, дадаў Юрый Халімоненка:
— Яны займаюцца комплекснай забудовай мікрараёнаў індывідуальнага жылля, то-бок узводзяць цэлыя комплексы блокавых жылых дамоў. У райцэнтрах мясцовыя ці прыватныя арганізацыі, калі попыт на камерцыйнае жыллё ёсць, узводзяць шматкватэрнае жыллё, аднак тое адбываецца раз на два-тры гады.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/infrastruktura
[6] https://zviazda.by/be/tags/minbudarhitektury