У Дзяржынскі РАУС ад грамадзян паступіла інфармацыя аб тым, што ў Фаніпалі аўтамабілем «Mitsubishi» кіруе, магчыма, нецвярозы вадзіцель. Нарад ДАІ сумесна з супрацоўнікамі Дэпартамента аховы МУС у хуткім часе знайшоў аўто.
Аўтааматар на патрабаванні аб спыненні не рэагаваў. Пасля нядоўгага пераследу машына спынілася, кіроўца паспрабаваў уцячы, але быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У машыне ў момант руху таксама знаходзіліся дзве дзяўчыны і хлопец.
Высветлілася, што за рулём «японца» знаходзіўся нецвярозы 17-гадовы ліцэіст, жыхар аграгарадка Чаркасы, паведамляе Дзяржынскі РАУС.
Таксама пазней паступіла паведамленне, што гэты аўтамабіль раней здзейсніў ДТЗ, пашкодзіўшы чужое аўто. ДАІ трэба высветліць, хто ў гэты момант кіраваў транспартным сродкам.
У адносінах да вадзіцеля складзены пратаколы за кіраванне без правоў, ігнараванне патрабаванняў аб спыненні, кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення. Раней ліцэіст ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/fanipal
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhynski-raus
[3] https://zviazda.by/be/tags/mus