Каб сад красаваў да позняй восені, са шматгадовых раслін і адналеткаў неабходна зрэзаць усе завялыя суквецці і кветкі. Калі гэтага не рабіць, утворыцца насенне.
Пра тое, што насенне цалкам паспела, можна даведацца па афарбоўцы насеннай абалонкі: яна набывае карычневы колер і раскрываецца. Струкі бабовых павінны быць сухімі і цёмнымі, але нерасчыненымі. Суквецці парасонавых раслін лепш зразаць яшчэ да таго, як яны цалкам высахнуць, затым у сонечным, ахаваным ад дажджу і ветру месцы іх раскладваюць на хустцы для даспявання.
Каб аддзяліць дробнае насенне ад сухой насеннай абалонкі, выкарыстоўваюць чайнае сітца. Даволі проста збіраць насенне календулы, штокружы, петуніі, сланечнікаў, гарошку, лубіну або маку. Насенне календулы збіраюць, зрэзаўшы суплоддзі і пальцам дастаўшы зярняткі. Насенне маку са спелых насенных макавак самі высыпаюцца праз адтуліну. Насенне сланечніку вельмі любяць птушкі, таму надзеньце на ўсю кветку палатняны мяшочак, каб насенне выпадала ў яго. Паказчыкам спеласці гарошку і лубіну з'яўляецца сухасць і цёмная афарбоўка струка. Выспелае насенне настурцыі самастойна ападае, таму трэба быць вельмі ўважлівымі, каб не прапусціць момант яго збору. Здымаюць іх па меры паспявання: з зялёных яны становяцца бялявымі і лёгка аддзяляюцца ад кветаножкі.
Некаторыя мнагалетнікі, як, напрыклад, шалфей, размнажаюцца самасевам. Вельмі часта расліны-нашчадкі не зусім дакладна паўтараюць якасці свайго прабацькі: у іх іншая афарбоўка ці іншая форма росту. Гэта можа прывесці да атрымання прывабнай новай гібрыднай расліны.
Майце на ўвазе, што пры выкарыстанні насення так званых гібрыдаў, атрыманых шляхам скрыжавання двух асабліва прыгожых, здаровых і эфектных сартоў, вырастуць расліны, якія не паўтараюць уласцівасці сваіх бацькоў. Напрыклад, махровасць гібрыдных цыній або астраў не перадаецца.
Каб насенне не страціла ўсходжасці, вельмі важна не толькі збіраць яго ў сухое і сонечнае надвор'е, але і правільна захоўваць. Першым чынам, яго трэба засцерагаць ад вільгаці. Для гэтага выкарыстоўваюць звычайныя шкляныя слоікі з вечкамі, якія шчыльна закрываюцца, паветрапранікальныя папяровыя ці палатняныя пакеты. Не забудзьцеся падпісаць пакет або слоік, пазначыўшы назву расліны і дату збору насення, каб увесну не прыйшлося ўгадваць, што і дзе знаходзіцца.
Тэмпература памяшкання, дзе будзе захоўвацца насенне, павінна быць крыху ніжэйшай, чым у кватэры. Ні ў якім разе не захоўваеце насенне на кухні ці ў ваннай, дзе павышаная вільготнасць паветра.
Ірына ТАМКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/nasenne
[4] https://zviazda.by/be/tags/agarod
[5] https://zviazda.by/be/tags/krynichka