Ад самага пачатку сёлетні год стаў знакавым — Годам гістарычнай памяці. Перад ёю, памяццю пра шматлікія ахвяры роднай зямлі, мы вечныя даўжнікі. І цяпер узнікае шанц хоць крышку разлічыцца. Адным з крокаў да гэтага павінен стаць горкі, але патрэбны ўспамін пра лёс вёскі Драмлёва, якая некалі месцілася ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці.
Тут жыццё абарвалася 80 гадоў таму, калі ранкам 11 верасня сорак другога, на свята Адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля, названае ў народзе Галавасекам, у Драмлёва ўварваліся карнікі. Больш у вогненнай вёсцы свят не было — толькі жалобы і трызны. На яе месцы ўжо сорак гадоў — мемарыяльны комплекс. Зямля з Драмлёва захоўваецца таксама ў Хатыні ва ўнікальных «Могілках вёсак» сярод іншых паселішчаў, знішчаных драпежнікамі разам з людзьмі. Яны — і вёскі, і людзі — загінулі дачасна і больш ніколі не вярнуліся да жыцця.
Архівы сведчаць: у пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек. З іх 103 мелі ўзрост да трыццаці гадоў. Свой першы год нараджэння не справілі Людачка Антанюк і Надзейка Алізарка, Жэнечка Ляўчук, Надзя і Аня Юрасікі — самыя маленькія жыхары вогненнай вёскі. У тым дыме захліпнуліся і найстарэйшыя драмлёўцы Фёдар Ярмашук і Ганна Ляўчук, якія прыйшлі на свет яшчэ да адмены прыгоннага права.
Пра той жудасны Галавасек у студзені 1945 года перад раённай камісіяй аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў расказвалі сведкі: «На досвітку ў вёску Драмлёва на аўтамашынах уварваўся карніцкі атрад п'яных эсэсаўцаў, каля 50 чалавек. Пагражаючы смерцю, гітлераўцы сагналі ўсіх сялян у хлеў, а самі кінуліся, бы сквапныя ваўкі, у хаты, клеці ў пошуках сала і яек, рыліся ў скрынях, з кінжаламі ў руках ганяліся ў дварах за свіннямі і курамі. А 10-й гадзіне дня пачуліся аўтаматныя стрэлы — каты расстрэльвалі людзей, сагнаных у хлеў. Пасля чаго над вёскай узвілося вялізнае полымя. Гэта подлыя нямецкія вырадкі падпалілі мірную беларускую вёску Драмлёва разам з людзьмі: старымі, жанчынамі і дзецьмі».
...У мемарыяле, каля падножжа кургана, ужо колькі дзесяцігоддзяў у пачатку восені палымнеюць шыпшыны. На кустах рассыпаны пунсовыя пацеркі ягад, нібыта кроплі крыві тых, каго закатавалі ў агні чорным попельным ранкам. Старажылы згадвалі не раз: 11 верасня (тады, як прыйшла бяда) было цёпла, нават горача, быццам лета вырашыла затрымацца на пару тыдняў. А потым, калі яркім факелам успыхнула вёска, стала зусім невыносна, млосна...
Няўмольны час забіраў сведкаў драмлёўскай трагедыі. Апошняй застаецца Вера Самсонаўна Кірыльчук, якая жыве ў суседніх Сцяпанках. Упершыню мы сустрэліся дзесяць гадоў таму ў Драмлёве. На жалобе, на Галавасек. Яна стаяла ў баку, слухала прамовы, самотныя спевы, што краналі сэрца, і прыкладала ражкі хустачкі да вачэй. Пацікавіўся пра яе ў старшыні сельсавета Мікалая Ягорчанкава, і той адказаў: «Гэта Самсонаўна. Яна бачыла, як гарэла Драмлёва».
Зразумеў адразу: трэба знайсці час, каб пагутарыць з жанчынай. Аднак першы крок зрабіла яна. Аднойчы, пасля чарговай публікацыі пра драмлёўцаў, дзверы ў маім рэдакцыйным кабінеце рыпнулі, асцярожна адчыніліся і ўвайшла Вера Самсонаўна.
— Прачытала ў газеце... Ноч не спала... І, як бульбу выбрала, адразу ж пехатой да вас, — вымавіла яна.
Вера Кірыльчук (у дзявоцтве — Саўчук) нарадзілася на заранку вясны — 8 сакавіка 1936 года. Вакол Мажэек было тады безліч хутароў. Саўчукоў стаяў найбліжэй да Драмлёва. Таму дзіцячыя вочы бачылі тое, на што нельга глядзець без болю і жаху і дарослымі вачыма.
— Помню, як гарэла Драмлёва, як мы прачнуліся на світанку, як тата сказаў: «Драмлёва гарыць», як мама плакала, а я крычала: «Дык там бабулька мая гарыць!»
Калі Верчына бабуля Анастасія Лук'янаўна Антанюк з сынам Іванам вярнулася з бежанцаў, у самым канцы сяла паставілі бедную хатку-мазанку. Аўдавелая Наста засталася за гаспадара і гаспадыню. Яе сын нявесту не шукаў далёка — на другім канцы сяла сасватаў Ганну Сыч, такую ж сірату, як сам. Здавалася, паціху жыццё, як рака пасля паводкі, пачало ўкладвацца ў сваё рэчышча. Ды бяда, ад якой дзверы на засаўкі не замкнеш, раптам пераступіла парог, калі ў лякарні памёр ад рака Іван, пакінуўшы Ганну ўдавой з дзецьмі на руках і старэнькай свякроўкаю. Дзве жанчыны раней толькі куткі ў хаце дзялілі, цяпер жа гора на двух дзяліць давялося ды дзяцей гадаваць: Тоню, Лёшку і маленькую Людачку, якая прыйшла на свет 5 жніўня 1942 года.
Роўна праз месяц 3-ці батальён 15-га паліцэйскага ахоўнага палка, сфарміраваны ў горадзе Араніенбург, распачаў пад Брэстам карную аперацыю «Трохвугольнік». Яшчэ праз тыдзень адбыўся Галавасек.
Карнікі падрыхтавалі ўсё старанна. Разведка, пераапранутая «пад партызанаў», спрацавала аператыўна. Знайшлася багатая вёска, дзе хлявы поўніліся пасля жніва збожжам, мелася ў дварах досыць хатняй жыўнасці. Папярэдне забойцы нават высветлілі, дзе лепш катаваць няшчасных, каб не перашкаджалі ім рабаваць ды забіваць. І ўсё ж паліцаі 10-й роты, якія выправіліся на «паляванне», ледзь не сарвалі аперацыю. «Вінаватыя» ў гэтым аказаліся старыя карты ды восеньскі туман, які густым сырадоем узняўся над забалочанай мясцінай.
Ужо віднела, калі машыны з узброенымі гітлераўцамі праехалі Жабінку, мінулі Вялікія Сяхновічы, дзе паблізу Мікалаеўскай царквы павярнулі на поўнач. Хутка карнікі трапілі на раздарожжа: леваруч было Драмлёва, справа — Семенаўцы. Рушылі лепшым шляхам — направа.
Некалі, пакуль яшчэ жыла найстарэйшая жыхарка Семенаўцоў Надзея Лось, спытаў яе пра той трывожны ранак. Яна распавяла, як немец, зайшоўшы на падворак, запатрабаваў:
— Дзе лапата?
— Божа літасцівы, мо вы нас закапваць будзеце?
Нечаканы госць ашчэрыўся ды буркнуў:
— Найн!
Хацеў падмануць, ды вочы сказалі праўду.
Сонца ўзнімалася ўсё вышэй, асвятляла спіны вяскоўцаў, якія рылі сабе акоп. На іх шчасце, педантычныя каты даведаліся, што выйшла памылачка... Сяло не тое! Шэрым ранкам на ростанях не ўгледзелі «правільнай» дарогі. Гэтак світанак 11 верасня 1942 года стаў апошнім у лёсе адной вёскі і страшным успамінам для жыхароў другой.
Карнікі расстрэльвалі і палілі драмлёўцаў у чатырох пабудовах. Мужчын і хлопчыкаў-падлеткаў — у хлявах Міхаіла Леўчука і Івана Кіслага. Жанчын, дзяўчынак і маленькіх дзяцей — у клунях Андрэя Цэсліка і Якава Юрасіка.
Некалькі абгарэлых трупаў ляжала на папялішчы хлява Мірона Данілюка. Было відаць: маці, спрабуючы ўратаваць немаўлятка, накрыла яго сваім целам. Жанчыны рабілі так і ў палаючых хлявах. Сяргея Дзенісюка, якому толькі споўнілася чатыры гады, забойцы жыўцом кінулі ў калодзеж. Мужчын, што спрабавалі збегчы, касілі аўтаматныя чэргі і стрэлы з вінтовак.
Толькі чатыры падлеткі — Міша Данілюк, Міця Юрасік, Віталь Чахлоў і Коля Ярмашук — мелі шчасце выйсці жывымі з драмлёўскага агню. Самым старэйшым сярод іх быў 14-гадовы Коля. Праз шмат гадоў Мікалай Іванавіч Ярмашук вярнуўся на месца, дзе стаяла родная вёска, каб расказаць сваю гісторыю. Вось ягоны расповед:
«Мне згадваць пра трагедыю Драмлёва, гібель родных, усіх яе жыхароў пакутліва балюча і цяжка. Хочацца забыць гэты дзень, гэты жахлівы кашмар, але яны не забываюцца і да канца жыцця застануцца са мной. 11 верасня 1942 года мама ўстала раненька, пайшла даіць карову. Але тут жа вярнулася ў хату і ўсхвалявана загаварыла:
— У сяле і наваколлі немцы, відаць, будуць праводзіць аблаву, моладзь хапаць і забіраць у Германію. — Таму старэйшаму брату сказала: — Ты, Павел, ляжы і не паднімайся, прыкінься хворым.
Я ў той час ужо не спаў, ляжаў на адным ложку з братам, а бацька — на рускай печы, ён быў прастуджаны і выграваўся. Не паспелі мы апамятацца ад гэтай трывожнай навіны, як у хату ўваліліся два фашысты з аўтаматамі. Адзін з іх пачаў крычаць на ламанай рускай мове: «Бистро собирайс, будэм выходи, бистро!»
Ён тут жа сцягнуў з нас коўдру, схапіў брата за руку і сцягнуў з ложка. Я прыціснуўся спіной да сцяны і перапужанымі вачамі пазіраў на маці, брата, другога фашыста, які цягнуў з печы бацьку. Усе мы хуценька апрануліся і ў суправаджэнні выйшлі на двор. Адзін фашыст пад аўтаматам павёў тату, брата і мяне ў адрыну Леўчукоў, другі — маці ў пуню Якава Юрасіка.
У хляве, куды нас загналі, было ўжо дзясяткі два мужчын, старых, маладых хлопцаў, хлопчыкаў-падлеткаў. Помню, былі Фёдар Юрасік і яго сын Сцяпан, Міхаіл Ляўчук, Павел Алясюк і яго сын Андрэй, Карніл Гутко, Сцяпан Разумнік з сынамі Грышам і Васем. Пасля нашага і кожнага наступнага прыводу людзей дзверы зачынялі і вартавалі. Гэтак прыводзілі ў хлеў усіх мужчын, старых, падлеткаў з блікіх дамоў. Апошнім запіхнулі Івана Канавальчука.
Людзей напіхалі поўную адрыну, усе стаялі на таку. Тыя, хто стаялі бліжэй да дзвярэй, у тым ліку і бацька, мелі магчымасць праз шчыліны назіраць, што адбываецца ў вёсцы. Раптам бачаць: фашыст вядзе маю сястру Марыю з трыма дзецьмі, меншага Васю яна несла на руках. І гэты кат пачаў аднімаць у Марыі дзіця, яна не аддавала, супраціўлялася. Фашыст ударыў сястру аўтаматам, тая ўпала, яе і дзяцей даставілі ў хлеў Якава Юрасіка — туды збіралі жанчын, дзяўчат і малых дзяцей.
Пасля ўбачанага ўсе зразумелі: будзе бяда, фашысты рыхтуюць над людзьмі расправу. Мы, падлеткі, глядзелі ў вочы і бледныя твары старэйшых, сваіх бацькоў і па сваёй наіўнасці спадзяваліся на іх абарону. А што яны маглі зрабіць? Яны самі былі заложнікамі.
Неўзабаве праз тыя ж адтуліны ў дзвярах убачылі трох фашыстаў, якія ішлі да нас. Двое былі з аўтаматамі ў руках, адзін — з пісталетам. Расчыніўшы дзверы хлява і прыбудовы (свірна), той, што быў з пісталетам, гучна крыкнуў:
— Четыре человека выходите!
Усе імгненна падаліся назад. Тады карнікі схапілі крайніх і сілком упіхнулі ў адчынены свіран. Сярод іх былі мае бацька і брат Павел, Фёдар Юрасік і яго сын Сцяпан. Як толькі ўзялі тату і брата, я таксама вырашыў быць разам з імі, ускочыў у прыбудову і стаў за дзвярыма, якія былі прыпёртыя да сцяны.
Немец загадаў усім чатыром стаць на калені, тварамі да сцяны. Як толькі яны тое зрабілі вырадак пачаў страляць з пісталета ім у патыліцы. Першым стрэлам забіў брата, другім — бацьку. У гэты момант я выскачыў з-за дзвярэй і ўпаў паміж татам і Фёдарам Юрасікам. Фашыст стрэліў у мяне, але ў той момант на мяне схіліліся забітыя бацька і Юрасік Фёдар, што, мабыць, і ўратавала мне жыццё. Адчуў моцны боль ўнізе жывата і пачуў, як з аўтаматаў растрэльвалі астатніх.
Паранены, абліты крывёю сваёю і забітых, я ляжаў пад мёртвымі, на нейкі час страціўшы прытомнасць. Калі ачуняў, фашыстаў у хляве ўжо не было. Асцярожна выбраўся з-пад забітых і ўскочыў у адрыну. Тут убачыў жудасную карціну: ляжалі кучы трупаў — старых, мужчын, падлеткаў. Некаторыя былі яшчэ жывыя, цяжка дыхалі, прасілі дапамогі. Я быў у страшным шоку. Такое нельга бачыць нават у сне. Плакаў, рыдаў, падыходзіў то да брата, то да бацькі, кранаў іх, але яны былі мёртвыя.
Нечакана нешта зашамацела ў пучках лёну, што ляжалі ў куточку хлява. Прыўзняў пучок і ўбачыў там Мішу Данілюка. Яму было гадоў шэсць-сем. Убачыўшы мяне, ён ускочыў і кінуўся да свайго бацькі, яшчэ жывога. Міша енчыў, прасіў:
— Татачка міленькі, уцікаймо!
Бацька дакрануўся да яго шчакі і скрозь слёзы прамовіў:
— Ты бяжы, сынок, бяжы, а я ўжо не магу.
А куды бегчы? У вёсцы — страляніна, каровы равуць, свінні вішчаць. Немцы нешта грузяць у машыны. І мы з Мішам схаваліся пад тыя ж пучкі лёну. З жахам чакалі сыходу немцаў з вёскі. Мінуў нейкі час, калі мы перажылі новыя выпрабаванні. У хлеў зайшлі два фашысты, зрабілі некалькі адзіночных стрэлаў, дабіваючы параненых. Нас не заўважылі. Пасля гэтага хлеў замкнулі і падпалілі.
Мы адчулі гар, полымя ўварвалася ўнутр. Вырашылі ўцякаць. Пад дзвярыма вылезлі на двор, ды адразу трапілі на вочы карнікам, якія пачалі па нас страляць. Зноў давялося лезці ў палаючую адрыну. Ад дыму і гарачыні сталі захліпацца, гарэлі салома, неабмалочанае жыта, чалавечыя целы.
На нас закурылася адзежа. І раптам — адкуль толькі ўзяліся ў нас сілы і разуменне — пачалі выграбаць, выварочваць камень з-пад сцяны. Праз зроблены лаз і выбраліся з вогненнага пекла. Уцякалі па дымавой паласе ў бок мажэйкаўскіх хутароў. Фашысты заўважылі нас і распачалі страляніну, аднак мы ўжо былі далёка. Мне куляй перабіла рэмень для штаноў, але цела не зачапіла. Я і Міша ўскочылі ў канаву, парослую хмызняком. У гэты самы час беглі людзі з навакольных хутароў, каб ратаваць Драмлёва, але, убачыўшы нас абгарэлых і акрываўленых, ды машыны з немцамі, павярнулі назад.
Я пабег у вёску Мажэйкі, дзе жыла сястра таты Пелагея Магер, а Міша накіраваўся на Сцяпанкі. У Мажэйках дзядзька Філімон Магер дастаў з мяне кулю, якая засела ў пахвіне, перавязаў рану і паклаў спаць. Але ж ці можна было заснуць пасля таго кашмару, пасля тых жаху і пакутаў?»
У той жудасны дзень жывымі засталіся зусім няшмат драмлёўцаў. Але няўмольны час забіраў і іх. Адной з апошніх пайшла на той свет Марыя Рыгораўна Пасюк, у дзявоцтве — Данілюк, у пашпарце якой месцам нараджэння было пазначана Драмлёва. Вёска не адрадзілася, засталася толькі памяць ды радок у галоўным дакуменце. Бабуля Марыя больш за паўвека, як выйшла замуж, жыла ў вёсцы Селішча. У апошнія гады пачувала сябе не лепш: даймалі розныя хваробы, хадзіла з цяжкасцю, але па-ранейшаму лічыла, што Бог уратаваў яе ў дзень, калі палілі вёску.
Надта ж не пускаў дзяўчыну тады ў Брэст бацька Рыгор Міхайлавіч: час ваенны, небяспечны, а ісці пехатою далёка. Але збіралася ў дарогу стрыечная сястра Вера Юрасік, і Марыйцы вельмі ж хацелася пабачыць горад, таму і ўгаварыла тату. Дзяўчынцы далі яек, масла, каб прадала на рынку, і сяброўкі пайшлі. А як вярнуліся праз дзень, вёскі ўжо не было. Вера і Марыя жахнуліся, калі перад вачыма паўстаў жудасны малюнак: на месцы хат — абгарэлыя коміны і мноства чалавечых трупаў... Не стала бацькі, маці, сястры Еўдакіі. Добра, што адшукаўся меншы брат — Міша Данілюк, які разам з Колем Ярмашуком у апошні момант вылез з палаючага хлява.
І пайшлі брат з сястрою па навакольных вёсках. Прытулак знайшлі ў Жыціні ў сваякоў, якія клапаціліся пра сірот, як пра сваіх дзетак: і кармілі добра, і да работы прывучалі, пакуль тыя падраслі і пайшлі ў людзі. Колькі жыла Марыя Пасюк, для яе 11 верасня заставалася чорнай датай. Помніў той Галавасек і муж, Васіль
Ігнатавіч. Ён падлеткам бег да Драмлёва на пажар, ды немец з кулямётам не падпусціў блізка.
Праз два дні, 13 верасня, надышла нядзеля. Але зусім не святочным выдаўся той дзень. Немцы знялі ачапленне, дазволілі пахаваць забітых. Жыхары навакольных вёсак прыйшлі на папялішча. Людзі рукамі, віламі грузілі на пажарышчы абгарэлыя целы і везлі вазамі на могілкі ў Сцяпанкі. Сярод гэтых далакопаў быў і саракадвухгадовы драмлёвец Павел Ляўчук. Ён застаўся жывым, бо ў трагічны дзень адсутнічаў у сваёй гаротнай вёсцы. Як апантаны, ён рыў гарачы попел, пакуль не адшукаў кавалак знаёмай тканіны. Прыклаў яго апаленымі далонямі да твару і заплакаў. Тут ляжалі, ператвораныя ў прах, яго родныя жанчыны: жонка Аня і дочкі Ніна, Ліда, Жэня. Старэйшай было чатыры гады, малодшай — дзесяць месяцаў...
Пра тую жудасную нядзелю ўспамінала і Вера Кірылюк: «Калі ўсё пагарэла, я з татам і мамай Таццянай рушылі туды. Мужыкі збіралі на фуры целы і везлі іх на клады ў Сцяпанкі. Вялікую, вельмі вялікую яміну выкапалі, туды клалі. Былі сярод людзей такія, што пазнаеш, былі і тыя, каго пазнаць было немагчыма... Картоплі яны выбіралі — усё на вазах засталося, куры бегалі пераляканыя. Яшчэ мая матуля дала бабулі (сваёй, значыцца, маме) куранятак, і тыя гойсалі каля згарэлай хаты. Стаялі, плакалі мы ўсе. А што ж яшчэ зрабіць маглі?
З таго часу мінула ўжо восемдзесят гадоў. Некалі кожную вясну пад акном Антанюковай мазанкі распускаўся бэз. 11 верасня згарэлі людзі, хаты, дрэвы і толькі кустоўе нейкім чынам не крануў агонь. Хоць больш правільна сказаць — крануў, ды не да смерці. Колькі часу прайшло, колькі дзесяцігоддзяў, а бэз усё цвіце. Так і цягнецца, так і цягнецца ён увысь. Бабулечка мая згарэла, цётка Аня, Лёша, Тоня і Людка малая згарэлі. На могілках, на тумбачцы гэтай каля помніка, мае ўсе напісаны...»
Мінулі дзесяцігоддзі, змяніліся пакаленні. Здаецца, пара супакоіцца, аднак попел Драмлёва ўсё не астывае. І кожны раз вясной і восенню, калі плугі ўзнімаюць глебу на месцы, дзе калісьці чатыры стагоддзі стаяла вёска, на паверхню выходзяць усё новыя сведчанні таго, што адбылося на той Галавасек. Кожны артэфакт можна разглядаць бясконца, разважаючы аб трагічным лёсе ўласнікаў гэтых рэчаў. І пры гэтым уяўляць маштаб таго, што адбывалася 11 верасня. Найперш уражваюць россыпы адстраляных гільзаў і патронаў, на якія і праз восемдзесят гадоў багатая драмлёўская зямля. Трапляецца шмат шкла, ператворанага агнём у нейкія пачварныя «істоты». Даволі шмат абпаленай цэглы і камянёў, металічных частак ад пабудоў і нарогаў, гузікаў ды іншай драбязы, што дазваляе ўявіць, якім было жыццё драмлёўцаў.
Асаблівыя адчуванні выклікае нацельны крыж. Драмлёўцы ў большасці сваёй былі праваслаўнымі. Адзінае выключэнне складала сям'я Андрэя Цэсліка, які пасяліўся ў вёсцы з 1926 года. Сам па веравызнанні каталік, Андрэй Лукіч і сваіх дзяцей хрысціў у касцёле. Прынесла драмлёўская зямля і тры медныя заручальныя пярсцёнкі (адзіны мужчынскі і два жаночыя), вырабленыя, магчыма, тутэйшым кавалём. Калі трымаеш у руцэ маленькую белую пацерку ці шкляны корак ад бутэлечкі з-пад парфумы, якімі карысталася восем дзясяткаў гадоў назад нейкая кабета ці дзяўчына, міжволі сціскаецца сэрца.
...Драмлёўцы жылі, не чакалі бяды. Не чакалі яе да таго ранку, пакуль у вёску не наляцелі драпежнікі, якім ніколі не павінна быць ні апраўдання, ні даравання.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з яго архіва
Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/taxonomy/term/80614
[3] https://zviazda.by/be/tags/vognennyya-vyoski-nelga-zabyc-spalenym-paselishcham-belarusi-prysvyachaecca
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/god-gistarychnay-pamyaci