Кожны павінен разумець — грошы не павінны ляжаць без справы. Калі ў вас ёсць нейкія зберажэнні, то іх трэба прымусіць прыносіць прыбытак. Найбольш простым і ў той жа час вельмі эфектыўным інструментам з'яўляюцца банкаўскія ўклады або, як іх яшчэ называюць, дэпазіты.
Што трэба ведаць пра ўклады ў нашай краіне перад тым, як прыступіць да выбару прадукту? Уклады ў беларускіх рублях адрозніваюцца высокімі стаўкамі — яны ўстанаўліваюцца такімі для таго, каб абараніць нашы зберажэнні ад інфляцыі. Дэпазіты ў замежнай валюце не прынясуць вялікага даходу. Ужо не прынясуць.
На ўкладах у беларускіх рублях сёння можна рэальна зарабіць: трохі раней многія нашы банкі прапаноўвалі ўражлівыя працэнтныя стаўкі гадавых. Цяпер, калі наш і расійскі рубель працягваюць умацоўвацца, некаторыя фінансавыя інстытуты нават спецыяльна зніжаюць даходнасць рублёвых укладаў. Але ўсё роўна на дадзеным этапе дэпазіты ў нацыянальнай валюце лічацца самымі выгаднымі ўкладаннямі.
Найбольш прывабны ва ўсіх адносінах, уклад «Дзіцячы» ад Беларусбанка і Белінвестбанка, які прадугледжвае 16,5 % гадавых. Адзіны мінус такога ўкладу ў тым, што забраць яго мы зможам не раней чым праз 36 месяцаў (поўны тэрмін — 5 гадоў).
Зараз практычна ўсе айчынныя банкі, прапаноўваючы сваім кліентам пакласці грошы на даволі доўгія тэрміны (больш чым два гады), абяцаюць ад 15 % да 16 % гадавых. Калі вы вырашаецеся расстацца са сваімі грашыма не больш чым на год, то атрымаеце ўжо значна меншы даход — да 13 % гадавых. За карыстанне чужымі грашыма на працягу ад 3 месяцаў да паўгода — ад 6 % да 10 % гадавых. Калі вы вырашылі згуляць у «кароткія» грошы (33—35 дзён), тады больш 5 % гадавых не атрымаеце.
Наогул, усе уклады ў айчыннай валюце апошнім часам крыху страцілі сваю прыбытковасць. За апошнія 3 месяцы многія банкі знізілі свае стаўкі на 4—5 %.
Дзіўна, але факт: у апошнім месяцы лета ўзрасла цікавасць людзей да замежных валют. Аналітыкі лічаць, што скупка валюты ў той час, калі курс долара мінімальны, ажыццяўляецца насельніцтвам у інвестыцыйных мэтах. Але...
Пры гэтым продаж валюты нашымі людзьмі павялічыўся яшчэ больш, чым купля. Фізічныя асобы прадалі ў жніўні банкам валюты на 104,9 мільёна долараў больш, чым у ліпені. Агульная сума 923 мільёны долараў. Гэта максімальнае значэнне для гэтага параметру з лютага. Рэалізацыя наяўнай валюты ўзрасла на 93,7 мільёна долараў і дасягнула 716,7 мільёна долараў. У той жа час безнаяўных долараў было прададзена больш толькі на 11,2 мільёна, на 206,3 мільёна «баксаў».
Такая структура прыросту прапановы валюты паказвае на магчымую прычыну — рэалізацыя валюты жыхарам суседніх краін, якія прыязджаюць у Беларусь па пакупкі.
У выніку фізічныя асобы ў жніўні прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты банкам на 54,5 мільёна долараў больш, чым купілі. Гэта значыць, ужо другі месяц насельніцтва з'яўляецца чыстым прадаўцом валюты.
На гэтым фоне актыўна зніжаюцца стаўкі па ўкладах у замежнай валюце. Паводле інфармацыі сайта «Усе банкі Беларусі», у фінансавых інстытутах нашай краіны ўзнік лішак валюты, у сувязі з чым у жніўні паскорылася зніжэнне працэнтаў па валютных укладах насельніцтва і прадпрыемстваў, якое можа перарасці ў абвальнае падзенне да нуля.
Крэдытаванне ў доларах і еўра ў Беларусі становіцца ўсё менш папулярным з-за рызыкі ўвядзення санкцый з боку заходніх краін, таму патрэбы банкаў у гэтых валютах скарачаюцца, і яны ўсё хутчэй зніжаюць працэнты па дэпазітах.
Так, паводле даных Нацыянальнага банка, сярэдняя стаўка па новых валютных укладах фізічных асоб у доларах ЗША на тэрмін да года ў жніўні апусціўся да 4,73 % гадавых з 5,26 % у ліпені, а па ўкладах на тэрмін вышэй чым год — да 6,1 % з 6,33 %.
На практыцы ў банках сярэднія стаўкі па валютных дэпазітах дасягаюць усяго 4—6 %. Яшчэ больш істотна знізіліся сярэднія стаўкі па новых доларавых дэпазітах юрыдычных асоб.
Стаўкі па ўкладах у еўра для фізічных асоб таксама хутка зніжаюцца і застаюцца крыху меншыя, чым па доларавых. Сярэдняя стаўка па новых дэпазітах насельніцтва ў еўрапейскай валюце на тэрмін да года ў жніўні склала 4,33 % гадавых супраць 4,94 % у ліпені, а па доўгатэрміновых укладах — 5,87 % супраць 6,15 %.
Працягваецца хуткае зніжэнне працэнтаў па дэпазітах у расійскіх рублях. У прыватнасці, сярэдняя стаўка па новых укладах фізічных асоб на тэрмін да года апусцілася ў жніўні да 10,48 % з 12,65 % у ліпені. Па доўгатэрміновых укладах у расійскіх рублях стаўка паменшылася да 11, 56 % з 13,76 %.
Зніжэнне ставак па дэпазітах не суправаджаецца адпаведным памяншэннем працэнтаў па крэдытах, лічаць аналітыкі фінансавага партала. Напрыклад, сярэдняя стаўка па новых крэдытах фізічным асобам у беларускіх рублях на тэрмін да года ў жніўні апусцілася, але нязначна — да 12,52 % з 12,85 % у ліпені. Па доўгатэрміновых крэдытах аналагічная стаўка склала 13,81 % супраць 14,32 %.
Стаўкі па крэдытах Белінвестбанка «Асабісты выбар» і «Зручны» апусціліся на 1 % да 19,9 % гадавых, а па крэдыце «Прафесійны» — на 1 % да 18,9 % гадавых. Для крэдытаў «На фінансаванне нерухомасці (у тым ліку жылыя дамы)» і «ТрэйдІн на нерухомасць» ад гэтага банка стаўкі сталі меншыя на 1,4 % і дасягнулі 19,5 % гадавых. Такім жа чынам змяніліся максімальныя стаўкі па крэдытах «Нерухомасць ад партнёра».
Таксама па новых умовах для крэдытнай карткі «Заўсёды пад рукой» стаўкі на карыстанне сродкамі на тэрмін да 90 і 180 дзён знізіліся на 3 % — да 14,9 % і 16,9 % гадавых адпаведна; пры гэтым стаўка на тэрмін звыш 181 дня скарацілася на 1 % — да 19,9 % гадавых.
У сваю чаргу, прэс-служба «Беларусбанка» заявіла аб тым, што прынята рашэнне з 26 верасня палепшыць умовы для сваіх спажыўцоў, якія ўжо карыстаюцца крэдытнымі прадуктамі банка на будаўніцтва і куплю нерухомасці з плавальнымі стаўкамі — іх скароцяць да 19,5 % гадавых.
«Улічваючы надыходзячы юбілей банка, мы прынялі рашэнне аб зніжэнні ставак, якія перавышаюць 19,5 %, па раней выдадзеных крэдытах на нерухомасць. Гэта дазволіць многім кліентам знізіць фінансавую нагрузку на сямейны бюджэт», — адзначыла намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Святлана Кажэкіна.
Новаўвядзенне закране крэдыты, якія аформлены сёлета з 1 чэрвеня да 28 жніўня. Пры гэтым па тых дагаворах, якія былі заключаны да 31 мая, як паведамляецца, «да канца бягучага года стаўка складзе 19,5 % гадавых».
У першым паўгоддзі колькасць дагавораў, заключаных беларускімі лізінгавымі кампаніямі (без уліку банкаў) з фізічнымі асобамі, павялічылася на 26,9 % і дасягнула 79,5 тысячы. У Асацыяцыі лізінгадаўцаў падкрэслілі, што рост колькасці дагавораў у сферы спажывецкага лізінгу абумоўлены павелічэннем попыту з боку насельніцтва на фоне менш лаяльных умоў фінансавання ў рамках спажывецкага крэдытавання. Гэта значыць, лізінгавыя кампаніі скарысталіся некаторай паўзай у росце спажывецкага крэдытавання. Усяго, па даных на 1 ліпеня бягучага года, у рэестр лізінгавых арганізацый Нацыянальнага банка быў уключаны 101 суб'ект гаспадарання. Сукупны аб'ём партфеля лізінгавых арганізацый на гэтую дату склаў 7,68 мільярда рублёў, павялічыўшыся за паўгоддзе на 293,76 мільёна рублёў.
Эксперты адзначаюць, што пры гэтым значна змыншылася колькасць прадметаў, якія перадаюцца ў лізінг, за выключэннем бытавой тэхнікі і электронікі, якія набываліся насельніцтвам. А менавіта будынкаў і збудаванняў у першым паўгоддзі было перададзена фізічным і юрыдычным асобам усяго 80 супраць 228 ха такі ж час летась.
Колькасць перададзеных у лізінг адзінак машын і абсталявання знізілася да 8 736 з 10 884 адпаведна. У той жа час кліенты актыўна бралі ў лізінг не толькі бытавую тэхніку і электроніку, але і больш дарагія аб'екты.
Калі картка неабходная для разлікаў у крамах, аплат у АРІП, пераводаў з карты на карту і іншых базавых патрэб, то не ўсе хочуць марнаваць шмат грошай на яе выпуск. Мы высветлілі, у якіх банках ёсць такі «кашалёк» з нулявой камісіяй — калі не бяруць грошы ні за выпуск, ні за абслугоўванне. Ёсць нават варыянты з невялікім кэшбэкам і зніжкамі.
Зараз цалкам бясплатных карт з фізічным носьбітам у беларускіх банках не так шмат. Па-першае, гэта пенсіённая картка Беларусбанка БЕЛКАРТ-прэміум у рамках клуба «Аксаміт». Кешбэк 1 % за плацяжы ў АРІП і 3 % у асобных катэгорыях. Можна здымаць да 200 рублёў у месяц у любых беларускіх банкаматах без камісіі. Прадугледжана зніжка 15 % пры афармленні поліса страхавання. Таксама можна выпусціць бясплатна картку БЕЛКАРТ-прэміум пры афармленні яе да рахунку з базавымі ўмовамі абслугоўвання ў якасці адзінай дзеючай карткі.
У банку БелВЭБ можна выпусціць дзве карты: БЕЛКАРТ-прэміум або Vіsa Classіc у рамках пакета паслуг «Усё проста». Афармляюцца бясплатна толькі ў офісах банка. Разлічвацца можна толькі на тэрыторыі Беларусі (Vіsa Classіc) і беларускіх сайтах і ў сетцы аплатнай сістэмы «Мір» (БЕЛКАРТ-прэміум), у тым ліку пры адсутнасці іншых дзейных картак БЕЛКАРТ-прэміум, БЕЛКАРТ-стандарт.
У банку «Дабрабыт» бясплатнай будзе картка Vіsa Gold у рамках пакета паслуг «Матуля». Яна прадугледжвае кэшбэк да 2 % і зніжкі да 50 % у партнёраў (сярод іх — крамы «Світанак», 21vek.by, медцэнтр «Ладэ», лабараторыя «Сінэва» і іншыя). Разлічвацца можна толькі на тэрыторыі Беларусі і беларускіх сайтах.
У МТБанку можна заказаць бясплатную картку Мastercard Standard «Кактус». Кэшбэк ад любых пакупак да 1 % у бонусных балах, з дапамогай якіх у далейшым можна кампенсаваць свае пакупкі. Яе можна аформіць як віртуальную, так і з фізічным носьбітам (у офісе банка).
У Парытэтбанку часова даступная бясплатная картка Mastercard Gold. Бясплатна аформіць карту можна толькі ў офісе ў Мінску. Падыходзіць для разлікаў як у Беларусі, так і за мяжой.
Тэрмін дзеяння гэтых картак ад 3 да 7 гадоў. Акрамя таго, банкі прапануюць бясплатныя карты без фізічнага носьбіта, ёсць віртуальныя (лічбавыя). Іх можна аформіць у некалькі клікаў у дадатку і выкарыстоўваць для разлікаў на сайтах або ў афлайн-крамах (з дапамогай тэлефона ці смарт-гадзінніка). Віртуальныя карткі без платы за выпуск і абслугоўванне можна аформіць амаль ва ўсіх банках краіны.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/finansy
[5] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika