Наркотыкі не толькі разбураюць арганізм асобнага чалавека, але і вядуць да краху цэлых дзяржаў. Гэта не толькі бізнес, дзе абарочваюцца велізарныя сродкі, але і спосаб уплыву на глабальныя працэсы развіцця цэлых рэгіёнаў. Як з іх дапамогай знішчаліся цэлыя імперыі і да якіх наступстваў вядзе іх распаўсюджванне, у тым ліку і сёння, мы разбіраліся разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.
— Доктар Гумен, не ўсе ведаюць, што наркотыкі — элемент гібрыдных войнаў. Растлумачце, якое месца ў іх яны займаюць?
— Праблема наркотыкаў нашмат глыбейшая, чым толькі іх шкодны ўплыў на арганізм. Яны змянялі ход гісторыі, развальвалі цэлыя імперыі і да цяперашняга часу ўплываюць на эканамічнае развіццё дзяржаў. Урон, які яны наносяць, нашмат большы, чым сучасная зброя.
Адзін з самых старажытных наркотыкаў, опіум, істотна паўплываў на развіццё і знікненне дзяржаў. Як вядома, капіталістычная сістэма існуе каля пяцісот гадоў. Для яе функцыянавання патрэбныя тры асноўныя элементы. Гэта крыніцы таннай рабочай сілы і энергіі, таннай сыравіны і рынак збыту. Калі прыбраць адзін з гэтых элементаў, сістэма праваліцца. І, як вядома, развітыя краіны не маглі б існаваць, калі б не было краін «другога» і «трэцяга» свету. Частку сваіх праблем яны вырашаюць праз краіны, якія развіваюцца, дзе можна танна атрымаць рабочую сілу, сыравіну для сваіх вытворчасцяў. Гэта донары для развітых краін. Таму ментальныя войны — гэта частка руху, які тармозіць развіццё краін «другога» і «трэцяга» свету.
У ХVІІІ — пачатку XІX стагоддзя валавы ўнутраны прадукт Кітая займаў 35 % ад сусветнага. Для параўнання, сёння самая развітая краіна свету, ЗША, мае каля 25 % ад сусветнага ВУП. Гэта была найбагацейшая дзяржава Азіі. І ў той час, і ў цяперашні менталітэт кітайцаў такі, што яны даражаць сваёй культурай, традыцыямі, звычаямі. Дастаткова цяжка туды было пранікнуць іншым дзяржавам, а Вялікабрытанія, захапіўшы ў якасці калоніі Індыю, вельмі імкнулася тое самае зрабіць і з Кітаем. Пасланнік караля Англіі Георга ІІІ прыйшоў да кітайскага імператара Цяньлуна, каб наладзіць гандаль, але імператар адказаў: нам Бог даў усё, што неабходна, і нічога нам не патрэбна. Укараніцца ў гэтую краіну было амаль немагчыма.
Аднак Кітай быў надзвычай прыцягальным, бо валодаў шэрагам унікальных на той час тавараў — гарбатай, фарфорам, шоўкам, спецыямі. А ўзамен прапанаваць было няма чаго, таму разлічвацца даводзілася срэбрам.
Англічан такая сістэма з перакосам гандлёвага балансу ў бок Кітая не задавальняла. Так пачаліся ментальныя войны з Кітаем. Англічане змяшалі опіум з табакай і перш за ўсё праз сваіх унутраных агентаў пачалі ўкараняць у гэтай краіне. Спачатку тое было дорага, яго курылі афіцэры вышэйшага рангу, высокія чыноўнікі, багатыя прадпрымальнікі. Але паступова ён добра пайшоў, Кітай пачаў актыўна набываць опіум, які паступаў з брытанскай калоніі — Індыі. І менавіта опіумны гандаль і стаў тым ключом, які дапамог «адкрыць» Кітай.
Ментальныя войны часта маюць незваротны характар. Лепш не падсаджвацца на гэту іголку, бо зваротнага шляху няма. Згаданая залежнасць так шырока распаўсюдзілася ў Кітаі і ўжыванне опіуму было такім масавым, што ўжо не хапала ні фарфору, ні шоўку, ні гарбаты, каб разлічыцца. Такім чынам англійскае срэбра з лішкам вярталася ў англійскую казну. Опіум — гэта атрута, і ўкараненне яго з боку іншай дзяржавы можна лічыць генацыдам. Наркатычныя рэчывы за пэўны час забіваюць чалавека.
Калі скрынка опіуму ў Індыі каштавала 130 фунтаў, то ў Кітаі — ужо 600. Брытанцы пачалі зарабляць вялікія грошы, і іх экспарт опіуму дасягнуў 20 %. А ў Кітаі ён стаў часткай традыцыі — яго ўжывалі амаль усе.
Кітайцы не адразу ацанілі ўрон ад опіуму. І эліта, і простыя людзі курылі, усе былі спакойныя і задаволеныя. Кантраляваць іх было прасцей, бо ўсе знаходзяцца ў эйфарыі. Амаль 15 гадоў на гэта не звярталі ўвагу, пакуль не зразумелі, што краіна канчаткова паралізавана, і вялікая колькасць сродкаў ідзе толькі на закупку опіуму. І з 1839 года імператар Кітая забараніў увоз опіуму. Увесь наяўны наркотык скінулі ў мора. І атрымалі вялікія пратэсты з боку Англіі.
У 1840 годзе брытанскія ваенныя караблі пачалі вайну з Кітаем. Апошні быў надзвычай аслаблены і супраціўляцца не мог. У вёсцы Сан Юань Лі 800 англічан супрацьстаялі 100-тысячнай кітайскай арміі. І англічане выйгралі.
— Адыграла ролю і тэхналагічная адсталасць краіны на той момант.
— Безумоўна. Але і прымяншаць ролю опіуму нельга. Праз два гады ваеннага супрацьстаяння, у 1842 годзе, быў заключаны Нанкінскі мірны дагавор. Англічане назаўсёды забіраюць Ганконг, выплачаны вялізныя кантрыбуцыі і кампенсацыя за канфіскаваны перад вайной кантрабандны опіум.
Але англічане не перапынялі спроб разваліць імперыю. Паўдзельнічалі яны і ў грамадзянскіх войнах унутры краіны. І англічане, і французы падтрымлівалі розныя групы, кожную забяспечвалі зброяй і ваеннымі парадамі. Гэтыя войны канчаткова аслабілі вялікую імперыю. Пасля па правакацыі Вялікабрытаніі пачынаецца другая опіумная вайна, дзе Англія ваюе супраць Кітая сумесна з Францыяй.
І ўжо з 1860 года заключаны Пекінскія пагадненні на крайне нявыгадных для Кітая ўмовах: поўны кантроль над Кітаем і легалізацыя гандлю опіумам па ўсёй краіне. Кітай у чарговы раз плаціць вялікія кантрыбуцыі Англіі і Францыі, адкрывае парты для гандлю з еўрапейскімі краінамі, дазваляе выкарыстоўваць кітайцаў у якасці рабочай сілы ў калоніях Англіі і Францыі.
Мы бачым, як опіум разваліў імперыю, пазбавіў яе суверэнітэту, зрабіўшы з самабытнай і незалежнай дзяржавы поле для рэалізацыі тавараў і развіцця еўрапейскіх эканомік. Нягледзячы на такі цяжкі ўдар, які Кітай перанёс, ён, як Фенікс, адрадзіўся і стаў зноў вялікай дзяржавай.
— Была ў гэтых войнах і роля Амерыкі...
— Так, хоць не такая заўважная. ЗША таксама хацелі гандляваць опіумам. Яны бралі яго ў Асманскай імперыі, ён быў больш нізкай якасці, чым індыйскі. Пасля Цяньдзіньскага дагавора, калі імператар збег са свайго палаца, яны разрабавалі фарфор, каштоўныя рэчы і падзялілі разам з англічанамі. Потым самі пачалі вырошчваць у Кітаі опіум.
Цікава, што свой першы капітал так зарабіў Дэлано Рузвельт, амерыканскі бізнесмен, дзед прэзідэнта ЗША Франкліна Дэлано Рузвельта. Ён дзякуючы опіуму, прададзенаму ў Кітай, разбагацеў і набыў у Амерыцы шахты, чыгуначныя і нафтавыя кампаніі. Яго сям'я была вельмі багатая і ўплывовая ў ЗША. Потым, калі яго ўнук стаў прэзідэнтам гэтай краіны, былі спробы расследаваць, адкуль сям'я ўзяла свой капітал, але яны нічым не скончыліся.
— Ці ёсць яшчэ прыклады ў гісторыі, калі наркотыкі станавіліся элементамі ўплыву для атрымання палітычных і эканамічных выгод?
— Распаўсюджванне наркотыкаў было характэрнае і для краін Усходу, нават мусульманскіх. Алкаголь там цяжка было прадаць, лягчэй было распаўсюджваць опіум. Існавала цэлая культура курэння. У Іране ў шахаў меліся адмысловыя наборы з золата, дарагога фарфору. А простыя людзі набывалі попел, які заставаўся пасля курэння, у два разы даражэй, чым сам опіум.
Для каланіяльнай Вялікабрытаніі было танней кантраляваць людзей, якія ўжываюць опіум, чым трымаць там цэлую армію. У далейшым гэтыя краіны не маглі нармальна развівацца, бо, пачынаючы ад шаха заканчваючы простым селянінам, усе курылі опіум. А Вялікабрытанія забірала ўсё, што хацела.
— Гэта прыклады часоў каланіяльнай гісторыі Англіі і Францыі. А як цяпер?
— Па неафіцыйных даных, распаўсюджванне наркотыкаў дагэтуль кантралюецца спецслужбамі Амерыкі і Вялікабрытаніі. Мы бачым, як некалькі гадоў таму ў Афганістане з дапамогай амерыканскай арміі знішчана частка макавых палёў з-за перавытворчасці. Гэта зроблена, каб падтрымліваць узровень кошту наркотыкаў у іншых краінах. Калі б яны хацелі пазбавіцца ад наркотыку, то мусілі знішчыць усе палі. На жаль, такая барацьба накіравана не на тое, каб ліквідаваць наркотыкі, а на тое, каб прыбіраць канкурэнтаў.
Трэба сказаць і пра ролю Германіі. Два наркотыкі народжаны ў гэтай краіне — гераін і метамфетамін. Германія здаўна мела добрую базу для вывучэння атрутных рэчываў. І цяпер яны бяруць на лячэнне атручаных людзей. Так было, напрыклад, пасля выкарыстання хімічнай зброі падчас вайны паміж Іранам і Іракам. Насамрэч Германіі гэта было цікава і для даследаванняў.
Дык вось, у 1898 годзе кампаніяй Баер быў вынайдзены гераін як лекі ад туберкулёзу і болевага сіндрому. Сёння ў такіх краінах, як ЗША і Расія, гераін займае першае месца сярод усіх наркотыкаў па распаўсюджанасці. Людзі, якія ўжываюць гераін, доўга не жывуць. Каб дасягнуць стану эйфарыіі, з кожным разам дозу варта павялічваць. У выніку яна расце да такой ступені, што наступае перадазіроўка: кроў не паступае ў галаўны мозг, спыняецца дыханне і чалавек гіне.
Гераінавыя наркаманы, калі не ўжываюць дозу, адчуваюць страшныя мышачныя болі, вядомыя як ломка. Фармацэўтычныя кампаніі вынайшлі абязбольвальныя таблеткі для такіх наркаманаў, якія ў выніку таксама выклікаюць залежнасць. У прыватнасці, на тэрыторыі ЗША больш за чатыры мільёны чалавек прымае такія прэпараты.
Другі «падарунак» ад немцаў — метамфетамін, адкрыты ў 1887 годзе выхадцам з Румыніі Лазарам Эдзеланавым. Ён быў забыты і доўга чакаў свайго часу. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкае камандаванне зразумела, што калі даваць яго салдатам, яны становяцца бадзёрымі, добра ваююць, у іх знікае пачуццё страху. Метамфетамін таксама прапаноўваўся як лекі для пахудзення і ад паркінсанізму. Насамрэч, людзі, якія яго выкарыстоўваюць, моцна худзеюць, але гэты ж наркотык з'яўляецца прычынай развіцця паркінсанізму.
Яго выкарыстоўваў і Адольф Гітлер. Калі ён вітаўся з генераламі, відаць, як трэсліся рукі — наступства доўгага ўжывання метамфетаміну. Яго ўжывалі ўдзельнікі гурта «Бітлз». У 1960 годзе прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан забараніў продаж дадзенага наркотыку. Гэта стала дарагім задавальненнем, ім пачалі гандляваць падпольна. Пасля гандаль перайшоў у Мексіку. Метамфетамін шырока ўкараняецца ў бедных краінах, якія развіваюцца.
— На нашай тэрыторыі, здаецца, наркотыкі прыжываюцца горш...
— У Беларусі сур'ёзныя законы і пакаранне за распаўсюджванне наркотыкаў, і гэта вельмі дапамагае. Але з часоў СССР адной з вялікіх праблем быў і застаецца алкаголь, таксама адна з разнавіднасцяў наркотыку, які выклікае залежнасць. Насамрэч алкаголь не настолькі страшны. Некаторыя віды, як чырвонае віно ці каньяк, могуць прыносіць карысць, але ў невялікіх дозах. Уся праблема — у надзвычайным ужыванні і ўкараненні культуры «Чым больш я магу выпіць, тым большы герой». Алкаголь, як мы ведаем, выклікае дэградацыю асобы і шмат захворванняў, разбурае печань, пагаршае рэпрадуктыўнае здароўе, а гэта вядзе да дэмаграфічных праблем нацыі, папросту — яе вымірання. Каля 30 %
смяротнасці ў Расіі звязана з ужываннем алкаголю. Больш п'юць мужчыны, чым жанчыны. За кошт гэтага сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын у Расіі меншая, чым у такіх краінах, як Йемен і Судан. А калі параўноўваць з Заходняй Еўропай, то ў расіяніна яна на 17 гадоў меншая.
Калі да развалу Саюза сярэдняй зарплаты хапала на 10 літраў гарэлкі, то пасля 1994 года, нягледзячы на эканамічны крызіс і абясцэньванне грошай, — ужо на 47 літраў. Піць пачалі больш, і гэта ўзмацняла крызіс у краіне. Толькі ў 2003 годзе ўжыванне алкаголю ў Расіі зменшылася на трэць, з ім пачалі змагацца больш актыўна: павысіліся цэны, пасля 23 гадзін ён не прадаваўся, зменшылася і часткова была забаронена рэклама. Аднак з'явілася іншая праблема — сурагат, што прывяло да масавых атручэнняў.
Яшчэ ў савецкі час лічылі, што змяншэнне продажу гарэлкі прывядзе да страты прыбытку, які мае дзяржава. Але калі палічыць, то адзін рубель прыбытку ад продажу алкаголю прыносіць пяць рублёў урону, бо гэта грошы на ахову здароўя, наступствы ад злачыннасці ў п'яным выглядзе, брак і гібель на вытворчасці. Таму насамрэч дзяржаве больш выгадна, каб людзі пілі менш.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gumen-garbannidzhad
[4] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[5] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue