Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі з 1 студзеня 2023 года абавязаны выкарыстоўваць касавае абсталяванне ў рознічным гандлі харчовымі таварамі, у тым ліку сельскагаспадарчай прадукцыяй, на кірмашах, гандлёвых месцах, паведамілі [1] ў Міністэрстве па падатках і зборах.
«Аднамомантавае падключэнне касавага абсталявання ўсіх зацікаўленых суб’ектаў гаспадарання да сістэмы кантролю не ўяўляецца магчымым. Таму неабходна загадзя набыць праграмныя касы альбо касавыя падсумоўваючыя апараты, заключыць з інфармацыйна-выдавецкім цэнтрам па падатках і зборах (ІВЦ) грамадзянска-прававы дагавор на рэгістрацыю і інфармацыйнае абслугоўванне ў сістэме кантролю касавага абсталявання, падаць заяўкі на падключэнне да СККО», — адзначылі ў МПЗ.
Перад зваротам у ІВЦ суб’ектам гаспадарання неабходна заключыць дамову з аператарам праграмнай касавай сістэмы альбо з цэнтрам тэхнічнага абслугоўвання і рамонту касавых апаратаў.
МПЗ рэкамендуе да набыцця касавых апаратаў і праграмных кас удакладняць у прадаўцоў магчымасць наступнай дапрацоўкі для выкарыстання пры рэалізацыі тавараў, якія падлягаюць маркіроўцы ўніфікаванымі кантрольнымі знакамі або сродкамі ідэнтыфікацыі. Дапрацоўка і замена касавага абсталявання плануецца ў 2023-2025 гадах.
Спасылкі
[1] https://www.nalog.gov.by/news/14579/
[2] https://zviazda.by/be/tags/mpz
[3] https://zviazda.by/be/tags/kasa
[4] https://zviazda.by/be/tags/gandl