Сусветна вядомы пісьменнік і лётчык Антуан дэ Сент-Экзюперы неяк заўважыў: «Быць чалавекам — гэта адчуваць сваю адказнасць». Тым больш правільнае гэтае сведчанне ў дачыненні да сапраўднага пісьменніка, чыёй творчасці адчуванне адказнасці перад часам і людзьмі надае той глыбінны сэнс, праяўленне якога магчыма толькі тады, калі з’яднаны талент, выразная гуманістычная і грамадзянская пазіцыя. Акурат гэтым і цікавы народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, у якога, праўда, слава не такая шырокая, як у Антуана дэ Сент-Экзюперы, але творцам многіх краін застаецца толькі пазайздросціць яго вядомасці. За разнапланавыя дасягненні ў галіне культуры і навукі Мікалай Іванавіч занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Кембрыджскім бібліяграфічным цэнтрам за выдатны ўклад у міжнародныя адносіны, а таксама за значны ўнёсак у мастацкую літаратуру яму прысвоена званне «Міжнародны прафесіянал 2005 года». У 2008 годзе Амерыканскі бібліяграфічны інстытут назваў яго «Чалавекам года».
Згадаць жа ўсе званні, узнагароды, атрыманыя «дома» і ў блізкім замежжы, месца не хопіць. Іначай быць і не можа, бо іншага не дадзена. Талент абавязвае. А ў прыдачу здзіўляльная працаздольнасць. Не толькі творчая, але і арганізатарская. Мікалай Іванавіч — выдатны дзяржаўны і грамадскі дзеяч, генерал-лейтэнант унутраных войск. Удзельнік Афганскай вайны. І аўтар больш чым пяцідзесяці раманаў, шмат якія перакладзены і на іншыя мовы.
Паколькі доўгі час працаваў у міліцыі, пачаў з тэмы, яму блізкай. І першая кніга «Чацвёрты след», і наступныя «Трывожная служба» і «Следства працягваецца» дакументальныя ў сваёй аснове. Асноўны іх герой — супрацоўнік крымінальнага вышуку капітан Ігар Ветраў. Ён «перайшоў» і ў аповесць «Фінал Краба», аднак у чарговым званні. Часопісны варыянт твора — «Здагадка маёра Ветрава». Гэта класічны дэтэктыў, але адначасова глыбока псіхалагічны, што і адрознівала яго ад дэтэктываў-аднадзёнак. Згаданая аповесць таму і стала значнай вяхой у мастакоўскай біяграфіі Мікалая Іванавіча, што ён пачаў упэўнена адыходзіць ад дакументальнай асновы. Як у дылогіі, што складаецца з раманаў «Вам — заданне» і «За секунду да выстралу».
На першы з іх у рэцэнзіі «Навука перамагаць», змешчанай у «Литературной газете», звярнуў увагу Васіль Быкаў: «Это многоплановое произведение, по-видимому, задумывалось автором как традиционный семейный роман — с обстоятельным и неторопливым исследованием характеров в их семейных и бытовых сцеплениях, как это и принято в современной и классической литературе, имеющей немало великолепных примеров такого рода». Быкава-крытыка дапаўняў Быкаў-празаік, які ведаў, адштурхоўваючыся не толькі ад вопыту сучаснай літаратуры, але і з уласнай творчай практыкі, што час прынёс адчувальныя змены нават у такі, здавалася б, непахісны асяродак, як той, які трымаецца на сваяцкіх адносінах, таму далей развіваў сваю думку такім чынам: «Но известно, что в наш ХХ век с его отличительными от предыдущих времен, порой лихорадочными и сумбурными, ритмами жизни семейные рамки тесны и недостаточны. И уж они совершенно не в состоянии выдержать напора тех бурных страстей и ошеломляющих событий, которыми изобиловала минувшая война». Зыходзячы з гэтага, Васіль Уладзіміравіч разумеў, якую цяжкую задачу паставіў перад сабой аўтар. Аднак вітаў яго памкненні, бо паспеў пераканацца, наколькі маштабная задума ўжо адпавядала свайму адэкватнаму ўвасабленню.
Не мог Мікалай Іванавіч не звярнуцца і да падзей Афганскай вайны. Абодва раманы — «Тайна Чорных гор» і «Сыны» — надзвычай праўдзівыя і памастацку дасканалыя. Тым не менш у другім з іх больш глыбокае пранікненне ў падзеі, непасрэдным удзельнікам якіх быў. Куды больш пранікліва расказваецца, як тое, што адбывалася ў гэтай краіне, адгукнулася ў лёсе савецкіх людзей. Пісьменнік пастаянна праводзіць паралель з мірнай рэчаіснасцю. Ёсць у рамане і праўда, якая доўгі час замоўчвалася. Толькі праз замежныя «галасы» прасочвалася інфармацыя пра тое, што на адной з найбуйнейшых ваенных баз, дзе ўтрымліваліся савецкія ваеннапалонныя і афганцы, якіх таксама напаткала няволя, адбылося паўстанне.
Старонкі аб пакістанскім палоне ў жанравых адносінах прымыкаюць да палітычнага рамана. Аўтар расказвае пра тых, хто нават у самых жорсткіх умовах не зламаўся. Адначасова ён выкрывае тых барацьбітоў за «дэмакратыю», якія прывыклі дзейнічаць, прыкрываючыся двайнымі стандартамі. Па сутнасці, абагнаў час, закрануўшы праблему, на якую літаратура яшчэ не звяртала ўвагі. Тым самым стаў першапраходцам. Дарэчы, пасля гэтага ў падобнай ролі выступае неаднаразова, ускрываючы заганы буржуазнага грамадства ў самых розных іх праяўленнях.
Усе гэтыя заакіянскія дабрадзеі накшталт амерыканца Роберта, англійскага лорда Нікаласа Бетэла, амерыканскай разведчыцы Людмілы Торн, якая праходзіць пад сваім прозвішчам у ролі перакладчыцы, і іншыя нічым не адрозніваюцца ад тых, хто і цяпер спрабуе прымусіць увесь свет жыць па ўласным узоры. Аднак карта ўсіх гэтых паноў біта. Савецкіх салдат, як і іх аднагодкаў, на мякіне не правядзеш. Сярод іх не знайшлося тых, каму захацелася б пакаштаваць даброты замежнай цывілізацыі, у першую чаргу амерыканскай. У нечалавечых умовах яны не толькі выжылі, але і, знайшоўшы агульную мову, паднялі паўстанне.
Раман «Сыны», як і многія іншыя кнігі Чаргінца, неаднойчы перавыдаваўся (гэта пры тым, што першы наклад яго, як і «Тайны Чорных гор», быў для Беларусі агромністы — 180 тысяч асобнікаў). Гэта сведчыць аб запатрабаванасці твора. І яшчэ не менш прыемны факт. У 1989 годзе (ён быў і годам выхаду «Сыноў» у выдавецтве «Мастацкая літаратура») аддзел сацыялогіі Дзяржаўнай кніжнай палаты БССР прапанаваў чытачам спіс усіх 140 мастацкіх і дакументальна-мастацкіх кніг, што выйшлі тады ў краіне. Пасля аналізу 1503 атрыманых анкет ЭВМ паставіла «Сыноў» на трэцяе месца. Першай была названа кніга «Знак бяды. Раман. Кар’ер. Аповесць» Васіля Быкава, а другой — «Хатынская аповесць. Публіцыстыка» Алеся Адамовіча. Што ж, чытач аддае перавагу сапраўднай літаратуры. Дарэчы, годам раней кніга Чаргінца «Загад № 1» у выніку правядзення такога ж апытання заняла другое месца. Пасля «Аповесцей» Быкава. Сам жа Мікалай Іванавіч сваім любімым творам лічыць дылогію «За секунду да выстралу» і раман «Сыны».
Ужо нават з разгледжаных твораў добра відаць, наколькі шматгранная творчасць Мікалая Чаргінца, як настойліва, мэтанакіравана і паспяхова асвойвае ён самыя розныя тэмы, робячы гэта па-свойму, правільным будзе сказаць, па-чаргінцоўску. Калі ж дадаць яшчэ раманы, што засталіся па-за межамі гэтага аналізу, то атрымаецца аб’ёмны літаратурны мацярык, густа населены самымі рознымі персанажамі. За імі — жыццё, якое простым не было, ды і ніколі не будзе. Задача ж пісьменніка, як вядома, і заключаецца ў тым, каб, праўдзіва ўзнаўляючы яго, працаваць як бы на апярэджанне, празорлівасцю свайго таленту нават прадугадаць тое, што магчыма. Тут трэба ўмела арыента¬вацца ў сучасных падзеях, падыходзячы да іх у глабальным разрэзе.
Менавіта гэтага ён дасягнуў у рамане «Ілоты вар’яцтва» яшчэ за шэсць гадоў да трагедыі, што адбылася ў Нью-Ёрку, калі былі ўзарваны хмарачосы. Сілай свайго таленту папярэдзіў чалавецтва аб пагрозе, што нясе міжнародны тэрарызм. Раманам жа «Тайна Авальнага кабінета» таксама выказаў занепакоенасць тым, як складзецца далейшы лёс планеты, у жыццё якой усё больш умешваюцца жыхары таго дома, у якім няма нічога святога, нормай паўсядзённага жыцця стала амаральнасць. І ў абодвух выпадках засведчыў: калі за пэўную тэму не бяруцца іншыя, асвятляй яе сам. Асабліва калі ўпэўнены, што справішся.
Мікалай Чаргінец — з тых пісьменнікаў, пра каго можна сказаць: яму гады — паўбяды. Па-ранейшаму піша гэтак сама плённа, як і ў час сваёй мастакоўскай маладосці, а аддача такая, якой і многім празаікам-маладзёнам застаецца пазайздросціць. Ды яшчэ што ні твор — абавязкова сваё слова. У гэтым, у прыватнасці, пераконвае раман «Аперацыя «Кроў»», дзе апавядаецца пра дзіцячыя лагеры ў вёсцы Сёмкава пад Мінскам, у якіх у хлопчыкаў і дзяўчынак забіралі кроў для лячэння нямецкіх салдат і афіцэраў. Ніхто да Мікалая Чаргінца так падрабязна не пісаў і пра тое, што адбывалася ў Мінскім гета, пра генацыд, якому падвяргаліся ні ў чым не вінаватыя людзі. У рамане пераканаўча паказана, што ў яўрэйскай крыві і тыя, каго сёння ёсць ахвотныя абяліць. Напрыклад, гаўляйтар Кубэ.
Нічога падобнага на раман «Аперацыя «Кроў»» у нашай літаратуры раней не было. Для гэтага мала вялікага таленту. Трэба ўсё прапусціць праз сябе. Так зрабіць, каб яно стала часткай і цябе самога, а лёс тых, каго ўзнавіў, ператварыўся ў часцінку тваёй унутранай біяграфіі, становячыся ўжо і тваім болем. Твор гэты пры ўсёй сваёй высокай мастацкай вартасці валодае і не менш важнай якасцю: гэта — кніга-ўчынак пісьменніка, які сам добра ведае, што такое мужнасць і гераізм, не трывае подласці і здрады.
Такая яго грамадзянская і пісьменніцкая пазіцыя і ў рамане «А ён не вярнуўся з бою» — своеасаблівым працягу «Тайны Чорных гор» і «Сыноў». Спачатку хацеў дадаць да «Сыноў» раздзел пра капітана Бровікава, для якога ўдзел у Афганскай вайне стаў часткай выпрабаванняў, наканаваных яму лёсам. Але паступова выкрышталізавалася задума новага рамана. Настолькі вострасюжэтнага, што не адарвацца.
Галоўны літаратурны герой Бровікаў, страціўшы нагу, не толькі ўцякае з душманскага палону, але і трапляе ў Егіпет, пасля — на алмазныя прыіскі ў Зімбабвэ. Яшчэ пазней палюе на львоў, пасябраваў з туземцамі. Увайшоў у давер да кіраўнікоў адной з аўтарытэтных кампаній. Толькі сюжэт сюжэтам, але не менш важна, а ў нечым і больш, наколькі ўсё гэта пададзена псіхалагічна дакладна і выверана. Хоць чаму здзіўляцца: сапраўдны майстар заўсёды застаецца майстрам. І мяжы дасканаласці няма, калі глыбінны талент, асновы якога закладзены ў маладыя гады, у больш чым сталым узросце шліфуецца так, што немагчымае становіцца магчымым. Выяўляецца гэта не толькі ў той тытанічнай актыўнасці Мікалая Іванавіча, пра якую ўжо гаварылася, а ў жаданні падзяліцца з чытачом пражытым і перажытым. Гэтым напоўнена і яшчэ адна новая кніга, якая неўзабаве выйдзе ў Выдавецкім доме «Звязда».
Ёсць у Мікалая Чаргінца і тое, што ніякімі дакументамі не пацвярджаецца. Ды ў іх і неабходнасці няма. Гэтая якасць найлепшым з найлепшых надаецца самім Усявышнім. А Гасподзь, як найвялікшы празорца ў Сусвеце, і надзяліў ёю і Мікалая Іванавіча. Ён — найсумленнейшы чалавек, а такія людзі, быццам вялікі магніт, прыцягваюць да сябе і многіх, хто таксама трапляе пад гэтакае вызначэнне. Таму чаргінцоўскае атачэнне — такія выдатныя людзі, як народныя пісьменнікі Беларусі Васіль Быкаў, Андрэй Макаёнак, Іван Шамякін, Іван Чыгрынаў... Нібы маці, была для яго Ганна Цімафееўна Гагарына, якая ўспрымала яго ледзь не родным сынам. Стасункі з Быкавым склаліся настолькі прыязнымі, сяброўскімі, што Васіль Уладзіміравіч пры ўсёй сваёй занятасці знаходзіў час, каб пісаць калегу ў Афганістан, а ў друку ахвотна адгукаўся на яго творы.
У пэўнай ступені гэта і тое, што, пераўвасабляючы па-беларуску неўміручыя радкі Міхаіла Лермантава, яшчэ адзін волат нацыянальнага прыгожага пісьменства Аркадзь Куляшоў перадаў настолькі непаўторна, нібы так і ў арыгінале: «<...> зорка зорцы голас падае». Літаратурная зорка Мікалая Чаргінца таксама займае годнае месца ў багатым пісьменніцкім сузор’і беларускай літаратуры. Яго творы, хоць і напісаны па-руску, напоўнены духам беларускім. Чытаючы кнігі гэтага выдатнага нашага сучасніка, атрымліваеш той зарад аптымізму і бадзёрасці, пасля якога яшчэ больш хочацца жыць. Тым больш разам з ім.
З 85-годдзем, дарагі Мікалай Іванавіч!
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Фота БелТА, sb.by і Кастуся Дробава
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-marcinovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-charginec
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[7] https://zviazda.by/be/tags/vasil-bykau
[8] https://zviazda.by/be/tags/literaturnaya-gazeta-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/afganistan