Беспрэцэдэнтнае рашэнне для Гомельшчыны: інтарэсы ашуканых падчас будаўніцтва дольшчыкаў абараніў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які дасць магчымасць завяршыць будаўніцтва жылля ў цэнтры Гомеля.
Яшчэ вясной бягучага года гамяльчане, якія восем гадоў таму пацярпелі ад нядобрасумленнага забудоўшчыка, сталі адрасатамі праекта асобнага Указа Прэзідэнта Беларусі. [3] Дакумент прадугледжваў узвядзенне жылля да канца 2025 года і першачарговае права атрымання кватэр у ім менавіта падманутымі дольшчыкамі. «Звязда» пісала пра гэта 4 красавіка 2022 года.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні падпісаў Указ № 372, які дае магчымасць у мэтах абароны інтарэсаў грамадзян завяршыць будаўніцтва двух 10-павярховых двухсекцыйных дамоў па вуліцы Тэльмана ў Гомелі. Дакументам вызначаны ў якасці заказчыка Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомеля, генеральнай праектнай і падраднай арганізацыяй выступіць ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат». Указ таксама акрэслівае меры па распрацоўцы, аднаўленні (карэкціроўцы) праектнай і іншай дакументацыі, неабходнай для завяршэння будаўніцтва жылля. Акрамя таго, у ім вызначаны крыніцы фінансавання будаўніцтва.
Нагадаем, што гісторыя з даўгабудам у самым цэнтры Гомеля пачалася ў 2015 годзе. Прыватная кампанія-забудоўшчык рэалізавала жыллёвыя аблігацыі (1 аблігацыя — 1 квадратны метр) на ўзвядзенне шматпавярховага жылля з падземным паркінгам. Кампанія пабудавала адзін з запланаваных дамоў, а другі так і не пачала. Забудоўшчык не змог дагаварыцца з уладальнікамі прыватнай забудовы, на месцы якой планавалася ўзвесці новы шматпавярховік. На той час змянілася заканадаўства аб выдзяленні зямельных участкаў пад шматпавярховую будоўлю, і сітуацыя аказалася невырашальнай. Больш за 30 дольшчыкаў — уладальнікаў аблігацый — засталося і без кватэр, і без грошай. Ашуканыя гамяльчане звярнуліся да праваахоўнікаў. Кіраўнік фірмы паўстаў перад законам летам 2017 года. Да суда і падчас следства ён поўнасцю ці часткова разлічыўся з некаторымі з пацярпелых.
На працягу амаль васьмі гадоў гамяльчане, якія так і не вярнулі свае грошы за аблігацыі і засталіся без жылля, не пакідалі надзеі на вырашэнне іх праблемнага пытання.
У пачатку бягучага года пацярпелыя жыхары абласнога цэнтра з першых вуснаў ад кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама даведаліся аб практыцы вырашэння падобных складаных сітуацый на дзяржаўным узроўні. У аблвыканкаме была арганізавана сустрэча з ашуканымі дольшчыкамі, якія даведаліся аб сутнасці падрыхтаванага праекта Указа Прэзідэнта па абароне іх інтарэсаў.
Цяпер, пасля падпісання Прэзідэнтам Беларусі асобнага ўказа па завяршэнні будаўніцтва дамоў на вуліцы Тэльмана ў Гомелі, праект па ўзвядзенні двух 10-павярховых двухсекцыйных дамоў будзе актуалізаваны. Ужо сёння вядома, што, каб знізіць кошт жылля, было вырашана адмовіцца ад падземнага паркінга, прадугледжанага першапачатковым праектам.
— На вызначаным участку знаходзіцца шэсць прыватных домаўладанняў, якія падлягаюць зносу. Правы грамадзян, якія там пражываюць, будуць рэалізоўвацца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, — расказаў журналістам намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Гомеля Аляксандр Шышкевіч.
Правам першачарговага заключэння дагавора на долевае будаўніцтва змогуць скарыстацца грамадзяне, якія не выкарысталі аблігацыі, рэалізаваныя былым забудоўшчыкам. Атрымаць кватэры ў дадзеным жыллі таксама змогуць гамяльчане, якія стаяць на ўліку як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/news/20220404/1649084954-intaresy-padmanutyh-u-budaunictve-dolshchykau-u-gomeli-lukashenka-abaronic
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shyshkevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomelshchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo