У Казахстане з'явіўся першы TіkTok House на дзяржаўнай мове. Для адбору ўдзельнікаў праекта каманда MynBalа наведала ўсе рэгіёны краіны і арганізавала кастынг. Усяго было адабрана 20 чалавек, якім цікавыя мастацтва і творчасць. Узрост у іх розны: ад 16 да 22 гадоў.
Усе яны будуць вучыцца ствараць якасны кантэнт. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты — першыя ўдзельнікі праекта MynBala, а TіkTok House — арандаваны трохпавярховы катэдж, дзе яны збіраюцца, абмяркоўваюць тэмы, спяваюць і вучацца ў больш дасведчаных членаў каманды.
Трэндавыя танцы, гутарковыя відэа, ліпсінгі — пераважны кантэнт TіkTok-блогераў. Але толькі асобныя аматары гэтай сацыяльнай сеткі выпускаюць яго на казахскай мове. Таму асноўная мэта праекта MynBala House — папулярызацыя дзяржаўнай мовы. Моладзь навучаць ствараць якасны кантэнт і здымаць захапляльныя ролікі. За плячыма кожнага ўдзельніка ўжо ёсць блогерскі досвед, хоць і зусім невялікі. Але і гэтага дастаткова, каб дапамагаць адно аднаму знаходзіць новую аўдыторыю. Удзельнікі праекта будуць вучыцца ў вядомых блогераў і мабілографаў.
За месяц існавання праекта на акаўнт MynBala ў TіkTok падпісаліся больш за 13,4 тысячы чалавек. Ёсць відэа з 1,3 мільёна праглядаў, а многія ролікі каманды набіраюць дзясяткі тысяч лайкаў.
Расійская моладзь назвала найлепшы ўзрост для пачатку кар'еры і нараджэння дзяцей.
Пачаць зарабляць трэба яшчэ да наступлення паўналецця, з'ехаць ад бацькоў — у 20, завесці дзіця — да 28 гадоў. Узрост для дзяўчыны пры нараджэнні першынца складае 25 гадоў, а ўзрост бацькі — 28 гадоў. Гэта вынікае з даследавання, праведзенага аналітычным цэнтрам Нацыянальнага агенцтва фінансавых даследаванняў. Усяго апытаннем былі ахоплены 1000 чалавек ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў.
Для жанчыны аптымальны ўзрост першых родаў знаходзіцца ў інтэрвале ад 21 да 25 гадоў. Так лічаць 55 працэнтаў апытаных. Кожны чацвёрты (26 працэнтаў) выказаў меркаванне, што спрыяльны ўзрост жанчыны пры нараджэнні першынца — ад 26 да 30 гадоў. 15 працэнтаў апытаных выказаліся за тое, што аптымальна рашыцца на нараджэнне дзіцяці трэба ва ўзросце 31—35 гадоў. Найменшая колькасць — тры працэнты — выказалі меркаванне, што жанчыне трэба нарадзіць у 36—40 гадоў.
46 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што бацькамі трэба стаць у 26—30 гадоў, траціна (34 працэнты) — ва ўзросце 21—25 гадоў і толькі 12 працэнтаў назвалі ўзрост 31—35 гадоў.
У даследаванні таксама ацэньвалася, які, на думку моладзі, ідэальны ўзрост для пачатку іншых этапаў дарослага жыцця. Большасць маладых расіян лічаць, што юнакі і дзяўчаты павінны зарабіць першыя грошы ў 15—18 гадоў.
На думку большасці маладых (74 працэнты), пачаць асобнае ад бацькоў жыццё як дзяўчаты, так і юнакі павінны да 20 гадоў. Чвэрць апытаных (24 працэнты) лічаць, што пачаць весці самастойнае жыццё дзяўчыне мэтазгодна ва ўзросце 21—25 гадоў, а для пераезду юнака ад бацькоў гэты ўзрост назвалі прыдатным 22 працэнты.
Паводле звестак Міністэрства працы, сярэдні ўзрост нараджэння дзіцяці ў жанчын у Расіі зараз дасягае 28 гадоў.
Кваліфікаваныя работнікі і выпускнікі топавых ВНУ зараз змогуць заставацца ў Ганконгу на тэрмін да двух гадоў.
Кіраўнік адміністрацыі Ганконга Джон Лі абвясціў аб запуску двухгадовай «візы таленту». Яе будуць выдаваць выпускнікам ВНУ з топ-100 міжнародных рэйтынгаў з досведам працы ад трох гадоў. Таксама гэтая віза даступная тым, хто зарабляе 320 тысяч долараў у год і больш.
Пры гэтым уладальнікам «top talent pass» будзе лягчэй уладкавацца на работу. Кампаніі не давядзецца даказваць, што на яго месца не прэтэндуе грамадзянін краіны.
Акрамя таго, выпускнікам ганконгскіх і кітайскіх ВНУ прадоўжылі перыяд знаходжання ў краіне для пошуку працы з аднаго да двух двух гадоў.
Гэтыя меры накіраваны на прыцягненне ў краіну высокакваліфікаваных спецыялістаў і даследчыкаў, каб папоўніць страты з-за «ўцечкі мазгоў».
Сяргей СТАРЫНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-starynau
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/novaya-vyarshynya-dlya-ciktokerau
[5] https://zviazda.by/be/tags/spryyalnyya-zhyccyovyya-plany
[6] https://zviazda.by/be/tags/viza-talentu-dlya-pospehu
[7] https://zviazda.by/be/tags/tiktok-1
[8] https://zviazda.by/be/tags/kazahskaya-mova