Шоу «Я з вёскі» стартавала на тэлеканале «Беларусь 2» яшчэ ў кастрычніку. Першыя выпускі з ходу захапілі ўвагу гледачоў, аднак аўтары абяцаюць, што ўвесь дэбютны сезон будзе захапляльны ад пачатку і да канца.
Новы каларытны праект знаёміць з беларусамі, якія свядома прамянялі горад на жыццё ў вёсцы, паверылі ў сябе і, пераадольваючы ўсе перашкоды, дасягнулі высокіх вынікаў у любімай справе. «Кожны тыдзень мы распавядаем пра тых, хто фарміруе новы вобраз беларускай вёскі. І, насуперак стэрэатыпам, мы пераканаліся: часцей за ўсё туды пераязджаюць вельмі паспяховыя людзі і зарабляюць там часта нават больш, чым айцішнікі», — адзначае аўтар і рэжысёр праекта Герман Малышыцкі.
Цікава, што вядучым праекта стаў карэнны мінчанін Васіль Чэхаў. Ён разам са здымачнай групай ездзіць у госці да герояў праграмы і ў іх кампаніі спазнае тонкасці вясковага побыту, працы. Так, напрыклад, яго ўжо навучылі вычэсваць вярблюда, ён упершыню падаіў карову, пакасіў сапраўднай касой і спасціг майстэрства колкі дроў. Але гэта толькі пачатак. І ў новых выпусках гледачоў чакаюць натхняльныя гісторыі іх герояў, якія ўмеюць зарабляць на любімай справе, гатовыя рызыкаваць і змагацца за свае мары і мэты да апошняга. Кожны выхад шоу — захапляльная вандроўка, якая дапамагае адказаць на пытанне: чаму сучасныя маладыя людзі імкнуцца жыць у вёсцы? Глядзіце праект «Я з вёскі» на «Беларусь 2» па нядзелях днём — і пераканайцеся ў тым самі.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/ya-z-vyoski
[5] https://zviazda.by/be/tags/shou
[6] https://zviazda.by/be/tags/german-malyshycki