Пытанні атрымання медыцынскай дапамогі, набыцця жылля і мадэрнізацыі лініі электраперадачы разгледзеў на асабістым прыёме грамадзян у Глыбокім старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, перадае [2] БелТА.
Прыём грамадзян пачаўся з падзяк ад жыхароў раёна, якія раней звярталіся з пытаннямі да Уладзіміра Андрэйчанкі. Ад усіх жыхароў вёскі Мнюта Глыбоцкага раёна спікеру падзякаваў Антон Мацкевіч за з’яўленне новай добрай дарогі. Па графіку яе планавалі будаваць толькі ў 2024 годзе, але пасля асабістага звароту ў лістападзе мінулага года да старшыні Палаты прадстаўнікоў тэрміны перагледзелі. «Уладзімір Паўлавіч пасадзейнічаў, каб перанеслі на вясну — пачатак лета 2022 года. І пытанне наша вырашана. Дарога была вельмі старая, праходзіць праз цэнтр населеных пунктаў. Дарога транзітная, вядзе ў суседні Шаркаўшчынскі раён, таму па ёй заўсёды кругласутачна ажыўлены рух. І гэта была бяда не толькі жыхароў нашай вёскі, але і суседніх», — адзначыў Антон Мацкевіч.
У Глыбокае на асабісты прыём грамадзян да спікера прыехалі жыхары як Віцебскай, гэтак і Магілёўскай абласцей. Адразу два пытанні датычыліся атрымання медыцынскай дапамогі. Грамадзяне прасілі аказаць садзейнічанне ў правядзенні аперацый па замене тазасцегнавых і каленнага суставаў. Уладзімір Андрэйчанка адказаў, што накіруе пісьмо ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Пытанні вырашаць на месцы.
Галава шматдзетнай сям’і з Глыбокага звярнуўся па дапамогу ў пытанні набыцця жылля. Цяпер яны ўсямёх жывуць у аднапакаёвай арэнднай кватэры, якая знаходзіцца на балансе ЖКГ. Плануюць набыць сваё жыллё з прыцягненнем крэдыту, але па розных прычынах працэс узгадненняў і падрыхтоўкі дакументаў зацягнуўся. Уладзімір Андрэйчанка даручыў аказаць садзейнічанне і да новага года праінфармаваць аб ходзе выканання даручэння.
Жыхарка Оршы доўгі час спрабуе дабіцца зносу фундамента, які пабудаваны суседам і заходзіць на яе зямельны ўчастак. Першапачаткова фундамент прызналі самавольнай незаконнай пабудовай, затым — этапам падрыхтоўкі да рэканструкцыі дома. Жанчына спрабавала вырашыць пытанне спачатку з дапамогай раённага, а затым і абласнога выканаўчага камітэта, але пасля перапіску з ёй спынілі, а пытанне засталося нявырашаным. Старшыня Палаты прадстаўнікоў распарадзіўся ўжо на наступны дзень выпрацаваць алгарытм дзеянняў і разабрацца ў сітуацыі.
Свяшчэннік з вёскі Пліса Глыбоцкага раёна звярнуўся па садзейнічанне ў мадэрнізацыі існуючай лініі электраперадачы для далейшага стварэння сістэмы ацяплення ў храме. Гэтым пытаннем па просьбе спікера зоймецца кіраўніцтва санаторыя з аднайменнай назвай. Уладальнік будаўнічага прадпрыемства з Дрыбіна Магілёўскай вобласці расказаў, што падатковыя службы правяраюць яго бізнес ужо больш за год і папрасіў на гэта звярнуць увагу. Уладзімір Андрэйчанка паабяцаў абмеркаваць пытанне і яго вырашэнне з Міністэрствам па падатках і зборах.
«У час прыёму заўсёды да разгляду пытанняў падыходжу з такога пункту гледжання: другарадных не бывае. Усе яны важныя, іх трэба вырашаць, таму што час сёння няпросты, асабліва што датычыцца контуру Рэспублікі Беларусь. Нам, органам улады, у гэты час трэба быць бліжэй да людзей і спрабаваць знайсці рашэнне. Для гэтага ёсць усе магчымасці, таму што ў рэспубліцы выбудавана сістэма разгляду зваротаў грамадзян, пачынаючы ад парламента да сельскага савета, ад Прэзідэнта, урада і да кожнага прадпрыемства. І за ўсімі даручэннямі ўстаноўлены строгі кантроль, персанальная адказнасць. Гэта вельмі важная форма работы з грамадзянамі. Увесь гэты тыдзень дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць у акругах», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/regions/view/vtorostepennyh-voprosov-ne-byvaet-andrejchenko-provel-priem-grazhdan-v-glubokom-535302-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/andreychanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/glybokae
[5] https://zviazda.by/be/tags/pryyom-gramadzyan