Група даследчыкаў, якая складаецца з кітайскіх і замежных навукоўцаў, вымерала масу Млечнага Шляху (Галактыкі). Эксперты заявілі, што яна прыкладна ў 550 мільярдаў разоў перавышае масу Сонца, перадае [4] «„Жэньмінь жыбаа“ анлайн».
Дадзены паказчык амаль напалову менш сярэдняга значэння, вымеранага іншымі даследчымі групамі, паводле якога Млечны Шлях быў прыкладна ў трыльён разоў цяжэйшы за Сонца. «Нашы апошнія вынікі паказваюць, што Млечны Шлях можа быць „танчэйшым“, чым мы думалі, — заявіла член даследчай групы, доктар Нацыянальнай астранамічнай абсерваторыі пры Акадэміі навук Кітая (АНК) Сюэ Сянсян. — Гэта азначае, што ў Галактыцы значна менш гравітацыйнай цёмнай матэрыі, чым меркавалася раней».
Паводле яе слоў, маса мае вырашальнае значэнне для разумення дынамікі Галактыкі. Аднак у яе ацэнцы назіралася высокая нявызначанасць з-за абмежаванасці назіранняў. У гэтым даследаванні навукоўцы атрымалі вынікі, заснаваныя на дадзеных кітайскага аптычнага тэлескопа LAMOST і спадарожніка Gaia Еўрапейскага касмічнага агенцтва.
Вялікая выбарка спектраскапічных дадзеных, прадстаўленая LAMOST, з’яўляецца адной з галоўных пераваг гэтага даследавання ў параўнанні з іншымі, падкрэсліла Сюэ Сянсян. «Яна не толькі вялікая па колькасці і ахопу, але і фіксуе трохмернае (3D) становішча, 3D-хуткасць і ўтрыманне металу ў кожнай зорцы», — дадала яна.
У склад дадзенай даследчай групы ўвайшлі навукоўцы з універсітэта «Санься» (Кітай), Нацыянальнай астранамічнай абсерваторыі пры АНК, тэхналагічнага ўніверсітэта Суінберна (Аўстралія), шанхайскага ўніверсітэта Цзяатун і інш. Вынікі даследавання былі апублікаваны ў брытанскім навуковым часопісе Monthly Notices Каралеўскага астранамічнага таварыства.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-litvinau
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] http://russian.people.com.cn/
[5] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya
[6] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[7] https://zviazda.by/be/tags/kosmas