Выдавецтва «Беларуская навука» выпусціла ў свет кнігу вядомага айчыннага літаратуразнаўца Яўгена ГАРАДНІЦКАГА «Беларуская літаратура другой паловы XX ст. (аўтары, жанры, стылі)».
Дасведчаны вучоны працягвае свой дыялог з зацікаўленым чытачом, распачаты кнігай «Літаратура як мастацтва» (Мінск, 2014). Яўген Гарадніцкі падсумоўвае вынікі мастацкага развіцця нацыянальнай літаратуры ў адзін з найбольш плённых перыядаў яе існавання. Тэндэнцыі і напрамкі, характэрныя для мастацкіх пошукаў таго часу, разглядаюцца з эстэтычнага пункту гледжання. Даследуюцца праблема наватарства, фарміравання новых жанравых форм. Аб’ектам аналізу сталі прасторава-часавыя каардынаты мастацкага свету літаратуры, асноўныя вобразы-архетыпы, сімвалы і топасы, самыя паказальныя з’явы ў літаратуры другой паловы XX ст. і яскравыя постаці яе стваральнікаў.
Манаграфія адрасуецца студэнтам і выкладчыкам гуманітарных ВНУ, даследчыкам і ўсім, хто цікавіцца праблемамі тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры. Але не лішнім было б яе мець у кожнай хаця б з раённых і абласных бібліятэк краіны. Сёння ў сілу розных прычын — і сацыяльнага і тэхналагічнага развіцця грамадства мастацкая літаратура выцясняецца з культурнай плыні. А між тым рэсурс мастацкага слова ў выхаванні чалавека, у выхаванні шматаблічнай асобы неверагодна велізарны. І гэта выразна акрэслена ў працы Яўгена Гарадніцкага «Беларуская літаратура другой паловы XX ст. (аўтары, жанры, стылі)».
Нагадаем, што Яўген Гарадніцкі — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства.
Набыць кнігу можна ў кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-garadnicki
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/vydavectva
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-navuka-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/kniga