Бліжэйшым часам плануецца распрацаваць спецыяльную крэдытную праграму для куплі насельніцтвам камплектаў дамоў беларускіх вытворцаў.
Калі вы хочаце ўзяць самы выгадны крэдыт, цяпер трэба звярнуць увагу на акцыі і спецыяльныя прапановы банкаў. Шматлікія кампаніі гатовыя прапанаваць грошы пад невялікі працэнт на даволі лаяльных умовах.
Працэнтныя стаўкі залежаць ад таго пакета дакументаў, які можа прапанаваць чалавек. Без даведак атрымаць грошы на выгадных умовах можна толькі ў двух выпадках. У першым — гэта будуць уладальнікі станоўчай крэдытнай гісторыі, а ў другім — катэгорыі грамадзян, якія маюць права на выкарыстанне льготных праграм.
Калі вы першы раз бераце грошы на спажывецкія патрэбы, супрацоўнікі банкаў рэкамендуюць спачатку скарыстацца крэдытам на невялікую суму. Такую паслугу прапаноўваюць практычна ўсе фінансавыя арганізацыі краіны. Пры вызначэнні сумы ўлічвайце: чым меншы ліміт, тым большай будзе пераплата. Таму пры выбары падыходзячага варыянту разглядайце магчымасці, якія дазваляюць датэрмінова пагасіць запазычанасць без дадатковага ўнясення сум.
Фінансавыя аналітыкі рэкамендуюць сваім кліентам адпраўляць па адной заяўцы на крэдыт адразу ў некалькі банкаў — гэта хутка, зручна і павышае шанц адабрэння заяўкі на атрыманне крэдыту.
Уплывае на працэнтную стаўку і тэрмін: пры павелічэнні ўзрастае працэнтная стаўка. Прасцей за ўсё аформіць крэдыт у рублях на год. Выгадныя крэдыты ў банках бяруцца з улікам структуры крэдыту, графіка плацяжоў, крэдытнага і сацыяльнага статусу.
Многія фінансавыя ўстановы гатовыя знізіць стаўку, калі афармляеце страхоўку. У гэтым выпадку частку рызык па незвароце доўгу на сябе бярэ кампанія. Такі варыянт дазваляе абараніць чалавека ад даўгавых абавязацельстваў пры наступленні страхавога выпадку (страта работы па скарачэнні, атрыманне інваліднасці і іншае). Калі вы пагасіце крэдыт раней, маеце права вярнуць страхоўку за астатні тэрмін.
Для зручнасці банкі прапануюць дадатковыя паслугі. Да іх адносіцца фіксаваная дата плацяжоў, прыпыненне крэдыту, рэструктурызацыя запазычанасці.
У самага буйнога банка нашай краіны не так даўно з'явіліся досыць «смачныя» і «звязаныя» крэдыты. У канчатковым выніку грошы ад гэтага банка павінны паступіць у эканоміку краіны. Крэдыт гэты выдаецца на спажывецкія патрэбы на 5 гадоў для набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. Крэдыт у наш час дастаткова выгадны — яго стаўка ад 14,5 % да 15 % гадавых.
Крэдыт даецца ў аддзяленнях банка і Белпошты. Ён прапануецца дзеяздольным фізічным асобам — грамадзянам нашай краіны (замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства), якія пастаянна пражываюць у Беларусі і атрымліваюць даходы, у тым ліку праз прадстаўніцтва замежнай юрыдычнай асобы на тэрыторыі краіны (за выключэннем фізічных асоб, якія з'яўляюцца ІП, асоб, якія вядуць рамесную дзейнасць або дзейнасць, якая не патрабуе рэгістрацыі фізічнай асобы ў якасці ІП у адпаведнасці з заканадаўствам у выпадках афармлення крэдыту ў аддзяленнях Белпошты).
Гэтым крэдытам можна скарыстацца на працягу 30 дзён пасля заключэння крэдытнага дагавора і набыць тавары беларускіх вытворцаў у розных крамах. Гэты крэдытны прадукт прадугледжвае паніжаную працэнтную стаўку на працягу першых 100 дзён, а таксама пры афармленні заяўкі праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.
Кліент можа аформіць крэдыт без даведкі аб даходах у памеры, разлічаным, зыходзячы з сярэднямесячнага чыстага даходу, які не перавышае 20 базавых велічынь, без паручыцеляў і страховак. Акрамя таго, у дамове адсутнічаюць дадатковыя камісіі і плацяжы за карыстанне крэдытам.
Маюцца ўсе даступныя спосабы пагашэння крэдыту (у інфакіёсках банка, праз сістэму «Інтэрнэт-банкінг», паслугі «М-банкінг», «Аўтааплата»).
Памер крэдыту разлічваецца ў межах плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка, але не менш за 100 рублёў. Прадпрымальнікі і рамеснікі могуць атрымаць суму да 200 базавых велічынь. Працэнтная стаўка (да 8 лютага наступнага года) на працягу першых 100 дзён будзе 0,1 гадавых. Затым, пачынаючы са 101-га дня, роўная стаўцы авернайт плюс 2 %, а пры падачы заявы праз каналы дыстанцыйнага абслугоўвання — стаўка крэдыту авернайт плюс 1,5 %.
У якасці забеспячэння крэдыту з'яўляецца паручыцельства трэціх асоб або няўстойка.
Без даведак аб даходзе выдаюцца, як правіла, адносна невялікія сумы — ад 1000 да 10 000 рублёў. У якасці гарантавання бяспечнага вяртання грашовых сродкаў часам банкі патрабуюць падаць самыя розныя дакументы (правы кіроўцы з тэхпашпартам аўтамашыны, рэгістрацыі ў кватэры (доме) Мінска, іншыя паперы аб наяўнасці маёмасці).
У партале «Мае фінансы» кожны месяц выбіраюцца самыя запатрабаваныя крэдытныя прадукты.
Напрыклад, самы топавы крэдыт прапануе адзін банк пад 18,8 % гадавых. Калі вы гатовыя (і ўмовы дазваляюць) вырашыць сваю праблему з безнаяўнымі грашыма, тады максімальная сума можа дасягаць 30 тысяч рублёў. Калі патрэбныя выключна наяўныя, тады максімальная сума памяншаецца ў два разы. Грошы выдаюцца на дастаткова працяглы час (тэрмін ад 12 да 60 месяцаў), але варта разумець, што крэдытная стаўка па дадзеным прадукце не пастаянная, а залежыць ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка.
Існуе ў топе крэдытаў фінансавы прадукт пад назвай «Выратоўвай». Гэта ўжо досыць прымальны крэдыт з адносна гнуткай стаўкай, на сёння роўнай 16,9 % гадавых. Праўда, тэрмін такога крэдыту ўжо будзе значна меншы — ад 6 месяцаў да 2 гадоў. Самы слабы бок гэтага крэдыту ў тым, што максімальная сума, якую вам выдадуць на рукі, не будзе перавышаць 5 тысяч рублёў.
А самую вялікую суму абяцае сваім кліентам Адзіны крэдытны цэнтр. Гэта спажывецкія крэдыты «Выгадна і хутка». Згодна з вашым рэальным даходам спецыялісты цэнтра падбяруць неабходны крэдыт на розныя мэты ў банку, дзе ўзгодняць вашу заяўку. Крэдыт не танны — ад 19 % гадавых на тэрмін ад 3 месяцаў да 7 гадоў. Пры пэўных умовах кліенту могуць выдаць да 60 тысяч рублёў. Адзіны мінус — спажыўцу неабходна будзе заплаціць за паслугі самога крэдытнага цэнтра. Добра яшчэ, што аплачваць узнагароджанне (памер яго залежыць ад максімальнай сумы крэдыту і праведзенай работы па высвятленні вашай плацежаздольнасці) трэба толькі пасля факту атрымання крэдытных грошай.
Белаграпрамбанк прапанаваў новы спосаб павелічэння максімальнай сумы па прадукце «Аўтакрэдыт Geely» — цяпер для кліентаў, якія знаходзяцца ў шлюбе, пры яе разліку можа ўлічвацца даход мужа ці жонкі.
Жыхарам сталіцы і абласных цэнтраў прапанавалі новы крэдыт для пакупак падчас «Чорнай пятніцы» і будучых пераднавагодніх распродажаў па льготнай стаўцы. Афармленне займае 15 хвілін. Пра гэта расказалі ў прэс-службе аднаго камерцыйнага банка.
У банку збіраюцца актыўна выдаваць крэдыты ў сезон шопінгу, які доўжыцца з канца лістапада да канца года. Як правіла, ён стартуе з «Чорнай пятніцы», якая праводзіцца ў розных краінах у апошнюю пятніцу лістапада і завяршаецца пераднавагоднімі распродажамі.
Крэдыт «Вашы грошы Камфорт» прапануюць па стаўцы 16 % гадавых. Яго можна патраціць на шопінг ці іншыя мэты. Грошы пералічваюць на картку банка з манібэкам да 10 %, якую афармляюць бясплатна. Наяўныя можна зняць у банкамаце партнёраў без камісіі. Пры зняцці з банкаматаў іншых банкаў будзе брацца камісія.
Крэдыт выдаецца на тэрмін да 3 гадоў, але пагасіць яго можна і датэрмінова без камісій і абмежаванняў. Для афармлення не патрабуецца даведка аб даходах, заклад або паручыцелі.
Фінансавыя эксперты мяркуюць, што беларускія банкі выдадуць у 2023 годзе спажывецкіх крэдытаў прыкладна на 1,3 мільярда рублёў больш, чым сёлета, гэта значыць 8,5 мільярда рублёў, а крэдытаванне эканомікі банкамі вырасце на 12 мільярдаў рублёў.
Такую выснову можна зрабіць зыходзячы з планаў на 2023 год, агучаных першым намеснікам праўлення Нацыянальнага банка Сяргеем Калечыцам на пашыраным пасяджэнні праўлення банка. Ён паведаміў, што патрабаванні банкаў да эканомікі вырастуць у 2023 годзе на 17—21 %, доўгатэрміновых крэдытаў на інвестыцыі плануецца выдаць 9,1 мільярда рублёў, а на спажывецкія мэты — 8,5 мільярда рублёў.
Гэта азначае, што налета адбудзецца радыкальнае змяненне сітуацыі з крэдытаваннем у краіне: банкі выдадуць спажывецкіх крэдытаў прыкладна на 1,3 мільярда рублёў больш, чым, як чакаецца, у 2022 годзе (сёлета аб'ём выдачы імі такіх крэдытаў трымаецца прыкладна на ўзроўні 2021 года, калі банкі далі спажывецкіх крэдытаў на 7,21 мільярда рублёў).
Пры гэтым, як паведаміў Сяргей Калечыц, працэнтная стаўка па новых крэдытах банкаў у беларускіх рублях без уліку льготных крэдытаў у канцы 2023 года павінна апусціцца да 12 % гадавых, а стаўка рэфінансавання ў сярэднім за год павінна скласці 10-11 %. На сёння яна роўная 12 % гадавых. Такім чынам, у наступным годзе Нацыянальны банк збіраецца перайсці ад жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі да ўмеранай.
Якім менавіта чынам банкі павінны павялічваць крэдытаванне, на пасяджэнні праўлення Нацбанка расказаў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч. Мяркуецца, што банкі будуць развіваць у першую чаргу крэдытныя прадукты, накіраваныя на набыццё тавараў беларускай вытворчасці. Дзмітрый Ярашэвіч паведаміў, што такія інструменты цяпер ёсць у Беларусбанку, Белінвестбанку, Белаграпрамбанку і Тэхнабанку.
Акрамя таго, плануецца распрацаваць спецыяльную крэдытную праграму для куплі насельніцтвам камплектаў дамоў беларускіх вытворцаў. Сяргей Калечыц удакладніў, што распрацоўка спецыяльных праграм па падтрымцы айчынных вытворцаў павінна весціся як праз каналы спажывецкага крэдытавання, так і праз партнёрскія праграмы для бізнесу. Для поспеху такіх праектаў неабходны актыўны ўдзел не толькі банкаў, але і вытворцаў.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/kredyt
[5] https://zviazda.by/be/tags/bank
[6] https://zviazda.by/be/tags/pracentnyya-stauki
[7] https://zviazda.by/be/tags/finansy