Сёмае пасяджэнне Савета кіраўнікоў пенітэнцыярных службаў дзяржаў — удзельніц СНД прайшло 1 снежня, паведамілі [1] БелТА ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД.
Сумеснае забеспячэнне бяспекі, процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам застаюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці Садружнасці, адзначыў у сваім прывітанні ў адрас удзельнікаў пасяджэння старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Лебедзеў. «Дзякуючы агульным намаганням нашых краін забяспечаны комплексны падыход у вырашэнні задач бяспекі і барацьбы са злачыннасцю. Склалася і ўдасканальваецца ў адпаведнасці з запытамі і патрабаваннямі часу прававая база міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Сфарміравана і дзейнічае шматфарматная ўзаемазвязаная сістэма органаў СНД, якая забяспечвае каардынацыю супрацоўніцтва кампетэнтных органаў у сферы бяспекі і правапарадку. У практыку ўкараняюцца адэкватныя сучасным патрабаванням формы партнёрства», — адзначыў ён.
Сяргей Лебедзеў асабліва падкрэсліў значэнне савета як аднаго з важных звёнаў, якому належыць вядучая роля ў забеспячэнні каардынацыі ўзаемадзеяння пенітэнцыярных службаў па рэалізацыі спецыяльных функцый у сферы выканання крымінальных пакаранняў.
Савет правёў значную работу па фарміраванні асноў практычнага, метадычнага і інфармацыйнага ўзаемадзеяння, выпрацаваў формы і метады правядзення сумесных мерапрыемстваў з профільнымі органамі СНД. Савет актыўна прымае ўдзел у рэалізацыі міждзяржаўных праграм супрацоўніцтва ў барацьбе са злачыннасцю і тэрарызмам, распрацоўцы і ўзгадненні праектаў праграм на чарговы сярэднетэрміновы перыяд.
«У гэтым кантэксце выказваю ўдзячнасць членам савета за арганізацыю і правядзенне комплексу вышуковых мерапрыемстваў „Ідэнтыфікацыя“ па выяўленні ва ўстановах пенітэнцыярных службаў асоб, аб’яўленых у міждзяржаўны вышук за ўчыненне злачынстваў тэрарыстычнага і экстрэмісцкага характару», — адзначыў старшыня Выканаўчага камітэта СНД.
Сяргей Лебедзеў звярнуў увагу членаў савета на неабходнасць удасканальваць прававую базу супрацоўніцтва кампетэнтных органаў, пашыраць практычны складнік іх узаемадзеяння, нарошчваць рэзультатыўнасць правядзення аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў, абменьвацца папераджальнай інфармацыяй і станоўчым вопытам работы, павышаць якасць прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/lebedev-v-sng-obespechen-kompleksnyj-podhod-v-reshenii-zadach-bezopasnosti-i-borby-s-prestupnostjju-537763-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/lebedzeu
[3] https://zviazda.by/be/tags/snd
[4] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka