У першы дзень зімы адбылася прэзентацыя кніг, адрасаваных юным чытачам, якія пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Гэта зборнік вершаў Віктара Шніпа «Кастусь і Міёна» і «Штукарствы месяцовага зайчыка» Галіны Пшонік. Абедзве кніжкі аформіла вядомая мастачка Аксана Аракчэева, якая таксама прысутнічала на сустрэчы разам з аўтарамі.
Юныя чытачы — навучэнцы адной з мінскіх школ — слухалі ўрыўкі з кніг, разгадвалі загадкі, задавалі пытанні аўтарам. Вельмі зацікавіла, што героі Віктара Шніпа — рэальныя персанажы. Гэта ўнук паэта Кастусь і аўчарка Міёна, поўнае імя якой — Герміёна. Мастачка пастаралася, каб на малюнках гэтыя героі былі падобныя да сябе. Нават аўтара кнігі, Віктара Шніпа, можна пазнаць на адной са старонак — як ён выгульвае пад дажджом сваю Міёну, пра што і напісаў верш.
А напрыканцы імпрэзы маленькія госці маглі набыць упадабаныя кнігі і атрымаць аўтографы... Прычым калі аўтографы ад літаратараў былі добрымі пажаданнямі ў словах, Аксана Аракчэева свой аўтограф пакідала ў выглядзе малюнка.
Прэзентацыя адбылася ў краме «Акадэмічная кніга». Яркія і па афармленні, і па змесце беларускія кнігі — добры навагодні і калядны падарунак дзецям, не забудзьцеся з гэтага скарыстацца.
Людміла ІВАНОВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-ivanova
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-shnip