Валянціна Еранькова належыць да тых творцаў, што імкнуцца гаварыць пра важныя і жыццесцвярджальныя рэчы. Не стараецца падабацца ўсім, але ведае сабе цану і гатовая змагацца за свае перакананні. Рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага Валянціна Еранькова сёння вядомая гледачам па дзясятках пастановак, дзе і руская, і беларуская, і замежная класіка. Аднак, нягледзячы на гады ў прафесіі, яна па-ранейшаму любіць яе, жыве ў імя тэатральнага мастацтва і верыць, што яно зможа яшчэ доўга ачышчаць душы людзей.
— Валянціна Рыгораўна, сёлета вашай пастаноўкай п'есы Астроўскага «Гарачае сэрца» адкрыўся 103-і сезон у Купалаўскім тэатры. Як выбіралі твор, расстаўлялі акцэнты і ці ўсё атрымалася, як хацелі?
— У Купалаўскі тэатр я была запрошана па рэкамендацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Я прапанавала тэатру на выбар некалькі п'ес, але ў выніку ўзяліся за працу над п'есай Астроўскага. Ведаю, ёсць рэжысёры, якія не бяруцца за пастаноўку нейкага матэрыялу проста з пазіцыі «не мой аўтар», але я заўсёды для сябе шукаю кропкі супадзення з творам. І хоць п'еса, лічу, адна з самых складаных у творчасці Астроўскага і яе па-рознаму ўспрымаюць і ацэньваюць, не скажу, быццам адразу загарэлася матэрыялам. Але пачала хадзіць на спектаклі ў Купалаўскі, знаёміцца з трупай, весці папярэднюю працу над п'есай і разважаць над будучымі мізансцэнамі. Так, паступова і з'явіўся ў маёй душы водгук на гэту п'есу. А там ужо пачаў складвацца наш творчы ансамбль з акцёрамі, пастановачнай групай. І сёння па аншлагах на спектаклі мы бачым, што прымаюць нашу працу добра. Значыць, ёсць вынік. Прычым зараз тое адчуваецца ўжо не толькі па рэакцыі аўдыторыі, але і па атмасферы жыцця акцёраў у спектаклі. Яны спрацаваліся.
А спектакль — гэта ж жывы працэс, таму сёння можа атрымацца лепш, заўтра з пагрэшнасцямі, аднак тое ўжо не настолькі істотна, калі бачыш, як мяняюцца інтанацыі акцёраў, як яны пражываюць тэкст і на сцэне арганічна «падхопліваюць» адно аднаго. Яны адчуваюць залу, паглыбляюцца ў матэрыял, а ў адказ гледачы дзякуюць сваёй любоўю і апладысментамі.
— Па ўласным знаёмстве з п'есай магу сказаць, што яна даследуе чалавечую сутнасць: на што мы гатовыя дзеля свабоды, поспеху, кахання і шчасця. Як рэжысёр, на чым вы засяроджваліся ў працы?
— Па-першае, я чарговы раз пераканалася, якія падобныя па псіхалогіі і меладычнасці нашы мовы: руская і беларуская. Маё сутыкненне як рэжысёра з беларускай мовай адбылося яшчэ пры Барысе Луцэнку, з якім мы працавалі ў «Раскіданым гняздзе». Гэта была мая любімая пастаноўка. А пасля я ўжо самастойна працавала над спектаклем «Пясняр», дзе мела магчымасць яшчэ раз ушчыльную паглыбіцца ў беларускую драматургію. Увогуле, маючы беларускія карані, хоць я і расла, і жыла пэўны час ва Украіне, вельмі люблю беларускую мову. У мяне мама была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. І я часта прасіла яе пачытаць мне што-небудзь па-беларуску. З яе вуснаў чула Якуба Коласа, Янку Купалу, урыўкі з твораў якіх маці магла пераказваць на памяць. Таму пры пастаноўцы «Гарачага сэрца» з задавальненнем адчула сябе ў стыхіі мовы.
А калі ўжо сталі працаваць над спектаклем, то мне, безумоўна, вельмі дапамог кампазітар спектакля Аляксей Еранькоў, які добра размаўляе па-беларуску. Мне было вельмі важна, каб мы не адыходзілі ад аўтарскага тэксту, нават калі ён у перакладзе. Для мяне як для рэжысёра заўсёды мае значэнне кожнае слова... І ў акцёрскай працы тэкст павінен быць на першым месцы. Трэба ўмець расшчапіць яго, працаваць з ім. Радасна, што ў Купалаўскім тэатры шмат маладых акцёраў, якія вельмі трапятліва ставяцца да мовы. Яны ў тым ліку сачылі, каб мы злавілі нейкія моўныя нюансы ў перакладным тэксце. Праца вялася вельмі грунтоўная. У некаторых момантах з акцёрамі пачынала з азоў, што забірала шмат часу. Але галоўнае, што ў іх я бачыла жаданне ствараць, спасцігаць новае ў сваёй прафесіі. Іх агонь у сэрцах і ў вачах і наша вялікая сумесная праца далі добры вынік, бо ў маёй прафесіі ўсё магчыма, але недапушчальна абыякавасць. А ў астатнім — я ў тым узросце і з тым багажом, што мне ўжо не трэба заваёўваць нейкае месца на тэрыторыі беларускага тэатральнага мастацтва.
— Глядзіце, калі п'еса Астроўскага — гэта магчымасць даследаваць прыроду чалавека, то ваш спектакль «Пясняр» у Горкаўскім тэатры ўздымае тэму творчасці і пошуку сябе ў ёй. Наколькі гэтая праца для вас знакавая і дарагая?
— Усе мы ў свой час захапляліся «Песнярамі». Калі асэнсоўвала драматургічны матэрыял праз гісторыю гэтага славутага калектыву, праз іх музычную творчасць, то адкрывала найперш у самой сабе нязведаныя пачуцці, рэфлексавала эмацыянальна, і хацелася назапашанай энергіяй падзяліцца. У працэсе падрыхтоўкі давялося пазнаёміцца з многімі цікавымі людзьмі, даведацца пра адметныя падзеі з жыцця ансамбля. Плюс я прасякнулася беларускай мовай, гісторыяй, літаратурай. «Песняры» — сузор'е ўнікальных галасоў. Дзякуючы ім, ва ўсім свеце чулі беларускую мову і творы нашых класікаў літаратуры. І памяць пра «Песняроў» мы павінны захоўваць. Думаю, не памылюся, калі скажу, што ў гэтым спектаклі мы ўсе працуем ва ўнісон. Яго любяць і акцёры, і аўдыторыя.
— А як вы ставіцеся да ацэнкі ўласнай творчасці?
— Мы ўсе жывыя людзі. Кожны спектакль, які ствараеш, — нібы нараджэнне дзіцяці. Безумоўна, бацькам заўсёды важна і тое, як і што пра іх дзяцей скажуць. Так і са спектаклямі. Рэагуеш, перажываеш за будучае існаванне. Аднак з узростам я ўжо звяртаю ўвагу на ацэнкі, водгукі, нейкія прапановы ў асноўным тады, калі разумею, што чалавек правільна іх агучвае. З вопытам даведваешся цану і людзям, і іх выказванням. Для мяне вельмі важны пасыл у ацэнцы. Напрыклад, я дагэтуль, як і ўсе мае калегі, вельмі рэагую на людзей, якія сыходзяць падчас спектакля. Гэта ж элементарная культура паводзін! Калі нешта не спадабалася, то дачакайцеся антракту. Бо на сцэне працуюць жывыя людзі, якія часам выходзяць туды, нават калі ў іх гора ці дрэннае самаадчуванне, але яны ідуць, каб аддаваць гледачу свае сілы і сэрцы. Гэта варта помніць і паважаць!
— Для вас мае значэнне, у якім тэатры і на якой сцэне ставіць спектакль?
— Калі я толькі пачынала свой творчы шлях як рэжысёр, то мне было складана. Трэба было паламаць стэрэатып успрымання мяне як актрысы, зрабіць усё, каб мне паверылі ў новай якасці і пайшлі за мной. А вось ужо з гадамі ў рэжысуры, калі я прыходжу на новую пляцоўку, найперш гляджу, якія там ёсць вытворчыя магчымасці. Ці ўсе свае задумкі я змагу рэалізаваць, улічваючы творчы патэнцыял калектыву, фінансавыя магчымасці тэатра. Але самае галоўнае — гэта рэжысёрская здольнасць захапіць ідэямі, бачаннем будучага спектакля ўсіх, хто мае да яго лёсу дачыненне. Найбольш люблю працэс рэпетыцый, калі маю магчымасць назіраць за тым, як артысты захапляюцца матэрыялам. Гэта самае каштоўнае для мяне. А потым спектакль ужо набывае ўласнае жыццё.
— Ведаю, што ваша жаданне пайсці ў рэжысуру было абумоўлена імкненнем гаварыць на тэмы, якія вас цікавяць і непакояць. У якой ступені гэта характарызуе ваш падыход да творчага працэсу?
— Так, жаданне заняцца рэжысурай было матываванае тым, што ў рэжысёра ёсць права і магчымасць выбіраць для пастановак тых аўтараў, якія тэматыкай, філасофіяй і ідэямі цікавыя перш за ўсё яму самому. Прафесія ж акцёра абмяжоўвае рамкі свабоднага выбару. І такое размежаванне вельмі дакладнае. У працы над стварэннем спектакля рэжысёр галоўны, ідзе на некалькі крокаў наперад. Не заўсёды і не кожны акцёр адразу адкрыты для таго, каб зразумець, чаго я ад яго патрабую і чакаю. А мне хочацца дасягнуць паразумення з ім, бо праз акцёра я транслірую важныя для сябе і пастаноўкі тэмы. Калі ж мы будзем гучаць дысанансным хорам, то нічога не складзецца. Пры падборы каманды для працы над спектаклем для мяне важны кожны чалавек.
І з часам, калі мы пачынаем чуць і адчуваць адно аднаго, я гатовая выслухаць і прапановы акцёра.
— Гледзячы на маладых калег-рэжысёраў, вы адчуваеце канкурэнцыю?
— Мне падабаюцца маладыя творчыя людзі, іх цікавыя ідэі, таму што гэта дае магчымасць быць у іх часе. І я ніколі не адчуваю зайздрасці ці рэўнасці. Наадварот, яны выклікаюць у мяне пачуццё азарту, асабліва калі бачу цікавую працу, багатую праяўленнем інтэлектуальных і творчых магчымасцяў. Сёння моладзь мае да ўсяго доступ. Мы, у адрозненне ад іх, многага былі пазбаўлены, асабліва ў жаночай рэжысуры, якая лічылася недарэчнай. І даводзілася шмат працаваць, каб самой сабе найперш даказаць, што маеш права быць у прафесіі. Безумоўна, маладое пакаленне зараз больш падрыхтаванае прафесійна, але разам з тым важны жыццёвы вопыт і чалавечае стаўленне да калег.
— Аляксей Еранькоў, аўтар музыкі да спектакляў, таксама таленавітая асоба і на многіх праектах вы працуеце ў тандэме. Ці заўсёды сугучныя ў ідэях і пошуках і ці не складана сям'і, калі двое — у творчасці?
— Галоўнае ў любым саюзе, як творчым, так і сямейным, каб людзі разумелі, што яны дзве палавінкі адзінага цэлага. Я, напрыклад, ніколі не разумела творчай рэўнасці. І шчыра такому здзіўляюся. Так, мы з Аляксеем увесь час разам, у нас агульныя прафесійныя інтарэсы, і гэта тое паветра, якім мы дыхаем. У нас не бывае канфліктаў, хоць і здараецца, што кожны адстойвае сваё бачанне. У такіх выпадках ты павінна пераканаць, але і чуць таго, хто насупраць цябе. Акрамя таго, у нас розныя прафесіі: Аляксей — кампазітар, а я — рэжысёр.
— Адносна нядаўна спіс пастаўленых вамі спектакляў папоўніўся яшчэ і «Трамваем «Жаданне». А калі б вы мелі магчымасць трапіць у яго, то чаго пажадалі б для сябе і для ўсіх нас?
— Зараз я вельмі ўважліва сачу за тым, што адбываецца ў свеце. Таму вельмі б хацелася, каб людзі нарэшце пачулі адно аднаго і заўсёды памяталі, што яны — Людзі. І каб у згодзе ўсе разам мы загадалі адно жаданне: каб планета наша не ператварылася ў пыл і попел. Няхай спыняцца смерці і наступіць гармонія ў чалавечых адносінах. Я ўвесь час чамусьці згадваю эпізод з фільма «Уцёкі містара Мак-Кінлі», калі чалавек аказваецца на зямлі адзін, і толькі навокал вецер гуляе. І тады хочацца спытаць: калі ўсё знікне, пра што вы будзеце гаварыць, на што траціць свае грошы і што і каго любіць? Таму вельмі жадала б, каб побач былі заўсёды людзі з жывой душой. Тады і мне ў маёй прафесіі і жыцці будзе пра што марыць.
Алена ДРАПКО
Фота прадастаўлена Валянцінай ЕРАНЬКОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-erankova
[4] https://zviazda.by/be/tags/rezhysyor
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr-imya-maksima-gorkaga
[6] https://zviazda.by/be/tags/kupalauski-teatr
[7] https://zviazda.by/be/tags/spektakl
[8] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc