У Савеце Рэспублікі на чале са старшынёй Наталляй Качанавай адбылася нарада з кіраўнікамі адміністрацый раёнаў сталіцы. Асноўнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця:
— Эканоміка — перш за ўсё — неабходна акцэнтаваць увагу на тых пытаннях, якія найбольш актуальныя на дадзены момант. Падчас правядзення пасяджэння выканкама мы абмяркоўвалі выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця — гэта першачарговая задача, — адзначыла Наталля Качанава.
Удзельнікамі нарады сталі кіраўнікі сталічных раёнаў і супрацоўнікі выканкамаў, звяртаючыся да іх, старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла:
— Горад Мінск не можа быць апошнім па паказчыках валавага рэгіянальнага прадукту. Вы павінны наведаць усе прадпрыемствы, якія ў вас ёсць: сустрэцца з іх кіраўнікамі і абмеркаваць пытанні, выраўнаваць сітуацыю. Трэба кантраляваць сітуацыю з ВРП і паказчык па інвестыцыях. Спакой і згода ў нашай краіне залежыць у тым ліку і ад нас. Таму ўсё, што мы робім, павінна быць рэзультатыўным і эфектыўным.
Акрамя таго, Наталля Качанава скіравала ўвагу на тое, што не ўсе кіраўнікі сталічных прадпрыемстваў здольныя выканаць прагнозныя паказчыкі:
— У нас застаўся ўсяго месяц да падвядзення вынікаў і ацэньвання работы кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Таму ўсе задачы, якія былі пастаўлены падчас пасяджэння выканкама, трэба рэалізаваць. Гэта архіважна. Паўтаруся, эканоміка — перш за ўсё. Мы павінны забяспечыць таварам не толькі сваю краіну, але і пастаўляць прадукцыю на экспарт, — акцэнтавала старшыня Савета Рэспублікі.
Арына КАРПОВІЧ
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aryna-karpovich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[4] https://zviazda.by/be/tags/narada
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki