Рэспубліканскую акцыю «16 дзён без гвалту» падтрымаў магілёўскі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Крынічка». На яго базе прайшло мерапрыемства, якое падрыхтавалі спецыялісты Сацыяльнага крызіснага цэнтра «SOS-дзіцячая вёска „Магілёў“».
— Па статыстыцы акцыю, якая будзе праводзіцца ў Беларусі да 10 снежня, падтрымліваюць у больш чым 100 краінах свету, — паведаміла загадчыца аддзела Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Крынічка» Марына Яфіменка. — Гэта робіцца для таго, каб павялічыць разуменне і дасведчанасць людзей аб усіх формах гвалту і стварыць сацыяльную прастору, свабодную ад гвалту.
Сустрэча прайшла ў фармаце гульняў. Атмасфера была прасякнутая такімі паняццямі, як каханне, міласэрнасць, узаемадапамога, спагадлівасць. Дзеці ахвотна дзяліліся сваімі думкамі і ўяўленнямі. Напрыклад, адзін з хлопчыкаў сказаў, што нават слова «гвалт» дрэннае, а вось «каханне», наадварот, — добрае. «Трэба часцей праводзіць час з мамай і татам, — лічыць ён. — А яшчэ з бабуляй. Яна пячэ самыя смачныя на свеце бліны». «Я папрасіла ў Дзеда Марозу для ўсіх людзей на планеце кахання і прысмакаў», — сціпла прызналася яшчэ адна юная ўдзельніца мерапрыемства.
Арганізатары лічаць, што размаўляць з дзецьмі на казытліваю тэму трэба. Толькі так можна сфарміраваць у грамадстве мадэль паводзін, накіраваную на непрымальнасць любога віду гвалту.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота: з архіва Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Крынічка»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/16-dzyon-bez-gvaltu
[2] https://zviazda.by/be/tags/respublikanskaya-akcyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci