Урачыстае мерапрыемства «Дабрыня — аснова жыцця», прымеркаванае да Міжнароднага дня валанцёра, прайшло на базе Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Герцэна. Самыя актыўныя валанцёры, пераможцы конкурсу «Валанцёр года — 2022» былі ўшанаваны членам Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Беларусі, старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Алай Смаляк.
На ўрачыстым сходзе сенатар выказала словы шчырай падзякі актывістам дабрачыннага руху. Сёння Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа аб’ядноўвае 2,3 тысячы валанцёраў у 200 валанцёрскіх групах.
— У кожнага з іх вялікае добрае сэрца. Клопат, падтрымку, цяпло сваёй душы яны дораць тысячам людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, — падкрэсліла член Савета Рэспублікі.
Як звярнула ўвагу Ала Смаляк, у бягучым годзе валанцёры рэгіёну, якія вядуць дзейнасць па ўсіх кірунках Беларускага Чырвонага Крыжа, сутыкнуліся з новымі выклікамі.
— Пачалі аказваць дапамогу людзям, якія прыбываюць з Украіны. Ім патрэбна была і псіхасацыяльная падтрымка, і абаграванне, і рэчы, і прадукты. Для дапамогі аб’ядналіся атрады з усёй вобласці, — нагадала сенатар.
На беларуска-ўкраінскай мяжы ў Гомельскай вобласці разгарнуліся тры мабільныя пункты аказання гуманітарнай дапамогі. Сумарна пункты працавалі амаль 70 сутак у рэжыме 24/7.
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа падзякавала валанцёрам Гомельшчыны за сапраўды творчыя падыходы ў рабоце і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Як было адзначана, у бягучым годзе ў рэгіёне на конкурс валанцёрскіх ініцыятыў было пададзена больш за 20 заявак. У выніку больш паловы прадстаўленых валанцёрамі ініцыятыў падтрымала Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа, а на іх рэалізацыю было выдаткавана звыш 20 тысяч беларускіх рублёў.
Падчас урачыстага мерапрыемства «Дабрыня — аснова жыцця» былі ўшанаваныя лепшыя валанцёры Чырвонага Крыжа Гомельшчыны і названыя імёны пераможцаў у розных намінацыях рэгіянальнага конкурсу «Валанцёр года — 2022». Сёлета на конкурс паступіла больш за 50 заявак. Самай юнай удзельніцай стала вучаніца Гомельскай сярэдняй школы № 22 — 14-гадовая Алена Мартынава. Дзяўчына прызнана лепшай у намінацыі «Валанцёрскі дэбют года».
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота: gp.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valancyor-goda-2022
[2] https://zviazda.by/be/tags/gomel