Нецвярозы кіроўца катаў на цюбінгу сына і суседа, паведамілі [1] ва УУС Мінаблвыканкама.
У вёсцы Вуглы Барысаўскага раёна супрацоўнікі ДАІ звярнулі ўвагу на аўтамабіль «Лада», які буксіраваў цюбінг з двума людзьмі. Падалі сігнал аб прыпынку. Пры праверцы дакументаў высветлілася, што кіроўца легкавіка знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення (агляд паказаў 1,6 праміле). 32-гадовы жыхар Барысаўскага раёна катаў на цюбінгу свайго непаўналетняга сына і дарослага суседа.
Складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, і парушэнне правіл перавозкі пасажыраў. Парушальніку пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры Br6,4 тыс. і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў.
«Катанне на цюбінгу — адзін з самых траўманебяспечных відаў зімовых забаў. Катацца варта ў спецыяльна абсталяваных месцах, удалечыні ад дрэў, будынкаў, дарог і іншых перашкод. Штогод людзі цяжка траўміруюцца і гінуць з-за невыканання мер засцярогі. Катэгарычна забаронена буксіраваць падобныя спартыўныя снарады транспартнымі сродкамі», — адзначылі праваахоўнікі.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://t.me/minobl_uvd/20735
[2] https://zviazda.by/be/tags/dai
[3] https://zviazda.by/be/tags/barysau
[4] https://zviazda.by/be/tags/necvyarozy-kirouca