Забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях забеспячэння жыллём ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, перадае [1] БелТА.
У цяперашні час на чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стаіць больш за 33 тыс. тых, хто носіць пагоны.
«Вайскоўцы, як і дзяржслужачыя, у нейкай ступені лекары, настаўнікі, — гэта бюджэтнікі, якія выконваюць найважнейшыя для краіны функцыі. І яны маюць права разлічваць на падтрымку дзяржавы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэтыя прафесіі выбіраюць не з-за вялікіх заробкаў, а па прызванні, клічы сэрца, зыходзячы з высокіх маральных прынцыпаў і патрыятызму (прынамсі, з гэтага трэба зыходзіць). Назапасіць на сваю кватэру маладому спецыялісту ў гэтых сферах немагчыма».
Дзяржпадтрымка, накіраваная на вырашэнне жыллёвага пытання, — добрая матывацыя пры выбары такіх прафесій, перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ды і працаваць чалавек стане больш старанна, калі будзе ўпэўнены, што дзякуючы сваёй працы дасць сям’і і дзецям дах над галавой, дадаў ён.
«Таму забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, асабліва ў цяперашні час, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Я неаднаразова падкрэсліваў, што шматдзетныя і людзі ў пагонах — гэта нашы першачарговікі, нават звышпершачарговікі», — заявіў беларускі лідар.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-obespechenie-zhiljem-bjudzhetnikov-i-osobenno-voennosluzhaschih-vsegda-budet-v-prioritete-538556-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/narada
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo