Дэпутаты на пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», перадае [1] БелТА.
Як растлумачылі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў, мэта падрыхтоўкі законапраекта — прыняцце мер папераджальнага характару за ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) накіраванасці шляхам карэкціровак Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў.
Праектам закона прапануецца ўнясенне змяненняў у санкцыю часткі 2 артыкула 356 КК, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнай кары за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Прыводзяцца ў адпаведнасць таксама артыкулы 58 і 59 КК.
Артыкул 360 КК дапаўняецца заўвагай, якая дапускае вызваленне асобы ад крымінальнай адказнасці за падрыхтоўчыя дзеянні да дыверсіі ў выпадку яе прадухілення.
Таксама ў КК уносіцца дапаўненне ў мэтах устанаўлення адказнасці за распаўсюджванне заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, ваенізаваныя арганізацыі Беларусі.
Акрамя таго, прапануецца ўстанавіць памер штрафу за антыдзяржаўныя злачынствы ў межах ад 500 да 50 тыс. базавых велічынь.
Праектам закона Крымінальны кодэкс дапаўняецца артыкулам 289-1 «Прапаганда тэрарызму». Таксама прапануецца дапоўніць КК артыкулам 375-2 «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў».
Змяненні ў частку 4 артыкула 108 КПК, прапануемыя праектам закона, прадугледжваюць магчымасць затрымліваць асоб па артыкулах 356-358-1 КК на тэрмін да 10 сутак, а абвінавачанне прад’яўляць у тэрмін да 20 сутак з моманту затрымання. Гэта выклікана тым, што часта па гэтых складах злачынстваў акрамя працэсуальнага замацавання доказаў на пачатковай стадыі актыўна праводзяцца аператыўна-следчыя камбінацыі, на правядзенне якіх 72 гадзін затрымання бывае недастаткова.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/deputaty-prinjali-v-pervom-chtenii-zakonoproekt-po-voprosam-ugolovnoj-otvetstvennosti-538814-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[3] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-adkaznasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0