Пра лёс Ільі Міхальчанкі можна смела здымаць фільм. Для мяне ён быў бы ў першую чаргу пра любоў, самаадданасць, мужчынскую адказнасць і сілу духу. Ільі было 31, калі ў яго жыцці здарылася бяда — памерла жонка Святлана. Мужчына застаўся адзін з двума сынамі на руках. Малодшаму, Захару, на той момант споўнілася ўсяго паўтара гадкі... Першы час ён нават зрэдку называў тату мамай.
— Неўзабаве пасля нараджэння Захара Святлане паставілі страшны дыягназ: бакавы аміятрафічны склероз. У свеце вядомы толькі два чалавекі, якія з гэтай рэдкай хваробай пражылі дастаткова доўга. Адзін з іх — славуты фізік Стывен Хокінг. Прагноз быў бязлітасны, але я да апошняга спадзяваўся на лепшае. Па ўдакладненне дыягназу мы са Светай паляцелі ў Ізраіль, выдаткаваўшы на гэта ўсе свае зберажэнні. Медыкі і там развялі рукамі: «На жаль, з гэтым нічога нельга зрабіць». Але гэта быў шанц, і мы зусім без шкадавання яго выкарысталі.
Хвароба прагрэсіравала вельмі хутка. Літаральна праз паўгода жонка апынулася ў інваліднай калясцы. У Светы развіваўся параліч, які паступова адбіраў у яе магчымасць хадзіць, гаварыць, глытаць, дыхаць...
У мяне не было часу на перажыванні. На маіх руках аказаліся два чалавекі — маленькі і вялікі, якім патрэбны быў пастаянны догляд: пакарміць, памыць, пераапрануць. Света, пасля таго як выпісалася з раддома, баялася нават браць немаўля на рукі, каб не выпусціць. Прычым пакарміць Свету было значна складаней, чым Захарку. Націскаў рукой на грудную клетку і ў такт даваў лыжачку супу, каб яна магла яго праглынуць. Паралельна таму, як Захар падрастаў, мацнеў, сам мог нешта зрабіць, Свеце патрабавалася ўсё больш і больш догляду. Гэтыя паўтара года былі вельмі складаныя для мяне. У самыя цяжкія моманты плячо падстаўлялі мае бацькі.
Калі жонку паклалі ў паліятыўнае аддзяленне, я не раздумваючы лёг туды разам з ёй. Дактары шчыра здзівіліся, думалі, што я яе брат. Света, можа, таму мяне і выбрала, што адчувала за мной нейкую сілу, якой нават я сам не ўсведамляў. Я ж проста рабіў тое, што мусіў, для мяне гэта было само сабой зразумела. Напэўна, нехта б паступіў інакш... Але кожны дзень чалавек робіць выбар, а потым з гэтым выбарам жыве ўсё астатняе жыццё.
Я назіраў і прыйшоў да высновы, што дзяцей больш траўміруе не сама падзея, а рэакцыя на яе дарослых. Менавіта таму я стараюся на ўсё рэагаваць стрымана. Калі Захар маму практычна не памятае, то Цімафею было 6 гадоў, калі яна захварэла. Смерць была не раптоўнай. За паўтара года хваробы мы пражылі ўсе стадыі: ад адмаўлення да прыняцця. Усе, у тым ліку і сама Света, разумелі, да чаго гэта ідзе.
Света перажывала, што Захар не будзе яе памятаць. Але ў нас дома ёсць яе фотаздымкі. На восеньскіх канікулах я ездзіў па рабоце ў Салігорск, адкуль родам жонка, і ўзяў з сабой дзяцей. Мы пагулялі па горадзе, я паказаў ім дом, дзе вырасла іх мама. Часам мне здаецца, як быццам нічога не здарылася. І Света проста з'ехала ў камандзіроўку. Такое своеасаблівае адчуванне яе прысутнасці. Мяне непакоіць, што дзеці не бачаць прыкладу здаровых узаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай. Але спецыяльна шукаць вялікае каханне я не хачу.
Сумяшчаць ролі мамы і таты — яшчэ тая задача. Спраўляцца дапамагаюць дзядуля з бабуляй (Ілья з сынамі жывуць разам з яго бацькамі ў прыватным доме ў вёсцы пад Мінскам. — Аўт.) ды і самі дзеці. Цімафей увогуле самастойны. І ў хаце прыбрацца можа, і паесці прыгатаваць.
Бяда сучасных дзяцей — што яны непрыстасаваныя да жыцця. Нічога не ўмеюць рабіць рукамі. Мой Захар у тры гады ўжо сам мыў посуд. У чатыры мог прыгатаваць салату, бліны. Замяшае цеста і крычыць: «Тата, запалі мне газ, буду пячы!» І тут пытанне не ў тым, што я яго чамусьці спецыяльна вучыў. Дзеці не ўмеюць не таму, што іх ніхто не навучыў, а таму, што ім ніхто не дазволіў гэта рабіць. У той момант, калі ў малечы быў творчы парыў, яму хацелася штосьці самому зрабіць, яго спынілі. Бо гэта бардак, гара мукі па кухні. Часу і так няма. Трэба бегчы туды-сюды. А яшчэ і фотачкі паспець запосціць у «Інстаграм». Бацькі часта забываюцца: каб навучыцца, трэба спярша сапсаваць. А я дазваляю псаваць.
Тэлефон у сучасных рэаліях — зручная «нянька», прычым самая горшая, якую толькі можна прыдумаць. Бацькі перакладаюць на яго адказнасць, не разумеючы, да чаго гэта можа прывесці. Бо для таго, каб мозг сфарміраваўся гарманічна і дзіця было развіта духоўна і фізічна, трэба шмат рухацца і мацаць усё рукамі. Тэлефон жа і планшэт зводзяць увесь наш складаны свет да ўзроўню двухмерных мадэляў на экране. Можна перакінуць на гэту «няньку» дзяцей і вырашаць свае справы. Але я такім прыёмам не карыстаюся. Прапаную хлопцам больш вясёлае і карыснае баўленне часу. Калі Цімафею было 5 гадоў, я сабраў для яго невялікі матацыкл. Калі ён ламаецца, рамантуем разам. Ездзім сям'ёй на рыбалку (Цімафей да фанатызму любіць вудзіць рыбу) з начоўкай, ставім палатку, разводзім вогнішча, гатуем на агні.
Больш за ўсё мяне вымотвае шматзадачнасць. Гэта жанчына можа адначасова гатаваць ежу, развешваць бялізну і размаўляць з мамай па тэлефоне. Мужчына ж у стане рабіць штосьці адно. Гэта закладзена эвалюцыйна. Таму часам лаўлю сябе на думцы: дзень прайшоў, здаецца, нічога істотнага не зрабіў, а стаміўся — быццам вагоны разгружаў. Самае складанае ў доглядзе дзяцей для мяне — банальнае мыццё. Дзякуй богу, мы жывём у сучасным свеце, дзе ёсць пральная машына. Але потым жа трэба ўсе тыя дзіцячыя рэчы развесіць, рассартаваць і раскласці па паліцах. А зранку яшчэ падабраць, што надзець... Калі шчыра, у мяне ад гэтага ўскіпае мозг, не разумею, навошта патрэбна столькі адзення.
Месцамі я «мамка» больш мяккая, чым некаторыя жанчыны. Не раз назіраў на дзіцячых пляцоўках, як маці істэрычна рэагуюць, калі дзеці паводзяць сябе не так, як ім хацелася б. Куды ні кінь — пастаянны псіхалагічны гвалт. Не разумею, навошта ладзіць істэрыкі, напрыклад, з-за пралітага на абрус супу. Гэта ж такая дробязь! А дзіця вырасце і любую, нават самую нязначную, няўдачу будзе прымаць блізка да сэрца.
Люблю чытаць, у тым ліку кнігі па выхаванні. Калі пачаў цікавіцца псіхалогіяй, стаў заўважаць дэструктыўныя мадэлі паводзін дарослых. Напрыклад, з савецкіх часоў усіх дзяцей пужалі ўколамі. А пасля здзіўляюцца, што 40-гадовыя мужыкі не ходзяць да ўрача. Як правіла, трапляюць у бальніцу ўжо ў крытычным стане. Бывае, скажаш што-небудзь дзецям, а потым сядзіш і думаеш: «Лепш бы прамаўчаў». Бо ўсё, што ты сказаў ім у дзяцінстве, так ці інакш уплывае на іх будучыню.
Страх пакарання для дзіцяці часта большы за страх смерці. Малеча памятае, як бацькі рэагавалі на нейкую яго правіннасць у мінулым, і не хоча паўтарэння гэтай сітуацыі. Колькі выпадкаў, калі падчас пажару, замест таго каб уцячы з хаты і папрасіць дапамогі, дзеці хаваюцца пад ложкам і гінуць. Ведаю гісторыю, калі хлопчык ехаў на веласіпедзе, зваліўся і ўдарыўся жыватом аб руль. Прыйшоў дадому і, нічога не сказаўшы бацькам, лёг спаць. Раніцай прачнуўся — увесь распух ад таго, што пайшло заражэнне. Аказваецца, ад удару ў яго пашкодзіўся кішэчнік. Ён баяўся ва ўсім прызнацца бацькам, бо ведаў, што яму за гэта ўляціць... Месяц таму мой Захар разам з суседскімі дзецьмі будаваў шалаш і напароўся каленам на разбітую бутэльку. Прыбег і кажа: «Тата, я парэзаў нагу, у мяне кроў нават у чаравіку ўжо». Гэта дарагога варта, што ён пабег хутчэй дадому, каб звярнуцца па дапамогу.
Калі бачу, што хлопцы кудысьці лезуць, але іх жыццю і здароўю нічога не пагражае, не ўмешваюся. Даю магчымасць ім памыляцца, набіваць гузы, пакуль малыя. Потым, калі падрастуць, ужо будуць ведаць, што не ва ўсе месцы варта лезці. Захар, калі яму было чатыры гады, захацеў навучыцца абіраць бульбу. Я не забараняў, хоць разумеў, што ён можа парэзаць палец. І гэта здаралася. І не раз. Затое цяпер ён ведае, што сам нясе адказнасць за наступствы сваіх дзеянняў.
Падлеткі часта атрымліваюць траўмы менавіта з-за гіперапекі бацькоў. Туды не лезь, тое не чапай. З аднаго боку, бацькі аберагаюць сваіх дзяцей. З іншага — не даюць магчымасці атрымаць бясцэнны досвед, навучыцца ўсведамляць небяспеку і правільна ацэньваць сітуацыю. Цімафей з пяці гадоў катаецца на матацыкле. І сёння яго не прымусіш прамчацца на максімальнай хуткасці, таму што ён дакладна ведае: падаць вельмі балюча. Калі дзеці не атрымліваюць досвед узаемадзеяння з небяспекай і ў іх няма страху ні перад падзеннем, ні перад хуткасцю, то ў падлеткавым узросце пачынаюцца непрыемныя гісторыі. Яны лезуць на дахі закінутых будынкаў, ганяюць без тармазоў, не разумеючы, якія могуць быць наступствы. Траўму ж дзіця можа атрымаць і на роўным месцы. Па лесвіцы спускаешся — ужо небяспечна: калі неадэкватна будзеш паводзіць сябе — можаш зваліцца.
Важна навучыць дзяцей браць на сябе адказнасць за свае ўчынкі. Быў момант, калі Цімафей, замест таго каб рабіць дамашняе заданне, катаўся на веласіпедзе. А потым спрабаваў перакласці на мяне адказнасць за сваю «двойку»: маўляў, гэта ты вінаваты, бо не прымусіў мяне зрабіць урокі! Кажу: гэта толькі твая адказнасць, я ўжо сваё адвучыўся. Патрэбна дапамога — спытай, а стаяць над табой і прымушаць не збіраюся! Мне важна, каб ён сам, без прымусу, хацеў штосьці даведацца, чамусьці навучыцца. Ацэнкі ж — справа другарадная. Пасля той размовы пытанне з урокамі знялося. Цяпер ён сам шукае баланс паміж выкананнем дамашніх заданняў і адпачынкам. І паказвае прыклад малодшаму брату.
Стараюся выхоўваць сыноў так, каб яны не страцілі сувязь з сабой. Каб чулі сябе, свае жаданні. Каб не было такога, што да 30 гадоў перагарэлі і не разумеюць, што хочуць ад жыцця. Не задаваліся пытаннямі: «Навошта вучыліся ў інстытуце, дзе было нецікава, а цяпер працуем на рабоце, якая нам не падабаецца?» Важна даваць магчымасць выбару, спрабаваць штосьці новае, памыляцца. І не заглушаць іх сапраўдныя жаданні сваімі неапраўданымі чаканнямі.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Лізаветы ГОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/tata-adzinochka
[5] https://zviazda.by/be/tags/ilya-mihalchanka
[6] https://zviazda.by/be/tags/samaaddanasc
[7] https://zviazda.by/be/tags/lyubou
[8] https://zviazda.by/be/tags/sila-duhu