Кожны год у Беларусі раскрываюць ад паўтары да дзвюх тысяч карупцыйных злачынстваў. Такую лічбу назваў Ігар Грэйба, начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры, падчас прэс-канферэнцыі ў «Доме прэсы».
Ігар Грэйба ўдакладніў, што удзельная вага карупцыйных злачынстваў у агульнай структуры злачыннасці ў сярэднім складае каля 2 %.Але калі параўноўваць сітуацыю гэтага года з мінулым, то колькасць такіх злачынстваў на 35 % больш. Пры гэтым прадстаўнік Генпракуратуры падкрэсліў: гаворка не ідзе пра тое, быццам краіну накрыла хваля карупцыі — проста выяўляць такія дзеянні сталі больш актыўней.
— Органамі пракуратуры ў мінулым перыядзе 2022 года па выніках 750 праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ўнесена 1920 актаў нагляду, узбуджана 72 крымінальныя справы, да адказнасці прыцягнута 2 542 службовыя і юрыдычныя асобы, — падзяліўся статыстыкай начальнік упраўлення.
Для параўнання за 2021 год адзначаўся істотны спад карупцыйных спраў: было зарэгістравана 1 064 карупцыйных злачынстваў (у 2020-м — 1 806). Аднак толькі 640 асобаў было асуджана за ўчыненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці — на 6,4 % менш, чым у 2020 годзе (684 асобы).
Паводле слоў Ігара Грэйба, больш за ўсё карупцыянераў дзейнічае ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, гандлю і адукацыі.
— Шкода ад карупцыйных злачынстваў склала 19 мільёнаў рублёў, «жывымі» грашыма яе пакрылі на 48,2 %. Пры гэтым, кошт маёмасці, на якую накладзены арышт, дазволіць забяспечыць яе поўнае пакрыццё, — адзначыў прадставіць пракуратуры.
Дарэчы, зараз праходзіць суд над экс-міністрам лясной гаспадаркі Віталём Дрожжай, які быў затрыманы ў красавіку гэтага года. Па дадзеных следства, ён атрымаў хабар у памеры 30 тысяч долараў ад прадстаўніка замежнага акцыянернага таварыства. Гаворка ішла аб набыцці ў інвестара сушыльных комплексаў, поўнай і своечасовай аплаце.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/karupcyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryminal
[5] https://zviazda.by/be/tags/statystyka