Камандзіроўка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на Блізкі Усход і поўдзень Афрыкі завершана, паведамляе [1] БелТА.
У аэрапорце Абу-Дабі кіраўніка дзяржавы праводзіў віцэ-прэм’ер, міністр унутраных спраў Шэйх Сейф Бен Заід аль-Нахаян.
Як паведамлялася, падчас візіту ў ААЭ Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам гэтай краіны шэйхам Мухамедам Бен Заідам аль-Нахаянам. Лідары дамовіліся аб супрацоўніцтве па больш чым дзясятку напрамкаў: у сферы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Акцэнт зроблены і на гуманітарную сферу. Згодна з дамоўленасцямі, у бліжэйшы час у Беларусь прыбудзе вялікая дэлегацыя спецыялістаў, якія на месцы адпрацуюць канкрэтныя пытанні па пазначаных напрамках узаемадзеяння.
Да гэтага Прэзідэнт наведаў з дзяржаўным візітам Зімбабвэ на поўдні Афрыкі, дзе правёў перамовы з лідарам гэтай краіны Эмерсанам Мнангагвай. Падпісаны шэраг важных двухбаковых дамоўленасцяў, у тым ліку па выніках беларуска-зімбабвійскага бізнес-форуму, які прайшоў у сталічным Харарэ. Кіраўнікі дзяржаў прынялі ўдзел у цырымоніі перадачы беларускай тэхнікі мясцовым аграрыям і далі старт рэалізацыі чарговага этапу праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ. «Без Афрыкі не можа быць перспектывы ў свеце наогул. Тут рэсурсы, тут людзі з кожным годам становяцца ўсё больш адукаванымі, сюды ідуць найноўшыя тэхналогіі. Без Афрыкі свет развівацца не можа, — заявіў беларускі лідар. — Без яе не можа быць ніякага планетарнага развіцця. Таму тут усё моцныя гэтага свету: і ЗША, і Кітай, і Расiя, і Вялікабрытанія, увесь Еўрапейскі саюз і гэтак далей. Будучыня за Афрыкай».
«Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць такая краіна — Беларусь, якая заўсёды гатовая падставіць вам плячо ў любой сітуацыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вынікі гэтага візіту пакладзем на шалі вагаў свету і прагрэсу».
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/president/view/komandirovka-lukashenko-na-blizhnij-vostok-i-jug-afriki-zavershena-548359-2023/
[2] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/blizki-ushod
[5] https://zviazda.by/be/tags/afryka