У Брэсце 10-14 лютага пройдзе Winter Cup — 2023 сярод мужчынскіх каманд па футболе, паведаміў [1] БелТА першы намеснік дырэктара футбольнага клуба «Дынама-Брэст» Аляксандр Неўдах.
Гэта традыцыйны турнір, які брастаўчане арганізуюць напярэдадні новага сезона. Матчы пройдуць пад купалам крытага футбольнага манежа (вул. Луцкая, 2а). У бягучым годзе разам з гаспадарамі — «Дынама-Брэст» — за перамогу паспрачаюцца яшчэ тры каманды з вышэйшай лігі.
«Для балельшчыкаў будзе першая магчымасць убачыць абноўленую каманду „Дынама-Брэст“. Гасцямі турніру сталі футбольны клуб „Слуцк“, які цяпер знаходзіцца на вучэбна-трэніровачным зборы ў Брэсце і трэніруецца на нашай базе, а таксама гродзенскі „Нёман“ і наваполацкі „Нафтан“, які выйшаў у вышэйшую лігу», — расказаў Аляксандр Неўдах.
Каманды згуляюць па кругавой сістэме. Перамогу атрымае дружына, на чыім рахунку будзе больш пераможных ачкоў. Матчы будуць праходзіць 10, 12 і 14 лютага. Балельшчыкі змогуць убачыць па дзве гульні ў дзень. Так, першымі на газон выйдуць ігракі «Дынама» і «Слуцка» (пачатак у 12.00). Другую пару складуць «Нёман» і «Нафтан» (14.45). У другі дзень турніру сапернікам брастаўчан стане каманда з Наваполацка (12.00), затым сустрэнуцца «Слуцк» і «Нёман» (14.30). У заключны дзень мацнейшага вызначаць «Нафтан» і «Слуцк» (12.00), пасля іх гаспадары пляцоўкі згуляюць з «Нёманам».
«Склад „Дынама-Брэст“ істотна змяніўся. На сённяшні дзень ён новы на 60 працэнтаў. Плюс яшчэ ў нас ёсць футбалісты на праглядзе. Думаю, канкрэтыка па іграках можа быць пасля Winter Cup», — выказаў меркаванне першы намеснік дырэктара ФК «Дынама-Брэст».
Дарэчы, назва зімовага турніру ў Брэсце звязана з футбольнымі балельшчыкамі. Гэтыя спаборніцтвы ў першыя гады праводзілі на полі пад адкрытым небам. Напярэдадні аднаго з матчаў у горадзе выпала шмат снегу. Мясцовыя паклоннікі не засталіся ўбаку і дапамаглі падрыхтаваць стадыён да гульняў.
Новы футбольны сезон пачынаецца ў сярэдзіне сакавіка. Да гэтага часу брастаўчане правядуць яшчэ адзін вучэбна-трэніровачны збор. У каманды запланаваны таксама некалькі таварыскіх матчаў.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/sport/view/chetyre-komandy-srazjatsja-v-breste-na-turnire-po-futbolu-winter-cup-548956-2023/
[2] https://zviazda.by/be/tags/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/dynama-brest-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/futbol
[5] https://zviazda.by/be/tags/winter-cup-2023