У апошні месяц зімы амаль на шэсць працэнтаў знізіўся сярэднясутачны рэйтынг тэлебачання ў параўнанні са студзенем. На два працэнты сціснуўся сярэднясутачны ахоп аўдыторыі, амаль на шэсць працэнтаў сярэднясутачны час глядзення ТБ сярод насельніцтва.
Максімальны аб’ём аўдыторыі па-ранейшаму рэгістраваўся з 17.30 да 23 і ў выхадныя дні, і ў будныя. Па суботах і нядзелях глядацкая актыўнасць у параўнанні з іншымі днямі была вышэй пасля 8.30 і да канца дня, ніжэй на досвітку. Традыцыйна доля жанчын сярод тэлегледачоў большая, чым доля мужчын. Змяненні колькасці тэлегледачоў ва ўзроставых групах былі нязначнымі.
Не змяніўся і топ-пяць запатрабаваных жанраў: кіно, забаўляльныя праграмы, навіны, пазнавальныя праграмы, музыка. Па-ранейшаму попыт на фільмы і сацыяльна-палітычныя праграмы перавышаў прапанову, да гэтага пераліку дабавіўся спорт, а вось з навінамі адбылася адваротная карціна прапанова на іх у лютым перавысіла запыт.
У тэлеканалаў МІР і СТБ трошкі падрос сярэднясутачны рэйтынг, павялічылася сярэднясутачная доля (тое ж у «НТБ-Беларусь») і павялічыўся сярэдні час глядзення сярод гледачоў. Апошні паказчык яшчэ лепшы ў БелМузТБ.
Топ-15 праграм узначаліў эфір «Прывітанне, Андрэй!» з акцёрамі серыяла «Скліфасоўскі» ад 11 лютага, за ім «Песні ад усёй душы» ад 5 лютага і «Весткі тыдня» ад 19-га. Усе названыя перадачы належаць «РТР-Беларусь». На чацвёртай пазіцыі «Поле цудаў» АНТ ад 10 лютага, на пятай і шостай «Вынікі тыдня з Ірадай Зейналавай» (5.02) і «Цэнтральнае тэлебачанне» (11.02) «НТБ-Беларусь».
На тэлеканале «Беларусь 1» самай рэйтынгавай перадачай за ўвесь месяц стала тэлеверсія інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускім і замежным СМІ, якая была паказана ўвечары 18 лютага. На тэлеканале МІР у лідарах нядзельны вечаровы паказ серыяла «Спакуса» 19 лютага.
Даныя справаздачы па тэлеглядзенні дала кампанія «МедыяВымяральнік».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/lyuty
[4] https://zviazda.by/be/tags/telebachenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/medyyavymyaralnik