Мір — гэта не бяздзейнасць і сузіранне, гэта найцяжэйшая праца, заявіў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі на Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час. Некніжны свет», які праходзіць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, перадае [1] БелТА.
«Думаю, ніхто ў нас не стане спрачацца, што сёння галоўнай мэтай канструктыўнай часткі грамадства, творчых людзей, прадстаўнікоў дзяржаўных структур з’яўляецца стварэнне і забеспячэнне ўмоў для мірнага жыцця. Спрэчкі з гэтай нагоды, напэўна, не будзе», — сказаў Ігар Бузоўскі.
Разам з гэтым ён заўважыў, што «нам самім трэба вызначыцца з паняццямі, што такое мір і стварэнне». Паводле яго, мір — гэта не бяздзейнасць і сузіранне, гэта найцяжэйшая праца. «Яго неабходна адстойваць усімі сіламі і сродкамі. Сваё права на жыццё і ўяўленне пра мір ёсць у кожнага народа. У яго аснове — перажытыя радасці перамог і горыч паражэнняў», — упэўнены намеснік міністра.
Ён заўважыў, што за права на жыццё даводзіцца змагацца ў найжорсткіх войнах ідэй і жыццёвых сэнсаў, а часам, як бы гэта страшна ні гучала, у далёка не творчых акопах.
У адным з праектаў, якія прэзентуюцца падчас Мінскай кніжнай выставы-кірмашу, будзе прадстаўлена падборка кніг, прысвечаных такой каштоўнасці, як мір. Там сабраны, як мяркуецца, найбольш яркія творы, закліканыя раскрыць паняцце «мір». Арганізатары разлічваюць, што чытачам-сучаснікам гэты праект будзе цікавы.
«Тэма не з’яўляецца новай для нашага пакалення. Над ёй на працягу стагоддзяў разважалі лепшыя пісьменніцкія розумы, разглядаючы яе розныя грані. Напрыклад, у рамане Льва Талстога «Вайна і мір», калі Андрэю Балконскаму задалі пытанне, навошта ісці на вайну, ён адказаў: «Для чаго, я не ведаю. Так трэба». Антуан дэ Сэнт-Экзюперы ў сваёй кнізе «Планета людзей» пісаў: «Цяпер я здагадваўся, што сэнс бачнага свету спасцігаеш толькі праз культуру, праз веданне і сваё рамяство».
«Пошук сэнсаў, барацьба за спрадвечныя каштоўнасці, гатоўнасць адстойваць іх заўсёды хвалявалі розумы пісьменнікаў і людзей у розных краінах, у розных сферах інтэлектуальнага жыцця грамадства. І сёння гэтая тэма застаецца па-ранейшаму актуальнай. Мы ў чарговы раз падкрэсліваем: роля кнігі, роля пісьменнікаў і людзей, якія закліканы фарміраваць грамадскую свядомасць, цяпер як ніколі мае каласальнае значэнне. Нават, смею дапусціць, у дылеме: быць нам сёння ці не быць», — адзначыў Ігар Бузоўскі.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/buzovskij-mir-ne-bezdejstvie-i-sozertsanie-eto-tjazhelejshij-trud-556690-2023/
[2] https://zviazda.by/be/tags/igar-buzouski
[3] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodny-simpozium-litaratarau-pismennik-i-chas-neknizhny-svet
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura