Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дапамагло забяспечыць рэкордны тавараабарот з Расійскай Федэрацыяй. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Маскве, паведамляе [1] БелТА.
Беларускі бок з усёй адказнасцю падышоў да выканання мерапрыемстваў саюзных праграм, адзначыў Раман Галоўчанка. «У рамках сумеснай работы выканана практычна 75 працэнтаў ад агульнай колькасці задач і цалкам рэалізавана 8 праграм, — расказаў ён. — Пакет інтэграцыйных дакументаў, прыняты ў 2021 годзе, быў своечасовым, і ўсе ў гэтым пераканаліся ўжо. Яшчэ застаюцца не да канца вырашаныя пытанні, але мы знаходзім выхад, выкарыстоўваючы пры гэтым усе існуючыя інструменты. З даты апошняга пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы прайшло больш за год, але, нягледзячы на гэта, узаемадзеянне ажыццяўлялася на высокім арганізацыйным узроўні».
У мінулым годзе былі прыняты 42 пастановы, 3 рэзалюцыі і адна дырэктыва, расказаў прэм’ер-міністр. «Сярод іх — рашэнне, накіраванае на дэбюракратызацыю парадку прыняцця праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы, зняцце абмежаванняў на сферы рэалізацыі гэтых праектаў, якія фінансуюцца з саюзнага бюджэту, што дало магчымасць павысіць эфектыўнасць усіх напрамкаў супрацоўніцтва. Паскораны рытм двухбаковай работы задаюць і лідары нашых краін, якія маюць вельмі насычаны і шчыльны графік узаемных кантактаў. Вынік такой сістэмнай і мэтанакіраванай работы больш чым відавочны. Лічбы рэкорднага тавараабароту адлюстроўваюць нашы сумесныя намаганні», — дадаў кіраўнік беларускага ўрада.
Важную ролю ў гэтым адыграла і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, падкрэсліў ён. «У 2022 годзе Беларусь наведала больш за сто дэлегацый рознага ўзроўню суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Адбылася прыкладна такая ж колькасць візітаў беларускіх дэлегацый у расійскія рэгіёны», — сказаў Раман Галоўчанка.
Ён таксама адзначыў, што стараецца наведваць расійскія рэгіёны як мага часцей і запрасіў прэм’ер-міністра Расійскай Федэрацыі Міхаіла Мішусціна чарговы раз наведаць Беларусь.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/golovchenko-mezhregionalnoe-sotrudnichestvo-pomoglo-obespechit-rekordnyj-tovarooborot-s-rf-557673-2023/
[2] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[3] https://zviazda.by/be/tags/maskva
[4] https://zviazda.by/be/tags/sayuznaya-dzyarzhava