Навукоўцам Беларусі і Расіі трэба працаваць разам для забеспячэння тэхналагічнай незалежнасці краін. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў у кулуарах кангрэса маладых навукоўцаў Беларусі і Расіі, паведамляе [2] БелТА.
«Сёння ўнікальная падзея, не толькі таму, што мы збіраемся напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, але і таму, што многія маладыя вучоныя, якія яшчэ ўчора працавалі ў рамках сваіх лабараторый, навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў, сёння разам звяраюць планы і высякаюць ідэі дзеля рэальных сектараў эканомікі, эканамічнай інтэграцыі і тэхналагічнай незалежнасці і высокай канкурэнтаздольнасці нашых дзяржаў», — сказаў Дзмітрый Мезенцаў.
Ён звярнуў увагу на тое, што супрацоўніцтва дзвюх краін стымулюе не націск Захаду, а Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, падпісаны больш як 20 гадоў таму. «І рашэнне кіраўнікоў дзяржаў аб прыняцці 28 саюзных праграм было прынята ў лістападзе 2021 года, да гэтага шалёнага санкцыйнага націску. Гэта фундамент нашага развіцця», — падкрэсліў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.
Ён зрабіў акцэнт на тым, што супрацоўніцтва вучоных Беларусі і Расіі сёння вельмі шырока развіта, у тым ліку ў фармацэўтыцы, высокіх тэхналогіях, космасе, аграсектары, гуманітарных навуках. І гэта з’яўляецца асновай для далейшага развіцця тэхналогій.
Рашэнне аб правядзенні кангрэса маладых вучоных было прынята прэзідэнтамі Беларусі і РФ у снежні 2022 года. Ён прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.
У кангрэсе прымаюць удзел маладыя даследчыкі навуковых арганізацый, вышэйшых навучальных устаноў дзвюх краін. Ад РФ — прадстаўнікі Нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут», а таксама Расійскай акадэміі навук, у тым ліку Санкт-Пецярбургскага навуковага цэнтра, Сібірскага і Далёкаўсходняга аддзяленняў.
29 сакавіка праходзіць пленарнае пасяджэнне на тэму «Маладыя вучоныя: задачы і напрамкі ўзаемадзеяння для стварэння адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Беларусі і Расіі». Там абмяркоўваюцца прыярытэтныя напрамкі развіцця міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва маладых вучоных дзвюх краін.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/society/view/mezentsev-uchenym-belarusi-i-rossii-nuzhno-rabotat-soobscha-dlja-obespechenija-tehnologicheskoj-558029-2023/
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mezencau
[4] https://zviazda.by/be/tags/sayuznaya-dzyarzhava
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/navuka